Meyerhold

- 14:32Культура

Асэнсаванне значных падзей у культурным жыцці прыходзіць крыху пасля гэтых самых падзей. Адразу пасля прагляду з тузін спектакляў “Тэатральнага куфра — 2017” я шчыра радаваўся за балгарскую пастаноўку паводле Шэкспіра, якая ўзяла гран-пры. Яны, сапраўды, былі класныя, гэтыя балгары. Прыкольныя, вельмі шчырыя ў сваёй інтэрактыўнай інтэрпрэтацыі вялікага Шэкспіра…

Але потым, праз месяц пасля таго, як “Куфар” скончыўся, адчуў, што не Рамэа з Джульетай у выкананні жвавых балгарскіх студэнтаў былі маімі галоўнымі “асабістымі” героямі на гэтым тэатральным фэсце, а… Меерхольд. Усевалад Эмільевіч. Нямецкі яўрэй Карл Казімір Тэадор Меергольд. Спектакль-дакумент паставіла разам са сваімі студэнтамі выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ганна Суліма.

Для тых, хто гэтага проста не ведае: Усевалад Меерхольд у свой час зрабіў рэвалюцыю ў тэатры біямеханікай. За што, у прынцыпе, і быў расстраляны ў свае няпоўныя 67 гадоў. Гэта быў футурызм у тэатры. Маякоўскі з Ясеніным на пару ў галоўных ролях.

А Ганна Суліма стварыла спектакль пра Меерхольда. Не проста спектакль, а спектакль-дакумент. Гучалі вытрымкі з голасам самога Меерхольда, яго жонкі Зінаіды Райх… А самае галоўнае, што ўразіла ў спектаклі, — гэта біямеханіка ў выкананні студэнтаў БДУКіМа.

Сёлета арганізатары “Тэатральнага куфра” пайшлі на эксперымент. Гледачы на спектаклях не сядзелі ў глядзельнай зале, а стаялі на самой сцэне. І побач са мной адзін хлопец, задыхаючыся ад напружання, пераапранаўся і вылятаў на сцэну, каб спрацаваць там па ўсіх законах меерхольдаўскай біямеханікі. У мяне, аблашчанага рознага кшталту культурнымі відовішчамі, пацяклі ў нейкі момант слёзы. Тады, стоячы на сцэне, я зразумеў, што разумныя і адукаваныя людзі маюць на ўвазе, калі кажуць пра “сілу тэатра”. І гэта прымусілі мяне адчуць студэнты, дваццацігадовыя хлопцы і дзяўчаты, фактычна дзеці… А яшчэ іх выкладчыца Ганна Суліма, якая таксама была на сцэне ў адной з роляў.

Я пазваніў ёй на прадмет інтэрв’ю. І яна адразу згадзілася даць яго для “Настаўніцкай газеты”.

Мы сядзелі і гутарылі з ёй у адным з мінскіх кафэ. На стале працаваў мой дыктафон. А ў вачах Ганны быў Меерхольд.

 І жаданне гаварыць праўду праз дакумент.

— Спадарыня Ганна, раскажыце, калі ласка, крышку пра сябе.

— Я працую ўжо шосты год выкладчыкам на кафедры рэжысуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. А педагагічнай дзейнасцю займаюся даўно, працавала ў гімназіі з ухілам у Гродне. Я нарадзілася ў Гродне.

— Спектакль-дакумент — гэта ваша ноу-хау? У сусветнай гісторыі тэатра было нешта падобнае?

— Асабіста я такога не прыпомню. У мяне была некалі, як я яе называла, эксперыментальная тэатральная лабараторыя “Тэатральны квадрат”. І мы з моманту яе стварэння пачалі працаваць з дакументам. Па розных прычынах я была вымушана распусціць той калектыў. Але я стварыла новы калектыў “Тэатр дакумента”. Ён зарэгістраваны ў нашым універсітэце.

— А з чаго наогул пачалася ваша, так бы мовіць, прывязка да дакумента?

— Прывязка? (Задумваецца.М.Ч.) Ну, хай будзе прывязка. Прывязка заключаецца ў мінскай вуліцы Сухой, на якой было гета. Там зараз ёсць музей, а ў тым музеі ёсць дакументы, на аснове якіх мы стварылі першы спектакль-дакумент на пачатку 2010-х.

— Вы адразу зачапілі такую вострую тэму — тэму халакосту. Гэта ваша прынцыповая пазіцыя — “не іграць на публіцы”, а гаварыць пра сур’ёзныя рэчы?

— Дык а навошта рабіць нешта ў культуры, калі не кранаць сур’ёзныя рэчы? Трэба ж вучыць людзей думаць і помніць. Папярэдні мой спектакль “MENSCH/ЧАЛАВЕК” быў прысвечаны тэме чалавечай памяці. І з ім, дарэчы, у 2013 годзе мы ўзялі гран-пры на “Тэатральным куфры”. Там у цэнтры падзей быў чалавек — жывы носьбіт дакумента. Чалавек-дакумент. Так можна сказаць.

— Вы ж, напэўна, ведаеце пра такі папулярны сёння кірунак у тэатральнай культуры, як тэатр.doc. Калі ў людзей бяруць інтэрв’ю на вуліцах і выдаюць гэта за жывы тэатр. Як вы пазіцыяніруеце сваю ідэнтычнасць? Чым адрозніваецеся ад тэатра.doc?

— Гэтае пытанне мне задавалі чыноўнікі пры рэгістрацыі… Тое, пра што вы гаворыце, тычыцца дакументальнага тэатра, які, безумоўна, мае права на існаванне. Гэтыя людзі бяруць, як вы зараз, дыктафон, ходзяць па вуліцах, распытваюць мінакоў, напрыклад: “Што такое каханне?” ці “Вы любіце сабачак?”. Я займаюся зусім іншым. У мяне тэатр дакумента. Тэатр, у якім сам дакумент выступае як спосаб ігры. Мы бяром канкрэтныя дакументы, а дакументамі могуць быць людзі, кінахроніка, нават фота… І яшчэ. Я заўсёды свае спектаклі напаўняю паэзіяй. І музыкай. І святлом. У тэатры.doc ніколі не стаў бы гучаць голас Ясеніна ці Маякоўскага.

— Спадарыня Ганна, давайце пагаворым цяпер пра ваш спектакль. Чаму менавіта Меерхольд?

— Шчыра кажучы, я ніколі не думала, што буду ставіць спектакль пра яго. Але яго трагічная фігура зацікавіла і мяне, і маіх студэнтаў. Разумееце, у чым найбольшая трагічнасць яго асобы? У тым, што ён, чалавек еўрапейскай і, можа, нават мадэрнісцкай культуры, прыняў рэвалюцыю. Але яго з’елі яго ж біяхімічныя машыны.

— У вас была задача расказаць пра Меерхольда людзям, якія нічога пра яго не ведалі?

— Так. Гэта асоба, пра якую павінны ведаць людзі.

— Тэатр Меерхольда можна сёння ўзнавіць?

— Абсалютна немагчыма. Хаця ёсць паслядоўнікі. Але ў іх нічога меерхольдаўскага не атрымліваецца… Я таксама не ставіла задачай, каб мае студэнты зрабілі тое, што хацеў Меерхольд. У маёй пастаноўцы галоўная тэма — мастак і ўлада.

— А ўсё ж… Біямеханіка лёгка давалася сённяшнім хлопцам і дзяўчатам?

— Яна не давалася лёгка нікому і сто гадоў назад. Меерхольдаўская педагогіка была разлічана не на тое, каб яе паказваць на сцэне, а на саму падрыхтоўку артыстаў. Каб ён мог выканаць любыя патрабаванні рэжысёра.

— Спадарыня Ганна, вы ўжо мелі нейкую прафесійную крытыку на свой спектакль?

—  Так. У часопісе “Мастацтва” назвалі тое, што я раблю, “брыкалажам у засценку”.

— Дык вы ж павінны радавацца, прынамсі, першаму слову “брыкалаж”.

—  Радуюся… Кожны вобраз заўсёды шматгранны. Мы, артысты і рэжысёры, ніколі не ведаем, што робім так, а што не так. Хаця ў нас усё выверана да апошняй кропкі. У нас нічога не бывае звычайнага. Наш спектакль быў пабудаваны, фактычна, на двух зэдліках, трох шынялях і заслоне, якая дзяліла сцэну пароўну. Плюс праекцыя на задніку. Які ж тут bricolage?

— Але вы можаце рабіць вельмі значны вобраз са звычайных тэатральных атрыбутаў. Напрыклад, з заслоны, якая ў пэўны момант завязваецца ў пятлю, у якой вешаецца жонка Меерхольда…

— Для мяне тэатральная заслона — жывое.

— Калі вы развязвалі, звязвалі, скручвалі заслону ў пятлю, ці спадзяваліся, што ў гледачоў-студэнтаў будуць слёзы? У мяне дык былі…

— Зала гледачоў, нават калі яна пераходзіць на сцэну, заўсёды вельмі розная. Зала — гэта зборны вобраз. Нехта ўпотай выцірае слязу, як вы, нехта наўзрыд рыдае, а нехта яхідна ўсміхаецца.

— Заслона ў вашым спектаклі — метафара, рыфма?

— Па розных баках ад яе ў пачатку спектакля сядзяць дзве дзяўчыны. Адна — у белым, а другая — у чырвоным. Гэтыя колеры паўтараюцца ўвесь час… Артыкуляцыя сэнсу адбываецца тады, калі кожная з дзяўчат чытае ліст Зінаіды Райх Сталіну — кожная ў сваім берэце і кожная ў сваім тэмпарытме.

— Спадарыня Ганна, як вы адчуваеце: акцёры-студэнты, з якімі вы зрабілі спектакль, справіліся са сваёй задачай? Зрабілі спектакль, зрабілі Меерхольда?

— Думаю, так. Я выдатна разумела, з якім матэрыялам я працавала. А ў маім выпадку матэрыялам былі ўчарашнія дзеці, сённяшнія студэнты. Рэжысёр заў­сёды раствараецца ў сваім артысце. І я разумела, што працую з не прафесійнымі артыстамі, а з людзьмі, якія атрымліваюць прафесію. Прафесію, блізкую самому Меерхольду.

— Сёлета большасць спектакляў “Куфра” ішла на сцэне разам з гледачамі. Гэта добра?

— Гэта вельмі добра! Гэта частка маёй задумкі як рэжысёра. Спачатку ва ўніверсітэце мы яго і паказвалі ў вялікай аўдыторыі чорнага колеру. І студэнты сядалі літарай “П”. І я наўмысна знішчыла межы паміж гледачамі і артыстамі. Больш за тое, у гэтай універсітэцкай аўдыторыі ёсць два вялікія вокны, на якія ўзбіраліся артысты і дэманстравалі біямеханіку. На фестывалі вокнаў не было, але была адкрытая прастора. Гледачы з абодвух бакоў маглі разгледзець не толькі сцэну, але і гледачоў насупраць. І гэта было класна…

У тэатры вельмі важны момант разглядання. У цёмнай зоне звычайнай гля­дзельнай залы ў традыцыйным тэатры чалавек сядзіць расслаблены. Ён можа не хвалявацца аб тым, як на яго паглядзяць сусед ці акцёр. А я хацела гледача памясціць у нявыгадныя для яго ўмовы. Каб ён быў голым у святле. Каб яго бачыў чалавек насупраць.

— Спадарыня Ганна, што вы чакаеце ад тэатра? Ад педагогікі, якой займаецеся? Поспеху, грошай, славы? Вы прыгожая маладая жанчына…

— Я люблю сваю работу. Ты бярэш першакурснікаў — за руку ў літаральным сэнсе слова — і вядзеш. Ты кожны дзень іх выхоўваеш і адукоўваеш. Таму што я рэжысёр. А рэжысёрская прафесія — прафесія таго чалавека, які думае і мае што сказаць іншым людзям. Але для гэтага трэба шмат чытаць, глядзець, ду­маць. Я кажу сваім студэнтам на першым курсе: “Зерне, якое я ў вас пасею, ці прарасце, ці згніе”. А яны мне адказваюць з усмешкай: “Прарасце!”

Я прыдумала для сябе метафару — я нарошчваю сваіх студэнтаў. Менавіта так. Як зерне.

А што да тэатра, дык я за той тэатр, які думае і нясе ў грамадства нейкую думку. Я за тое, каб спектакль нёс нейкі адукацыйны момант. Каб чалавек — дарослы або дзіця — выйшаўшы са спектакля, змог падняцца на адну ці дзве прыступкі над побытам. Каб ён змог спазнаць нешта новае. І, магчыма, знайсці сябе ў нейчым чужым жыцці, у нейкай чужой праблеме. Гэта вельмі важна.

— А што думаеце наогул пра сённяшні тэатр?

— Ён становіцца ўсё больш і больш забаўляльным. Ён апускаецца ўсё ніжэй, ніжэй і ніжэй. Таму што ідзе за густам гледача.

Я раблю незабаўляльны тэатр. Я ведаю, што на мае спектаклі прыйдуць толькі адзінкі. Я не ведаю: гэта на шчасце ці на жаль. Але нават за вялікія грошы я не перастану рабіць тое, што раблю. Я хачу, каб у нашым жыцці гучала паэтычнае слова. Каб гучала імя Меерхольда і родных душой з ім людзей. І, магчыма, пасля прагляду майго спектакля нейкі чалавек прыйдзе дадому, адкрые інтэрнэт і даведаецца пра тое, што за чалавек гэта быў. І гэта будзе маленькай перамогай у маім жыцці…

— Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам і шчасця!

Мікола ЧЭМЕР.