Мэты рэальныя, задачы выканальныя

Ганцавіцкі раён сярод сельскіх раёнаў у сістэме адукацыі Брэсцкай вобласці займае трывалыя пазіцыі. Яго лепшыя традыцыі — гэта стабільнасць і заўсёды рэальныя і дасягальныя мэты. Як дамагчыся такой раўнавагі, расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама Надзея Уладзіміраўна Здрок.

— Надзея Уладзіміраўна, скажыце некалькі слоў пра адукацыйную сістэму вашага рэгіёна.
— На сённяшні дзень сістэма адукацыі раёна развіваецца стабільна і паспяхова, у адпаведнасці з патрабаваннямі новага часу, калі адукаваны чалавек становіцца найважнейшым рэсурсам і асноўным капіталам сучаснага грамадства. Асноўнай задачай сістэмы адукацыі раёна з’яўляецца фарміраванне свабоднай, творчай, маральнай, інтэлектуальнай і фізічна развітой асобы. І гэта цалкам рэальна і выканальна. Пра гэта сведчаць тыя вынікі, якіх нам удалося дасягнуць. Сёння вучэбная сетка раёна — гэта разнастайнасць відаў і тыпаў навучальных устаноў, зместу і форм арганізацыі адукацыйнага працэсу.

— Сёння ў прыярытэце якасць адукацыі. На ваш погляд, у чым яна заключаецца і што робіцца ў раёне для дасягнення пастаўленых задач?
— Якасць адукацыі можна разглядаць як адпаведнасць вынікаў адукацыі школьнікаў і прагназуемых мэт на аснове патрабаванняў і стандартаў, патрэб і чаканняў дзяцей, педагогаў і бацькоў. У аснове вырашэння пытанняў якасці адукацыі — праектаванне і ўкараненне інавацыйных і педагагічных тэхналогій у адукацыйны працэс. Напрыклад, у гімназіі Ганцавіч з верасня 2014 на ўзроўні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі метадычнай работы па праектаванні эфектыўнага ўрока”.
У мэтах пашырэння і паглыблення ведаў вучняў арганізавана работа 639 факультатыўных заняткаў па прыродазнаўча-матэматычнай, гуманітарнай, грамадазнаўчай, экалагічнай, музычнай, харэаграфічнай, мастацкай, тэатральнай, спартыўнай накіраванасці. Дзеля падрыхтоўкі вучняў да прадметных алімпіяд, а выпускнікоў — да цэнтралiзаванага тэсцiравання выдзелены гадзіны для правядзення міжшкольных факультатываў.
Калі гаварыць пра выніковасць, то неабходна адзначыць, што кожны год сярэдні бал здачы выпускнікамі раёна цэнтралізаванага тэсціравання вышэйшы за абласны паказчык і ў 2014 годзе ён склаў 39,7 бала. У перыяд з 2010 па 2014 год установамі агульнай сярэдняй адукацыі падрыхтаваны 95 медалістаў — усе яны працягнулі навучанне ў вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь. Павялічваецца колькасць дзяцей, якія сталі пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, навукова-практычнай канферэнцыі. Стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сталі 6 нашых навучэнцаў. Радуе нас і той факт, што нашы выпускнікі вяртаюцца ў раён у якасці маладых настаўнікаў. За апошнія 5 гадоў з 61 педагога 49 — ураджэнцы нашага раёна.

— Яшчэ сёння шмат гавораць пра шосты школьны дзень: маўляў, у большасці сваёй праходзіць ён за межамі школы.
— У нашым раёне у шосты школьны дзень праводзіцца вельмі многа розных мерапрыемстваў. Напрыклад, рэалізоўваюцца творчыя праекты “Светабачанне”, “Танцуй правільна! Танцуй прыгожа!”, арганізавана правядзенне выязных дзён Цэнтра творчасці ў сельскіх установах адукацыі, праходзяць культурна-забаўляльныя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы, паходы і экскурсіі. З 2014 года актыўную работу па прапагандзе здаровага ладу жыцця вядуць валанцёры роўнага навучання, развіццю інтэлектуальнага руху сярод навучэнцаў садзейнічае работа клуба “Шанс”.
Новай формай работы сталі бацькоўскія суботы, падчас якіх ва ўстановах адукацыі праводзяцца мерапрыемствы з актыўным удзелам бацькоўскай грамадскасці. У напрамку культурна-пазнавальнай турыстычнай дзейнасці папулярнымі сярод педагогаў і навучэнцаў сталі праграмы з наведваннем устаноў адукацыі і абменам вопыту ў Італіі, Літве, Вялікабрытаніі.
Сярод найбольш значных дасягненняў у бягучым навучальным годзе можна адзначыць перамогі на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” у намінацыі “Лепшы раён вобласці па арганізацыі работы ўстаноў адукацыі ў сферы энергазберажэння” і ў Рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў, а таксама шматлікія перамогі ў творчых абласных і рэспубліканскіх конкурсах.

— Надзея Уладзіміраўна, а што вас хвалюе сёння больш за ўсё?
— На сённяшні дзень для нас адной з праблем з’яўляецца рост злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Нягледзячы на рэгулярную прафілактычную работу і ўкараненне новых форм, паказчык злачыннасці сярод навучэнцаў пераконвае ў іх нізкай эфектыўнасці. Разам з тым у раёне вядуць прапаганду здаровага ладу жыцця валанцёры роўнага навучання, для навучэнцаў, якія стаяць на розных відах уліку, дзейнічае клуб “Скрыжаванне”, традыцыйна праводзяцца раённыя бацькоўскія сходы, рэалізоўваюцца шматпрофільныя акцыі з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў, арганізоўваюцца шматлікія культурна-забаўляльныя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы, творчыя конкурсы.
У перспектыве падчас летняй аздараўленчай кампаніі плануецца арганізацыя раённага палатачнага лагера для навучэнцаў, схільных да дэвіянтных паводзін. Сёння неабходна весці работу па павышэнні адказнасці бацькоў за выхаванне сваіх дзяцей, таму што ніякія сацыяльныя інстытуты не параўнаюцца з уплывам сям’і на фарміраванне асобы дзіцяці.

— А што вам дапамагае эфектыўна кіраваць і заставацца пры гэтым пазітыўным чалавекам?
— У рабоце кіраўніка важна ўмець арганізаваць свой дзень, таму ў мяне шчыльны працоўны графік, распісаны па хвілінах. Актыўная жыццёвая пазіцыя і веданне псіхалогіі дапамагаюць мне мабілізаваць асабісты патэнцыял у сучаснай сістэме адукацыі і выбіраць найбольш эфектыўныя спосабы рэалізацыі запланаваных задач, знаходзіць індывідуальны падыход у зносінах з падначаленымі, вырашаць канфліктныя сітуацыі.

— Паколькі наша з вамі інтэрв’ю праходзіць напярэдадні жаночага свята, то не магу развітацца без віншавання. Што пажадаеце сваім калегам-жанчынам у гэты вясновы святочны дзень?
— Мілыя жанчыны, хай кветкі, павага і любоў спадарожнічаюць вам не толькі 8 сакавіка, але і на працягу ўсяго жыцця!

— Надзея Уладзіміраўна, мы вас таксама віншуем са святам! Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.