“Мець адносіны, гутаркі, спрэчкі з таленавітымі людзьмі — гэта вялікае шчасце…”

- 14:44Рознае, Суразмоўца
Гэтымі каляднымі днямі ёсць добрая нагода адарвацца ад “сытых” халадзільнікаў і блакітных экранаў ды ўспомніць пра хлеб духоўны ці, кажучы словамі Багдановіча, чыстую красу і васількі на полі. Перад самым Новым годам у сталічнай галерэі “Універсітэт культуры” па традыцыі адкрылася Рэспубліканская мастацкая выстава твораў лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, Інстытут культуры Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
Як падкрэсліваюць куратары з пералічаных вышэй суб’ектаў, выстава з’яўляецца, з аднаго боку, справаздачнай творчай акцыяй, дзякуючы якой таленавітая моладзь нашай краіны прадстаўляе вынікі сваёй работы за мінулы год, а з другога — своеасаблівай пластычнай панарамай мастацтва маладых, дэманстрацыяй іх шматгранных магчымасцей у галіне мастацтва. Тут насамрэч камфортна цікаўнаму воку і гатовай да спажывання прыгожага душы. Многія творы ўдзельнікаў выставы — студэнтаў, магістрантаў, маладых педагогаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава і Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў — памяталіся і па іншых значных выставах, але ўражвалі не менш.
Між тым, як і мінулыя разы (ды не ў крыўду іншым установам адукацыі гэта будзе сказана!), рэй у нашым маладым мастацтве вядуць усё-такі прадстаўнікі Акадэміі мастацтваў, дакладней, яе мастацкага факультэта, які летась адзначыў сваё 60-годдзе. Наведаўшы выставу, наш карэспандэнт сустрэўся з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдатам мастацтвазнаўства, дацэнтам, мастаком і мастацкім крытыкам Міхаілам Рыгоравічам Баразной, каб задаць яму некалькі як “юбілейных”, так і “неюбілейных” пытанняў.

— Міхаіл Рыгоравіч, калі паспрабаваць адкруціць стужку гісторыі на 60 гадоў назад і вярнуцца туды, у 1953 год, якія самыя прыярытэтныя задачы стаялі перад заснавальнікамі мастацкага факультэта?
— Як вынікае з аналізу архіўных матэрыялаў, звязаных з гісторыяй мастацкага факультэта, я думаю, у яго заснавальнікаў найперш стаялі задачы стварэння новай мастацкай школы ў Беларусі. Беларусь як рэспубліка ў складзе Савецкага Саюза не мела навучальнай установы, якая б рыхтавала спецыялістаў у галіне выяўленчага мастацтва з вышэйшай адукацыяй. Большасць рэспублік ужо мелі такую сістэму, а ў Беларусі гэтага не было. Хаця нельга сказаць, што ў Беларусі зусім не было мастацкай адукацыі ў папярэднія часы, або тое, што гэтая адукацыя не мела б значных дасягненняў. Мы ведаем, што карані нашай мастацкай адукацыі ідуць яшчэ з Віленскага ўніверсітэта. Успомніць хоць бы таго ж Валенція Ваньковіча — аднаго з самых выдатных выпускнікоў Віленскага ўніверсітэта, які завяршаў сваю адукацыю ў Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Тут жа прыгадваецца і віленская рысавальная школа вядомага расійскага жывапісца Івана Трутнева, у якога вучыўся на пачатку ХХ стагоддзя Язэп Драздовіч. Нельга, безумоўна, не згадаць і віцебскую школу — мастацка-практычны інстытут, створаны ў 1919 годзе, і мастацкі тэхнікум, дзе вучылася значная колькасць асоб, якія сталі ў пасляваенны перыяд гонарам беларускага мастацтва і лідарамі мастацкага працэсу. Многія з іх пасля тэхнікума атрымалі мастацкую адукацыю на вышэйшым ўзроўні. І ў прынцыпе гэтыя людзі шмат у чым фарміравалі новую акадэмічную традыцыю, напрыклад, той жа Павел Васільевіч Масленікаў, 100 гадоў з дня нараджэння якога мы будзем святкаваць у 2014 годзе. Ён скончыў віцебскі мастацкі тэхнікум, потым вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, быў рэктарам нашай акадэміі, заснавальнікам новых мастацкіх спецыяльнасцей, у прыватнасці, “Мастацтва тэкстылю”… Наогул жа, многія, хто атрымаў адукацыю ў Віцебску, працавалі ў пасляваенны перыяд у Мінскім мастацкім вучылішчы, якое, калі глядзець на тэрмін навучання (4-5 гадоў) па сённяшніх мерках, набліжалася да такога сур’ёзнага вышэйшага каледжа. І ўзровень выпускнікоў Мінскага мастацкага вучылішча першага дзесяцігоддзя быў у многім узорным для ўсёй савецкай краіны. Ну і зразумела, што грамадства сталіцы Беларусі, якая падымалася пасля Другой сусветнай вайны з руін, патрабавала эстэтызацыі жыцця. А для гэтага патрэбны былі кадры з больш высокім статусам, з больш высокай ступенню адукацыі — найперш скульптары. Першым загадчыкам кафедры скульптуры быў Алег Ануфрыевіч Бембель — вядомы мастак станковай і манументальнай скульптуры, з вялікім яшчэ даваенным вопытам (узяць хоць бы Дом урада ці Дом афіцэраў). Карацей, для тагачаснай манументальнай прапаганды патрабаваліся сур’ёзныя кадры…

— Тагачасныя прыярытэты нейкім чынам карэлююцца з сённяшнімі?
— Манументальнае мастацтва і сёння вельмі актуальнае.

— Я запытаў пра гэта не проста так. На інтэрнэт-старонцы мастацкага факультэта мы бачым наступную фармулёўку: “Прыярытэтныя прынцыпы навучання грунтуюцца не толькі на традыцыях нацыянальнай мастацкай школы, але і на сусветнай практыцы развіцця выяўленчага мастацтва”. Вось гэты акцэнт на сусветнай практыцы — яго ж, здаецца, не было яшчэ гадоў пяць назад? Гэты акцэнт з’явіўся ўжо, калі вы сталі рэктарам акадэміі? Ці я памыляюся?
— Перш-наперш, не скажу, што праблемамі сучаснага мастацтва я стаў займацца апошнія тры гады… Наогул, у акадэміі я працую з 1992 года. А з 1996 года на пляцоўцы акадэміі мы ладзілі выставы сучаснага канцэптуальнага мастацтва — выставу “Тэксты”, многія міжнародныя праекты з удзелам мастакоў з Францыі, Германіі, Польшчы, Расіі… Адзінае, што маніфестацыя, сапраўды, адбылася не так даўно. Хоць, паўтаруся, акадэмія камфортна пачувала сябе ў практыцы сучаснага мастацтва ўжо даўно — у дзейнасці галерэі “Шостая лінія” і іншых. Мы ўжо даўно не на задворках самых актуальных мастацкіх працэсаў.

— Ці маглі б нейкім чынам параўнаць пакаленні студэнтаў — напрыклад, 80-х, калі вы самі вучыліся ў акадэміі, 90-х, нулявых і сённяшніх? І па менталітэце, і па спосабе баўлення вольнага часу, і па стаўленні да вучобы, і па нейкіх іншых крытэрыях?
— Тут ёсць шмат чаго агульнага, а з іншага боку, ёсць багата розніцы. Агульнае — тое, што як і раней, так і сёння моладзь імкнецца ў акадэмію. Таму наш сярэдні конкурс пры паступленні, па сутнасці, не падае апошнія гады. На некаторыя спецыяльнасці ён вельмі высокі. Таму што акадэмія — гэта не толькі месца, дзе адбываецца набыццё акадэмічных навыкаў, але і пэўная атмасфера, цэнтр сучаснага мастацтва, дзе адбываюцца дыскусіі. І як мы ў свой час спрачаліся аб каларыстычных эксперыментах у раннім Адраджэнні ці познім барока, аб праблемах авангарда, так і сённяшняя творчая моладзь размаўляе пра тое ж, толькі, можа быць, аперыруе ўжо нейкімі новымі тэрмінамі. Скажам, у мой час мы не карысталіся словам “стрыт-арт”, а цяпер у кожнай аўдыторыі гэта абмяркоўваюць. А што рознага? Рознае тое, што студэнцкая аўдыторыя значна памаладзела. Калі ў мой час першакурснікамі былі не толькі васямнаццацігадовыя, але і людзі, якія мелі ўжо дзяцей і сем’і (і мы не думалі, што гэта калі-небудзь памяняецца!), то сённяшняя рэчаіснасць паказвае, што сярэдні ўзрост студэнта значна памаладзеў, і, зразумела, гэта накладвае адбітак на агульную атмаферу і на педагагічныя прыёмы. А яшчэ змяніўся гендарны расклад студэнтаў — значна паболела дзяўчат, нават на такіх спецыяльнасцях, як “Скульптура”, дзе раней дзяўчаты былі вялікай рэдкасцю.

— З чым, на вашу дуаку, гэта звязана?
— Па-першае, з тым, што, напрыклад, у той жа скульптуры з’явіліся новыя матэрыялы, новыя інструменты, новыя віды каркасаў і г.д. Карацей, падрыхтоўчая работа спрасцілася. А па-другое, трэба прызнаць, што, сапраўды, за апошні час прыгожая частка нашага грамадства стала больш актыўнай.

— І, напэўна, сённяшнія студэнты сталі больш прагматычнымі?
— Тут вельмі цяжка сказаць. Мне здаецца, што мы існуём у такім інфармацыйным грамадстве, якое прымушае нас зрабіць выснову пра тое, што сённяшняя моладзь стала больш рацыянальнай. Але, насамрэч, калі я быў студэнтам, сярод маіх сакурснікаў былі таксама звышпрагматычныя людзі. Ёсць яны і сёння. Іншая справа, што наогул сённяшнія маладыя людзі больш інфармаваныя, чым мы, і таму іх рацыянальныя крокі, магчыма, больш заўважныя, бо яны аперыруюць значна большай колькасцю інфармацыйных сродкаў. З’явілася больш магчымасцей для праяўлення нейкіх ініцыятыў — і камерцыйных, і іншых.

— Міхаіл Рыгоравіч, вы з’яўляецеся старшынёй экспертна-мастацкай камісіі спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Ці можна так сказаць, што гэтыя маладыя таленавітыя людзі, так бы мовіць, трапілі ў пэўную абойму і ў іх дакладна будзе шчаслівы лёс як у мастакоў?
— Гэта ніхто не можа сказаць, таму што мы маем справу з лёсам чалавека, з якім адбываюцца часам розныя рэчы незалежна ад нашага жадання ці нежадання. Гэта можа быць і шчаслівы і нешчаслівы лёс. Таму што гэта чалавек — з усімі яго дасягненнямі, трагедыямі, акалічнасцямі… Канечне, хочацца гэтым людзям дапамагаць і далей, не поста сачыць за іх лёсам, а і менавіта дапамагаць, калі не фінансава, дык нейкімі парадамі. І я думаю, што дзейнасць мастацка-экспертнай камісіі спецфонду заключаецца не толькі ў тым, што мы рэкамендуем, разглядаем пададзеныя матэрыялы з пункта гледжання пэўных крытэрыяў і г.д., але і ў тым, што падчас гэтай работы ствараецца пэўная атмасфера камунікацыі паміж гэтымі людзьмі і экспертамі. І хочацца, каб такая атмафсера — добразычлівая, прафесійная — заставалася як мага даўжэй. Я вам скажу, што эксперт, калі кантактуе з гэтай моладдзю, атрымлівае таксама вельмі багата. З таленавітымі людзьмі мець адносіны, гутаркі, спрэчкі — гэта вялікае шчасце.

— А часта кантактуеце?
— Я ў акадэміі з раніцы і дапазна… (Усміхаецца.) Ёсць, канечне, і гаспадарчыя праблемы, і звязаныя з агульным менеджментам, і іншыя, але работа са студэнтамі — гэта не проста абавязак, але і вялікі гонар.

— Раз вы згадалі пра гаспадарчыя праблемы, не магу не спытаць — як ідзе рамонт галоўнага будынка акадэміі?
— Я спадзяюся, што хутка будынак будзе ўведзены, таму што работы ідуць. Штодня я з задавальненнем чую за акном усемагчымыя будаўнічыя гукі, бачу будаўнікоў… (Смяецца.) Карацей, экватар рамонтных работ даўно ўжо пройдзены. І вы бачыце, што будынак і знешне, калі глядзець з вуліцы Сурганава і праспекта, выглядае прывабна. А ў сярэдзіне ідуць пераважна тынковачныя работы.

— Міхаіл Рыгоравіч, напрыканцы зусім асабістае пытанне. Вы і рэктар, і выкладчык, і навуковец (я быў настолькі ўражаны пералікам вашых публікацый у Вікіпедыі!), і куратар самых розных мастацкіх праектаў… Як вас на ўсё хапае? Падзяліцеся сакрэтам — дзе бераце натхненне і як удаецца яго лавіць пастаянна?
— Па-першае, натхненне я атрымліваю ад Беларусі, а па-другое, ад акадэміі. Яна і ёсць той каталізатар, які памнажае гэтае натхненне. Карацей, сам сабе я не здзіўляюся. Мне нават здаецца, што ў мяне ёсць пэўныя рэзервы для таго, каб зрабіць яшчэ больш. І я не адзін такі. У акадэміі пераважна працуюць такія ж людзі. З рэзервамі. (Усміхаецца.)

— Вялікі дзякуй за гутарку.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.