Улады Аўстрыі сур’ёзна падумваюць аб узвядзенні “тэхнічнага бар’ера” ўздоўж граніцы са Славеніяй, каб аслабіць паток мігрантаў. Аб гэтым паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на заяву міністра ўнутраных спраў краіны Іаханы Мікль-Ляйтнер.
Прадстаўляючы планы свайго ўрада, міністр пазбягала слова “сцяна”, робячы ўпор на тым, што гэты нейкі “тэхнічны бар’ер” прызначаны не закрываць дарогу, а стрымліваць мігрантаў. Яна ўдакладніла, што такая мера дасць магчымасць кантраляваць шматтысячны міграцыйны паток, які безупынна цячэ ў краіну. Аб закрыцці граніцы размовы не ідзе.
“Вядома ж, мы не збіраемся будаваць сцяну ўздоўж усёй граніцы з Венгрыяй і Славеніяй, паколькі 700 км сцяны — гэта нерэальна. Але мы павінны быць гатовы па абодва бакі граніцы спланаваць структурныя меры, якія гарантуюць кантралюемы паток людзей”, — дадала Іахана Мікль-Ляйтнер.
Калі можа пачацца будаўніцтва “не сцяны”, пакуль невядома.
Еўракамісія заявіла, што цяперашні міграцыйны крызіс у свеце найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны.