Межы мае толькі ліст паперы

- 12:36Спецыяльная адукацыя

Настаўнік выяўленчага мастацтва Дзмітрый Рэмавіч Ярмілаў больш за 40 гадоў працуе ў спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе № 14 для дзяцей з парушэннем слыху. Ён з’яўляецца кіраўніком школьнай творчай майстэрні “Фарба” і ініцыятарам штогадовых летніх пленэраў для вучняў на возеры Свіцязь. Выхаванцы Дзмітрыя Рэмавіча — актыўныя ўдзельнікі і лаўрэаты мастацкіх выстаў у Беларусі і за яе межамі.

З 1993 года пад кіраўніцтвам Д.Р.Ярмілава ва ўстанове пачала працаваць творчая майстэрня “Фарба”. Праз два гады прайшла першая замежная выстава творчых работ навучэнцаў школы ў Вялікабрытаніі. У чэрвені 2008 года работы ўдзельнікаў творчай майстэрні былі выстаўлены ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, у студзені 2009 года — у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь. У сакавіку 2009 года ў музеі З.Азгура адбыўся праект “Важней за словы…”. У гэтым жа годзе аб дзейнасці творчай майстэрні “Фарба” быў зняты фільм “Хочаш нас пачуць — паглядзі”. У сакавіку 2010 года сумесна з Мінскай абласной бібліятэкай імя А.С.Пушкіна быў арганізаваны выставачны праект “Тэмы”.

У 2009—2012 гадах Дзмітрый Рэмавіч неаднаразова стажыраваўся ў Германіі па тэме “Інклюзіўная адукацыя”. Ён з’яўляецца ўдзельнікам сумеснага праекта “Творчае развіццё асобы глухога дзіцяці” з літоўскім таварыствам бацькоў, якія выхоўваюць глухіх дзяцей, “Пагава”. Выстава работ яго выхаванцаў прайшла ў Вільнюсе і ў Мінску, а таксама ў Пасольстве Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у Нацыянальным мастацкім музеі ў 2010 годзе Дзмітрый Рэмавіч Ярмілаў разам з фатографам Марынай Бацюковай арганізаваў мастацкі праект “Рэха цішыні”, які затым экспанаваўся ў мастацкіх музеях абласных цэнтраў Беларусі (Магілёве, Гомелі, Віцебску).

З 2011 года і па цяперашні час сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь педагог працуе па праграме “Крок насустрач”, з’яўляецца ўдзельнікам міжнароднага аднайменнага фестывалю ў Санкт-Пецярбургу (2011) і Маскве (2012). У лістападзе 2012 года творчая майстэрня “Фарба” прыняла ўдзел у мастацкім праекце “Малюем свет разам”, арганізаваным Беларускім дзіцячым фондам і мастаком з Германіі М.Юрке. У верасні 2015 года ў Інстытуце імя Гётэ прайшла выстава “Калідор”, якая аб’яднала работы ўдзельнікаў “Фарбы”, створаныя за 22 гады. Навучэнцы спецшколы № 14 Мінска неаднойчы адзначаліся дыпломамі падчас Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”.

За высокі ўзровень прафесійнага майстэрства, шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у выхаванне і навучанне падрастаючага пакалення Дзмітрый Рэмавіч Ярмілаў узнагароджаны Ганаровай граматай Мiнiстэрства адукацыі Рэспублiкi Беларусь і падзякай Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

***

Пасля заканчэння сярэдняй школы № 50 Мінска Дзмітрый Ярмілаў працаваў піянерважатым у Ждановіцкай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху. Там ён пазнаёміўся з мастаком і заслужаным настаўнікам Віктарам Іванавічам Вярсоцкім. Дзякуючы гэтаму знаёмству прыйшло захапленне творчасцю, юнак пачаў ездзіць на летнія практыкі са студэнтамі тэатральна-мастацкага інстытута. Разам з імі працаваў і ў Нацыянальным мастацкім музеі па капіраванні карцін. У той час адным з кіраўнікоў студэнцкай практыкі быў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў. Гэты мастак і педагог аказаў значны ўплыў на прафесійнае творчае развіццё многіх маладых творцаў.

Дзмітрый Ярмілаў скончыў педагагічны інстытут, дзе атрымаў дэфекталагічную адукацыю: пайшоў па шляху сваёй маці — Клары Гаўрылаўны Ярмілавай — вядомага ў краіне лагапеда. У 1977 годзе Дзмітрый Рэмавіч стаў настаўнікам выяўленчага мастацтва ў спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе № 14 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху. У той час многія навучэнцы школы цікавіліся мастацтвам. Многія паступалі ў палітэхнікум “Ленінградскі аднаўленчы цэнтр Усерасійскага таварыства глухіх”, асвойвалі спецыяльнасць “Мастак-афарміцель”, а ў далейшым станавіліся студэнтамі акадэміі мастацтваў.

***

Усе навучэнцы спецшколы № 14 з 1 класа наведваюць заняткі па маляванні, амаль усе яны ходзяць у творчую майстэрню “Фарба”. Адбор Дзмітрый Рэмавіч ніколі не праводзіць — прымае ўсіх жадаючых. Захапіць творчым працэсам педагогу ўдаецца кожнага. Асноўную мэту сваёй педагагічнай дзейнасці настаўнік бачыць у пошуку таленавітых дзяцей і ў максімальным развіцці іх творчых здольнасцей. Педагог эфектыўна выкарыстоўвае ў сваёй рабоце сучасныя метады сацыяльнай і творчай рэабілітацыі дзяцей з парушэннем слыху.

“Выяўленчае мастацтва” — не вельмі папулярны ў звычайных школах прадмет, — адзначыў Дзмітрый Рэмавіч. — Аднак у спецыяльных школах, дзе ў класах па 10 чалавек, выяўленчым мастацтвам лягчэй зацікавіць, таму што педагогі могуць удзяліць належную ўвагу кожнаму вучню. Для мяне выяўленчае мастацтва — гэта не проста ўрок у раскладзе, гэта суцэльны творчы працэс, які не можа замыкацца ў сценах адукацыйнай установы. Пачынаючы з 1993 года на працягу 20 гадоў мы рэгулярна праводзілі пленэры ў вёсцы Валеўцы Навагрудскага раёна каля возера Свіцязь. Ехалі вялікай кампаніяй — педагогі школы, навучэнцы і іх бацькі. Нас прымалі ў Валеўскай сярэдняй школе, з калектывам якой з самага пачатку склаліся сяброўскія адносіны. Выязджалі на тыдзень-два, іншым разам нават на месяц. Дзеці працавалі на натуры. Вынікам нашых шматгадовых паездак стала вялікая калекцыя дзіцячых работ — каля 200 малюнкаў і карцін. Усе работы аформлены адпаведным чынам для ўдзелу ў выставах і неаднойчы дэманстраваліся ў нашай краіне і за мяжой. Час ідзе — мяняюцца дзеці.

Нашы Валеўскія пленэры перараслі ў інтэграцыйныя міжнародныя пленэры, якія праходзяць у Беларусі і за мяжой”.

У найбліжэйшы час у школе будзе створаны першы ў краіне музей творчасці дзяцей, якія не чуюць, у аснове якога — унікальная калекцыя дзіцячых малюнкаў і карцін, сабраная Дзмітрыем Рэмавічам. Пакуль што з асобнымі работамі можна азнаёміцца ў мастацкай галерэі школы.

Да Дзмітрыя Рэмавіча часам звяртаюцца з просьбай прадаць тую ці іншую дзіцячую работу, прапануюць выставіць яе на аўкцыёне. Але педагог не пагаджаецца. “Як можна вызначыць кошт карцін? Усе яны — бясцэнныя, прычым не толькі для дзяцей, але і для мяне, — гаворыць Дзмітрый Рэмавіч. — Кожны малюнак — гэта непаўторная хвіліна, якую пражыло дзіця, гэта яго лёс. Магчыма, гэта адзіная яго работа, у якой адлюстраваны самы шчаслівы момант яго жыцця… Нельга ацэньваць яе як выраб, падлічыўшы затрачаныя фарбы і паперу”.

Калегі Дзмітрыя Ярмілава параўноўваюць яго з архіварыусам дзіцячых лёсаў. Ён памятае малюнак кожнага дзіцяці. Работа можа быць не падпісана, выканана шмат гадоў назад, але ён заўсёды згадае, хто яе намаляваў. Аднойчы на дзень адкрытых дзвярэй у школу прыходзілі будучыя першакласнікі і іх бацькі, у асноўным выпускнікі ўстановы. Дзмітрый Рэмавіч пазнаў свайго былога вучня Сяргея і праз некалькі хвілін прынёс яму некалькі малюнкаў. Твар у маладога мужчыны прасвятлеў, стаў па-дзіцячаму наіўным, хваляй нахлынулі ўспаміны… Вось так, нібыта чараўнік, настаўнік вяртае сваіх ужо дарослых вучняў у далёкае дзяцінства.

***

Сярод навучэнцаў з парушэннем слыху ёсць тыя, хто малюе з ранняга ўзросту. Для іх гэта сродак зносін, своеасаблівая вобразная мова, якая дапамагае даносіць інфармацыю да ўсіх навокал. Такія дзеці — прыроджаныя імправізатары. А ёсць навучэнцы, якія мастацкай творчасцю ніколі не цікавіліся, іх пастаянна трэба заахвочваць да малявання. Дзмітрый Рэмавіч практыкуе ўрокі цішыні, на якіх без тлумачэнняў дэманструе слайд-шоу з работамі вялікіх майстроў і альбомы жывапісцаў. У пэўны момант кагосьці з вучняў чапляюць рэпрадукцыі, ён бярэ фарбы і пачынае маляваць. У асноўным навучэнцы выкарыстоўваюць гуаш, а таксама акрылавыя фарбы, алей і акварэль. Выконваюць гравюры, калажы, працуюць у тэхніцы манатыпіі.

“Асаблівасць выяўленчага мастацтва заключаецца ў адсутнасці хуткага выніку, — разважае Дзмітрый Рэмавіч. — Занятак гэты даволі затратны. З матэрыяламі нам дапамагаюць спонсары. Тым не менш большую частку затрат нясуць бацькі навучэнцаў. Купляюць пэндзлі, паперу, фарбы, палітру, алоўкі. Але не ўсе дарослыя, на жаль, успрымаюць выяўленчую дзейнасць як сродак для агульнага развіцця сваіх дзяцей. Часам нават абураюцца: чаму іх дзіця зрабіла “мазню” замест таго, каб намаляваць нешта канкрэтнае — дом, дрэва… Даводзіцца разбіраць з імі мастацкія вартасці “мазні”. Звяртаюся да рэпрадукцый мастакоў з каталогаў, напрыклад, брытанскай галерэі. Знаходжу падобную да дзіцячай “мазні” карціну, побач з якой ёсць яе кошт, скажам, 28 тысяч фунтаў! Так удаецца пераканаць бацькоў, што поспехі ў творчасці не вымяраюцца ў канкрэтных паказчыках і выніках”.

Дзмітрый Рэмавіч лічыць, што неабходна падкрэсліваць і развіваць непаўторную індывідуальнасць кожнага дзіцяці. Нават у трэнераў такі ж падыход да спартсменаў. Напрыклад, рапірыст-ляўша па-асабліваму трымае рапіру. Але гэта не перашкаджае яму перамагаць. Калі яго прымусяць рабіць як усе, то поспеху, хутчэй за ўсё, не будзе.

“Усе не павінны маляваць матрошку толькі таму, што так прадугледжана праграмай, — гаворыць настаўнік. — Маляванне па схеме таксама не прызнаю, бо гэта не мастацтва, а рамяство. Трэба прыслухоўвацца да сваёй душы. Калі дзіця крыва намалюе гарлач або яблык — варта падтрымаць і пахваліць яго. Таму што гэта творчы працэс, які прадугледжвае свабоду і пэўны эксперымент. У мастацтве павінна быць таямніца. Іншы раз глядзіш на карціну, бачыш, што ўсё зроблена не па правілах, але як яна вабіць вока!

Некаторыя навучэнцы пабойваюцца свабоды, якую я ім прапаноўваю. Яны шукаюць схему, пэўны пункт адліку, не спрабуюць адлюстраваць свой унутраны свет, а нібыта ў цемры шукаюць сценку. Шкада бывае, калі вельмі старанны вучань штодня паслухмяна малюе, а эфекту ад гэтага для сябе асабіста не атрымлівае. Ён не падымаецца на наступную ступень і ў кожнай новай рабоце паўтараецца. Для таго каб расці творча, вучню неабходна фарміраваць сябе як творчую асобу, эксперыментаваць, пераходзіць ад простых тэхнік да больш складаных. Мая задача — навучыць, што межы мае толькі ліст паперы, а не бясконцая прастора творчасці, даць дзецям эстэтычнае ўяўленне аб мастацтве, стварыць на ўроку такую атмасферу, каб у іх была магчымасць рушыць наперад, мяняць свае адносіны да свету. Часта дзейнічаю інтуітыўна, праз адчуванні і прадбачанні, размаўляю з вучнямі на ўзроўні позіркаў і рухаў. Іншы раз іду як па мінным полі, толькі б не нашкодзіць! Як садоўнік, я сею насенне і паліваю глебу з надзеяй на тое, што праз пэўны час добрыя парасткі праб’юць сабе дарогу да сонца. Я не рыхтую прафесійных мастакоў, а даю вучням своеасаблівы інструмент для самаадукацыі і самарэалізацыі ў будучыні. Магчыма, маляванне стане для іх любімым заняткам на ўсё жыццё. Можа, хтосьці з пэндзлем у руках будзе зарабляць сабе на жыццё. Такія выпускнікі ў нас ёсць. Але дасягнуць значных поспехаў у творчасці вельмі складана. Трэба быць не проста адораным чалавекам, патрэбна падтрымка, у тым ліку фінансавая, з боку зацікаўленых асоб і арганізацый. І ў часы Пікаса і Шагала было шмат здольных мастакоў, але мы ведаем нямногіх. Ва ўсім свеце заняткі творчасцю падтрымліваюцца шматлікімі фондамі, а таксама рэалізуюцца ў рамках дзяржаўных праграм самазанятасці насельніцтва. Спадзяюся, што і ў нашай краіне такія праграмы атрымаюць хуткае развіццё і творчыя людзі змогуць знайсці сабе справу па душы, якая будзе прыносіць ім не толькі задавальненне, але і прыбытак”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.