Micro:bit — лічбавы памочнік для школьнікаў

- 10:53Адукацыйная прастора

Новая адукацыйная праграма факультатыўных заняткаў для школьнікаў па вывучэнні праграмавання ў асяроддзі Scratch была прадстаўлена ў бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій. Навучэнцы 5—6-х класаў змогуць кіраваць электроннымі прыладамі і ствараць уласныя гаджэты, выкарыстоўваючы мікракантролер Micro:bit і задаючы патрэбныя алгарытмы.

Вучэбная праграма “Праграмаванне Micro:bit у асяроддзі Scratch” накіравана на развіццё ў школьнікаў цікавасці да вывучэння сучасных тэхналогій і праграмавання.

— Некалькі гадоў назад мы запусцілі праект, у межах якога школьнікі з 2 па 6 класы вывучалі праграмаванне ў асяроддзі Scratch. Ён карыстаўся папулярнасцю: толькі за апошні год у яго добраахвотна запісаліся больш за 40 тысяч чалавек, — расказаў дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі. — Цяпер у межах новай адукацыйнай праграмы навучэнцы, выкарыстоўваючы атрыманыя раней веды ў праграмаванні, прыменяць іх на практыцы, навучацца карыстацца мікракантролерамі. Такім чынам, віртуальны свет праграмавання аб’яднаецца з рэальным.

Уменне працаваць з мікракантролерамі стане сапраўды карысным навыкам для школьнікаў, бо яны прысутнічаюць у жыцці сучаснага чалавека паўсюдна. Без падобных мікрасхем немагчыма работа большасці электронных прылад — пачынаючы ад навагодніх гірлянд і заканчваючы сістэмамі кіравання атамнымі станцыямі. Амаль уся бытавая тэхніка кіруецца мікракантролерамі, яны таксама выкарыстоўваюцца ў бартавых камп’ютарах і сучасных аўтамабілях. 

Па задуме распрацоўшчыкаў праграмы, наборы дапамо­гуць прымя­няць веды ў праграмаванні на практыцы, ствараць цікавыя мадэлі робатаў. Дзякуючы ім, дзеці зразумеюць, як чыстае праграмаванне ўплывае на вырашэнне задач. Падчас заняткаў навучэнцы вызначаць, што ім падабаецца, і, магчыма, у будучыні знойдуць сябе ў інжынернай прафесіі.

Яшчэ адна задача новага праекта — стварэнне суполкі настаўнікаў, якія валодаюць асновамі праграмавання на мовах Python і Scratch. У ліку першых удзельнікаў — 28 педагогаў, адабраных па конкурсе з сотні прэтэндэнтаў.

У размове з настаўнікамі, якія будуць удзельнічаць у новым адукацыйным праекце, дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі падкрэсліў важнасць атрымання новых ведаў: “Навучанне асновам праграмавання — гэта не толькі важная аснова ІТ-адукацыі. Гэтыя базавыя навыкі развіваюць галоўныя якасці паспяховага чалавека: гнуткасць розуму і рухавасць мыслення. Сёння віртуальны і рэальны свет імкліва аб’ядноўваюцца. Мы хочам, каб нашы школьнікі свабодна валодалі праграмаваннем, бо праграмы пішуцца для таго, каб з іх дапамогай кіраваць рэальнымі рэчамі ў рэальным свеце. Таму Парк высокіх тэхналогій усімі сіламі падтрымлівае і будзе падтрымліваць сістэму адукацыі”.

Педагогі з 27 школ розных рэгіёнаў Беларусі (Віцебска, Глыбокага, Светлагорска, Нясвіжа і інш.) атрымалі ад Парка высокіх тэхналогій абсталяванне (мікракантролеры і неабходныя камплектуючыя) і метадычныя матэрыялы. Па заканчэнні прэзентацыі для настаўнікаў быў арганізаваны ўводны практычны семінар.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.