Межы адукацыйнай інтэграцыі пашырыць час кола

З 2011 года ў яслях-садзе № 10 Пінска рэалізоўваецца эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу пры сумеснай рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і вучэбных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі”. Мэта праекта — навуковае абгрунтаванне, распрацоўка і апрабацыя такой мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Актуальнасць праекта абумоўлена тым, што існуе патрэба ва ўдасканаленні форм і метадаў сумеснага навучання “асаблівых” і здаровых дзяцей, узаемадзеяння з іх бацькамі. Задача настаўніка-дэфектолага заключаецца ва ўкараненні новых форм, метадаў і прыёмаў карэкцыйна-развіццёвай работы з дзецьмі групы інтэграванага навучання і выхавання. Адной з такіх форм з’яўляецца час кола — комплекс разнастайных форм зносін дзяцей, іх бацькоў і педагогаў паміж сабой, які дазваляе ўзаемадзейнічаць усім удзельнікам адукацыйнага працэсу і садзейнічае пазнавальнаму, рухальнаму, моўнаму, сацыяльнаму і эмацыянальнаму развіццю.

Што ўяўляе сабой час кола? У пачатку заняткаў усе дзеці групы інтэграванага навучання і выхавання аб’ядноўваюцца з дарослымі ў адзінае кола: вітаюць адно аднаго, абмяркоўваюць навіны групы, гуляюць. Пры гэтым усе акружаны любоўю, дабрынёй і клопатам, адчуваюць сябе роўнымі і прызнаюць адрозненні іншых. Дарослыя (настаўнік-дэфектолаг, выхавальнік, бацькі) дапамагаюць дзецям раскрыцца, заявіць пра сябе, выслухаць іншых. Вера ва ўласныя сілы, упэўненасць у тым, што цябе любяць і ты патрэбен, не менш важная для поспеху ў жыцці, чым паспяховасць і іншыя вынікі дзейнасці. Менавіта таму час кола заўсёды скіраваны на комплекснае развіццё асобы дзіцяці.
Пры правядзенні часу кола вырашаецца шэраг задач. Найперш гэта фарміраванне дзіцячай супольнасці, дзе ўсе адзіныя і роўныя. Педагог стварае ў групе атмасферу калектыўнай творчасці, што дапамагае развіццю ў дзяцей узаемнай павагі, дабрыні, эмпатыі: паказвае, як весці размову, выкарыстоўваючы ветлівыя словы, як глядзець у вочы адно аднаму, як слухаць, калі размаўляюць іншыя, як успрымаць паведамленні, як абменьвацца з іншымі сваімі думкамі і ідэямі, як рэагаваць адэкватна і з пачуццём павагі.
Другая задача — стварэнне псіхалагічнага камфорту для кожнага дзіцяці. Неабходна ўзняць настрой, стварыць атмасферу бяспекі і абароненасці, даверу і падтрымкі адно аднаго. Педагогі і дарослыя паказваюць узоры паводзін, вылучаюць дзяцей, якім патрэбна эмацыянальная падтрымка, і арганізоўваюць работу па ўстараненні адмоўных уздзеянняў.
Трэцяя задача ўключае фарміраванне ўстаноўкі на будучую дзейнасць. Час кола — гэта час, калі педагог паказвае дзецям, што канкрэтна ад іх чакаюць, чым сёння варта займацца, як правільна выконваць пэўныя заданні. Акрамя таго, педагог дае ўстаноўку і на тое, каб дзеці дапамагалі адно аднаму, калі да іх звяртаюцца па дапамогу іх равеснікі.
Методыка правядзення часу кола складаецца з некалькіх этапаў. Першы этап — запрашэнне ў кола. Група збіраецца ў кола, размясціўшыся на дыване. Пры гэтым кожнае дзіця можа знайсці пэўнае месца пасля выканання пэўнага задання.
Як прапанаваць дзецям сесці ў кола? Можна прапанаваць сесці так, каб хлопчыкі сядзелі паміж дзяўчынкамі ці каб атрымаўся лічбавы рад па коле (у кожнага пэўная лічба). Можна раздаць дзецям плоскасныя геаметрычныя фігуры рознага колеру і прапанаваць сесці там, дзе ляжыць ідэнтычны сенсорны эталон. А можна прапанаваць сесці побач з сябрамі ці проста па жаданні дзяцей. Прапаноўваючы розныя варыянты пачатку часу кола, педагог павінен памятаць, што дзеці кожны дзень чакаюць новых заданняў.

Другі этап — прывітанне. Калі дзеці знайшлі сабе месца на дыване, можна пачынаць прывітанне. Вітаючы кожнага паасобку і называючы яго імя ў памяншальна-ласкавай форме, мы даём зразумець, што кожны з’яўляецца істотным і важным складнікам групы ў цэлым. І калі раптам кагосьці не акажацца ў коле, астатнім будзе яго вельмі не хапаць.
Пры колавым размяшчэнні дзяцей педагог займае найбольш выгадную пазіцыю для работы і кантролю сітуацыі, каб кожнае дзіця знаходзілася ў полі яго зроку. Як правіла, педагог садзіцца побач з дэманстрацыйным стэлажом ці ў пачатку паўкола. Выбар тэматыкі і зместу прывітання звязаны з тэмай тыдня ці дня і залежыць ад агульнага настрою групы, наяўнасці нагляднага матэрыялу і іншых акалічнасцей.

Трэці этап — навіны групы і ранішнія паведамленні. На ранішняй сустрэчы дзяцей ёсць і час, і магчымасць для таго, каб выслухаць кожнага. Галоўнае, каб дзіця адчувала радасць ад зносін.
У кожным з кампанентаў часу кола выкарыстоўваецца свой падыход для мадэліравання паводзін. Ранішнія паведамленні дазваляюць кожнаму падзяліцца чымсьці з усёй групай, фарміруючы пачуццё прыналежнасці: тое, што яны гавораць, з’яўляецца важным для ўсіх, і, адпаведна, стаўленне да гэтага з боку навакольных павінна быць паважлівым.
Навіны групы можна чаргаваць з ранішнімі паведамленнямі. Ранішнія паведамленні — гэта фарміраванне ўстаноўкі на тое, якімі важнымі справамі будзе напоўнены дзень і як дзеці будуць у іх актыўна ўдзельнічаць. Падчас такіх паведамленняў педагог нагадвае пра пару года, дзень тыдня, дату, час сутак і інш. Гэта можа быць напісана ці намалявана на вялікім аркушы паперы (пажадана прымацаваным да мальберта) і быць добра бачным кожнаму са свайго месца ў коле. Педагог можа аформіць запісы на ўкладышах і мяняць іх. Разам з запісамі неабходна выкарыстоўваць і наглядны матэрыял.
Чацвёрты этап — калектыўная развіццёвая гульня. Гульня дазваляе фарміраваць сацыяльна-псіхалагічную гатоўнасць да сумеснай дзейнасці і ўзаемадзеяння адно з адным, а таксама навыкі камунікатыўных паводзін і станоўчыя эмацыянальныя адносіны да розных форм супрацоўніцтва, гатоўнасць да суперажывання, усведамленне сябе і іншых як адзінай супольнасці. Вельмі важна, што ў дзяцей фарміруюцца ўменні ўваходзіць у асабісты кантакт, слухаць і чуць партнёра па зносінах, узгадняць свае дзеянні з іншымі.
Ад педагога патрабуецца ўменне стварыць аптымальныя ўмовы для калектыўнай творчасці. Не прамая падказка, як выканаць пэўнае заданне, а арганізацыя пошуку, падчас якога дзеці думаюць у сумеснай дзейнасці з таварышамі. Што тычыцца дзяцей з АПФР, то яны, наадварот, атрымліваюць дапамогу і падказку з боку настаўніка-дэфектолага ці пераймаюць яго. Нават пры мінімальным удзеле ў гэтым працэсе дзіця адчувае сябе саўдзельнікам у выкананні задання, паступова назапашваючы ўменні і развіваючы здольнасць да самастойнай дзейнасці. Л.С.Выгоцкі называў гэта фарміраваннем зоны найбліжэйшага развіцця: “… кожнае дзіця ўнікальнае, непаўторнае, мае ўласцівую толькі яму зону найбліжэйшага развіцця і, адпаведна, мае індывідуальныя дасягненні”.
Гульні падбіраюцца самыя розныя. Яны могуць быць звязаны з тэмай тыдня ці зусім не звязаны з ёй. Гэта дыдактычныя, рухавыя гульні, гульні-імітацыі і інш.
Пяты этап — развучванне вершаў на працягу тыдня. Тэкст верша тыдня падбіраецца ў адпаведнасці з тэмай. Гэта можа быць пальчыкавая гімнастыка, лагарытміка, вершы на каардынацыю маўлення і рухаў. Пасля таго, як педагог прачытаў новы верш, дзеці паўтараюць яго, суправаджаючы жэстамі, мімікай і іншымі рухамі. Дзеці з АПФР завучваюць вершы, якія складаюцца з двух — чатырох радкоў (у залежнасці ад магчымасцей).
Час кола павінен доўжыцца не больш за 10 хвілін. Працягласць можна павялічваць ці скарачаць у залежнасці ад настрою групы, тэмы дня, пастаўленых задач у кожным канкрэтным выпадку. Пасля часу кола праводзяцца заняткі згодна з раскладам.
Час кола як форма ці спосаб сумеснай дзейнасці дазваляе ўсім дзецям групы інтэграванага навучання і выхавання ўсталёўваць узаемаадносіны адно з адным і дарослымі ў розных сітуацыях зносін, садзейнічае фарміраванню ў здаровых дзяцей талерантнасці да фізічных і псіхічных недахопаў равеснікаў і авалоданню маўленчымі паводзінамі. У выхаванцаў праяўляюцца здольнасці адэкватна арыентавацца ў прадметным, прыродным і сацыяльным акружэнні, уменні праяўляць эмпатычныя пачуцці ў адносінах да равеснікаў і дарослых, самавыяўляцца, стасавацца, успрымаць іншых людзей у якасці партнёраў, узгадняць уласныя паводзіны з паводзінамі іншых, прызнаваць адрозненні паміж людзьмі.
Укараненне новых форм і метадаў сумеснага навучання дзяцей з АПФР са здаровымі равеснікамі дазваляе павысіць якасць адукацыйнага працэсу ў групе інтэграванага навучання і выхавання, пашырыць межы адукацыйнай інтэграцыі, стварыць атмасферу агульнасці інтарэсаў і ўзаемападтрымкі, а таксама ўдасканаліць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў, якія працуюць у рэчышчы праграмы дашкольнай адукацыі і праграмы спецыяльнай адукацыі для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю.

Алена КРЫСЕНКА,
настаўнік-дэфектолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ясляў-сада № 10 Пінска, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Пінскага гарвыканкама.