Мець права на дзяцінства

- 11:53Дашкольная адукацыя

У пачатку чэрвеня Міністэрства юстыцыі падвяло вынікі Рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Права на дзяцінства”, які быў прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей, 30-годдзя Канвенцыі аб правах дзіцяці, а таксама да 100-годдзя з дня стварэння органаў юстыцыі.

Прызёр конкурсу Алена Аўласенка.

Тэма правоў і абароны дзіцяці заўсёды была і будзе актуальнай. Для таго каб дзеці ведалі, што кожнае з іх мае права на абарону і шчаслівае бяспечнае дзяцінства, і быў арганізаваны конкурс.

Відавочна, што яго асноўная мэта — фарміраванне ў малодшага пакалення прававых ведаў, а таксама выхаванне павагі да правоў кожнага, хто знаходзіцца побач. Сёлета раскрыць тэму права на дзяцінства маглі юныя мастакі ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Усяго на конкурс было даслана больш чым 1000 работ, кожная з якіх
па-свойму арыгінальна адлюстроўвае тэму дзяцінства і права на яго.
Удзельнікі конкурсу спаборнічалі ў трох узроставых катэгорыях. У першай (дзеці ад 3 да 6 гадоў) перамагла 6-гадовая Соф’я Корсак з Чачэрска, а прызёрамі ў гэтай намінацыі сталі 5-гадовая Ангеліна Немчанка (Магілёў) і 6-гадовая Алена Аўласенка (Мінск).

У другой узроставай катэгорыі, дзе былі прадстаўлены творы тых, каму ад 7 да 12 гадоў, пераможцай стала 11-гадовая Ксенія Дзікаленка з Мсціслава. Прызёры другой катэгорыі — 7-гадовая Марына Шышонак (в.Ведрыца Чэрвеньскага раёна) і 11-гадовая Лізавета Івінская (Мінск).

Трэцяя ўзроставая катэгорыя (падлеткі 12—18 гадоў) таксама мае сваіх пераможцаў. Так, лепшым быў прызнаны малюнак 15-гадовай Настассі Гурскай (Смілавічы), а прызёрамі сталі 14-гадовая Настасся Гароднікава (Рэчыца) і 15-гадовая Юлія Хасяневіч (Смілавічы).

Акрамя пераможцаў і прызёраў, у кожнай узроставай катэгорыі былі вызначаны аўтары, якія атрымалі спецыяльныя прызы ад ЮНІСЕФ і дыпломы ад часопіса “Юстыцыя Беларусі”. Пасля падвядзення вынікаў конкурсу ўзнагародзіць і павіншаваць юных мастакоў з перамогай выйшлі прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) Рашэд Мустафа Сарвар і міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі.

Падрыхтавала Наталля САХНО.