Адзін з самых відовішчных і экстрэмальных зімовых відаў спорту — лыжная акрабатыка. Шмат хто з заміраннем сэрца сочыць за паветранымі піруэтамі беларускіх фрыстайлістаў, якія за нядоўгую гісторыю гэтага віду спорту ўжо заваявалі 6 алімпійскіх медалёў. Непасрэднае дачыненне да гэтых перамог мае сённяшні госць праекта “Мая школа” — галоўны трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле, чэмпіён СССР па скачках на батуце, заслужаны трэнер Беларусі, поўны кавалер ордэна Айчыны Мікалай Іванавіч КАЗЕКА.
— Пачну з пытання, як у сям’і філолагаў нарадзіўся спартсмен?
— Па праўдзе кажучы, ніколі не задумваўся над гэтым. Але для мяне спартыўная кар’ера была абсалютна натуральнай. Усё пачалося з захаплення спортам. Сапраўды, у доме заўсёды было шмат літаратуры і кніг: збор класічнай літаратуры і ўсе кніжныя навінкі (бацька Мікалая Іванавіча — вядомы беларускі літаратуразнаўца і літаратурны крытык Янка Казека. — Заўв. рэд.). Літаратурай захапляўся брат Аляксандр, а я быў больш рухавы.
У 1960 годзе неяк на практыку ў школу, дзе я вучыўся, прыйшоў малады трэнер (у будучыні залужаны трэнер СССР) Леанід Восіпавіч Ліўшыц і запрасіў нас на заняткі ў секцыю акрабатыкі ў новы Дом фізкультуры, які быў адным з першых спецыялізаваных спартыўных збудаванняў у Мінску. На першыя заняткі прыйшоў амаль увесь клас. У тыя часы забаў было нямнога, і мы з радасцю сталі туды хадзіць. З цягам часу я вельмі прыкіпеў да спартыўных заняткаў. Цікава было і ў футбол паганяць, і на каньках пакатацца, але акрабатычнае дзейства заварожвала. Тое, чаму вучылі — кувыркі, сальта, стойкі, — было надзвычай цікава. Нават калі заставаўся дома адзін, з задавальненнем ператвараў свой пакой у маленькую спартыўную залу і паўтараў тыя практыкаванні, што рабілі на трэніроўках.
— Ці многа хто з вашага класа пайшоў у спорт?
— Нехта не падышоў, некаму не спадабалася, і многія перасталі займацца. Класа да 6—7 разам з намі заставаўся Валера Арзамасаў, да класа 8—9 у секцыю хадзілі мой аднакласнік Коля Сергіенка і яго старэйшы брат Пеця, а да канца дайшоў толькі я.
— Можа, так і павінна быць, каб адбываўся натуральны адбор?
— Памятаеце, некалі ў нас быў гімнастычны бум і пайшоў вал чэмпіёнаў, уключаючы шасціразовага алімпійскага чэмпіёна Віталя Шчэрбу? Тады трэнеры ледзь не з дзіцячых садкоў выбіралі здольных дзяцей і планамерна выхоўвалі новых чэмпіёнаў.
Сёння шмат залежыць ад настаўніка фізкультуры. Як правіла, яны праваднікі таго віду спорту, якім самі захапляюцца, падтрымліваюць кантакты з тымі секцыямі, дзе калісьці самі займаліся, ведаюць патрэбы дзіцячых спартыўных школ і могуць парэкамендаваць здольнага навучэнца трэнерам. І сёння трэба зацікавіць школьнага настаўніка рабіць гэта. На жаль, зараз усё менш і менш трэнераў ходзяць па школах і ўсё больш чакаюць, пакуль прыйдуць да іх.
Неяк мы паставілі батут у адной з мінскіх школ, і туды на трэніроўкі хадзіў ладзь не ўвесь мікрараён. Канечне, дзякуючы гэтаму быў вельмі вялікі адбор: “прасейвалася” вельмі многа дзяцей.
Акрамя гэтага, сёння спорт — у прыватнасці хакей і фігурнае катанне — вельмі памаладзеў: бацькі прыводзяць на заняткі ў спартыўныя клубы і секцыі сваіх дзяцей у 4—5-гадовым узросце — раней, чым у агульнаадукацыйную школу. Зараз увогуле ёсць даследаванні, якія сведчаць, што па генетычным кодзе можна вызначыць схільнасць та таго ці іншага віду спорту.
— Ці памятаеце вы сваё Першага верасня?
— Мы жылі на вуліцы Кірава, у раёне чыгуначнага вакзала, якраз каля “варот Мінска”, а праз дарогу была 9-я школа. Усе збіраліся каля школы з кветкамі, і нас сустракала наша першая настаўніца Франчэска Казіміраўна. Гэты было вялікае свята для ўсіх, і я вельмі старанна да яго рыхтаваўся. На лінейку мы ішлі тады з татам і мамай, якая дапамагала мне несці вялізны букет кветак.
Пасля пераезду я пайшоў у 64-ю школу на Куйбышава. Гэта была першая ў Мінску спецыялізаваная школа з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы.
Трапіў я туды за кампанію. Мой бацька сябраваў з паэтам Рыгорам Няхаем. Мы жылі побач і вельмі сябравалі з яго сынам Славам, які быў на год малодшы за мяне. Калі маці, Вольга Аляксандраўна, якая выкладала ў інстытуце замежных моў, павяла Славу ў гэтую школу, бацькі аддалі мяне туды таксама.
— Што з прадметаў найбольш падабалася?
— У мяне быў матэматычны склад розуму: матэматыка, а потым алгебра і геаметрыя даваліся дастаткова лёгка.
Вельмі падабалася вывучаць замежную мову. Якаў Пятровіч Палер, настаўнік англійскай мовы, быў таксама аматарам спорту (у маладосці займаўся боксам), заўсёды цікавіўся маімі поспехамі і нават часам паблажліва ставіўся да маіх пропускаў. Калі я стаў выязджаць на сур’ёзныя спаборніцтвы, замежная мова вельмі спатрэбілася — атрыманыя веды хутка аднавіліся.
Класа да 7—8, калі пачаліся сур’ёзныя заняткі акрабатычным спортам, паездкі на спаборніцтвы і па гэтай прычыне пропускі ўрокаў, у школе ў мяне праблем не было.
— Як ставіліся аднакласнікі да вашых перамог?
— У асноўным станоўча: падтрымлівалі, цікавіліся, часам прыходзілі пахварэць за мяне. Памятаю, неяк на спаборніцтвы па скачках на батуце, якія тады праходзілі ў цырку, пайшлі ледзь не ўсе мае аднакласнікі, а потым дзяліліся ўражаннямі — фактычна гэта выглядала як цыркавое прадстаўленне.
— Як мне бачыцца, скачкі на батуце вельмі небяспечны від спорту. Ці асэнсоўвалі вы гэта?
— Падспудна недзе былі думкі, што ёсць пэўная рызыка. Але цікавасць і радасць ад адчування бязважкасці ў палёце пераважалі — ні ў адным відзе спорту на той час такога не было.
— На якую вышыню можа ўзляцець батутыст?
— Зараз, безумоўна, батуты больш магутныя і даюць магчымасць больш высокіх падскокаў: да 3—5 метраў. Сённяшнія высокія акрабатычныя камбінацыі ў самым пачатку гэтага віду спорту былі проста тэхнічна немагчымыя — не дазваляла вышыня ўзлёту. Але чым большая вышыня пад’ёму, тым больш дакладнымі павінны быць рухі спартсмена: трошкі памыліўся — і адразу адлятаеш у іншы бок.
— З класічнай акрабатыкі вы перайшлі ў зусім іншы від спорту. Нястрашна было пачынаць усё спачатку?
— Першапачаткова батут быў часткай акрабатыкі, а потым стаў асобным відам спорту. Міжнародная федэрацыя скачкоў на батуце была створана ў 1964 годзе, а ў алімпійскую праграму скачкі на батуце ўпершыню былі ўключаны ў 2000 годзе.
У Савецкім Саюзе ўсе батутныя дысцыпліны — індывідуальныя і сінхронныя скачкі, а таксама акрабатычная дарожка — уваходзілі ў класічную акрабатыку. Яшчэ адна дысцыпліна — двайны міні-трамп — у нас не прыжылася і ў Беларусі асабліва не культывуецца і зараз.
— Прапановы былі і неаднаразова. Мы, спартсмены, вельмі часта бывалі ў цырку і назіралі за работай акрабатаў. Шмат хто з маіх сяброў, з якімі я трэніраваўся, сталі цыркавымі артыстамі. І не толькі з батутнага спорту. Першыя чэмпіёны Беларусі па фрыстайле Андрэй Коўгар і Святлана Бандарчук таксама пайшлі ў цырк. Шмат маіх калег працуюць у цыркавых калектывах свету, у прыватнасці, адзін з заснавальнікаў цырка Дзю Салей з’яўляецца прадстаўніком віцебскай плеяды спартсменаў.
— Пераход у фрыстайл быў выкліканы цікавасцю да нечага новага?
— Хутчэй гэта быў выклік. Справа ў тым, што ў СССР фрыстайл ствараўся ў экстранным парадку. Гістарычна гэта было шоу, якое ладзілася прафесійнымі лыжнікамі для тых, хто адпачываў на лыжных курортах. Як від спорту ён аформіўся ў 80-я гады (першы Кубак свету быў праведзены ў французскім Ціне ў 1986 годзе). Пасля паказальных выступленняў па лыжнай акрабатыцы на зімовай Алімпіядзе ў Калгары і Альбервілі былі вельмі высокія шансы на ўключэнне гэтай дысцыпліны фрыстайла ў алімпійскую праграму (могул стаў алімпійскай дысцыплінай ужо ў Альбервілі). Для зімовай Алімпіяды 4 камплекты медалёў былі вельмі важкія, таму тэрмінова было прынята рашэнне пра стварэнне ў 1985 годзе спачатку аддзела лыжнага фрыстайла Спарткамітэта, а ў 1988 годзе — Федэрацыі фрыстайла СССР.
Не было ні спартыўных секцый, ні спецыялізаваных груп — толькі спецыяльна створаная эксперыментальная зборная каманда Савецкага Саюза. У мой час галоўным трэнерам працаваў Канстанцін Юр’евіч Данілаў, і менавіта яму даручылі развіваць новы спартыўны напрамак. І ён запрасіў тых, каго ведаў, збіраючы спецыялістаў з усіх рэгіёнаў.
Падтрымлівалі фрыстайл усе на ўсіх узроўнях. Зараз усё больш складана. У перыяд крызісу ў Беларусі ў свой час спынілася падрыхтоўка спартсменаў шэрага зімовых відаў спорту. У прыватнасці, перастаў развівацца санны спорт, пэўны час не вялася падрыхтоўка па гарналыжным спорце, амаль спынілася па скачках з трампліна (лыжны цэнтр у Раўбічах ёсць, а від спорту не развіваецца). Сёння вельмі цяжка прайсці шлях ад навічка да нацыянальнай зборнай, і многія не даходзяць. Шмат у чым гэта звязана з матэрыяльным становішчам маладых трэнераў, а калі паралельна трэба даказваць, што гэты від спорту трэба развіваць і вышукваць сродкі, у прыватнасці на інвентар, шмат у каго проста знікае жаданне рухацца наперад.
Вялікае шчасце, калі знаходзіцца чалавек, зацікаўлены ў развіцці пэўнага віду спорту і гатовы яго фінансаваць. Так у нашай краіне адбылося з хакеем на траве, які цяпер развіваецца.
— Што ў сваім жыцці вы рабілі на энтузіязме?
— А практычна ўсё. Калі б не было гарэння і жадання, у батут я таксама не пайшоў бы. Гэта быў абсалютна новы від спорту, і першыя чэмпіёны былі менавіта з Беларусі — штуршок быў дадзены менавіта ў Мінску, потым былі Віцебск, Гомель, Брэст… Сёння па ўсёй Беларусі створаны школы па скачках на батуце, але, на жаль, пакуль амаль няма спартсменаў, здольных да найвышэйшых спартыўных дасягненняў.
Пачынаючы з 3 класа спорт мяне захапіў напоўніцу — для мяне ўжо нічога не існавала. Трэніровак 3 разы ў тыдзень мне было мала: я радаваўся, калі прызначалі дадатковыя трэніроўкі ў іншыя дні і нават у святы. Гэта быў азарт і імкненне. Неяк нават вельмі пакрыўдзіўся на маці, якая за нейкую правіннасць вырашыла пакараць мяне і не пусціла на трэніроўку.
— Як я разумею, вы былі вельмі самастойны. Ці правяралі ў вас дамашнія заданні ў школе?
— Не памятаю такога — заўсёды ўсё выконваў сам. Матэматыку рашаў самастойна. Маці была настаўніцай малодшых класаў і, думаю, магла б пры неабходнасці дапамагчы ці нешта падказаць, але я з усім спраўляўся. Праблемных прадметаў не было. Відаць, сваімі адносінамі да спорту і трэніровак я даў зразумець, што спорт — гэта маё прызванне і што я магу арганізаваць сябе для вырашэння іншых задач.
Адразу пасля школы я паступіў у педінстытут у Стаўрапалі, бо там быў вельмі моцны спартыўны клуб. Прыйшлося развітацца з маім трэнерам Леанідам Ліўшыцам, бо ён спецыялізаваўся на акрабатычнай дарожцы, а мяне прываблівалі скачкі на батуце — я зрабіў выбар на карысць далейшай вузкапрофільнай спартыўнай дасканаласці. Чатыры гады выступаў за клуб і быў неаднаразовым прызёрам Савецкага Саюза. А вось чэмпіёнам СССР я стаў ужо ў Мінску (калі перавёўся ў тагачасны інстытут фізкультуры).
— Ці памятаеце вашу першую сур’ёзную спартыўную перамогу?
— Гэта была перамога на чэмпіянаце БССР у 1966 годзе. Мы тады спаборнічалі з Анатолем Левенчуком (ён, дарэчы, потым доўгі час працаваў у цырку), і мне было вельмі прыемна ў чэснай барацьбе абысці свайго саперніка.
Добра памятаю свой удзел у першым у гісторыі СССР чэмпіянаце па акрабатыцы, які праходзіў у Ерэване. Скачкам на батуце быў прысвечаны цэлы дзень, і амаль усе ўдзельнікі чэмпіянату былі гледачамі: усіх цікавіў гэты незвычайны па тым часе і відовішчны від спорту.
— Што адчувае спартсмен, калі ўзыходзіць на найвышэйшую прыступку п’едэстала?
— Найперш радасць — адразу пасля выканання практыкавання, калі адчуваеш, што зрабіў усё, што планавалася. (Канечне, бываюць крыўдныя рашэнні суддзяў, як, напрыклад, з Дзімам Дашчынскім у Турыне, калі першынство аддалі кітайскаму спартсмену.) Але калі ты разумееш, што перамог, душу перапаўняе шчасце. А калі стаіш на п’едэстале, узнікае пачуццё гордасці. Найперш за тое, што ты зрабіў гэта і што ты сёння лепшы.
Мне вельмі падабаецца адно выказванне: “Перамога — гэта не самае галоўнае. Перамога — гэта ўсё!” І гэта сапраўды так.
— Адно з вашых хобі — калекцыяніраванне паштовых марак. Ці вялікая ў вас калекцыя і з чаго ўсё пачалося?
— Сапраўды, у мяне вельмі вялікая калекцыя. Я працягваў папаўняць калекцыю марак СССР, якую распачаў мой бацька, — у ёй ёсць амаль усе маркі да 1953 года выпуску. Таксама ў мяне амаль поўная калекцыя алімпійскіх марак па тых відах спорту, якімі я тады цікавіўся: акрабатыка, скачкі ў ваду і скачкі на батуце. Пэўны час, калі стаў працаваць у фрыстайле, меў шмат зносін з амерыканскімі і нямецкімі філатэлістамі. Але філатэлія засталася ў мінулым, бо ўвесь мой час сёння займае фрыстайл.
Таксама люблю балет, па магчымасці наведваю спектаклі, добра, што жыву цяпер недалёка ад опернага тэатра. З-за вялікай загружанасці шмат што з таго, што хацелася б убачыць, вымушаны прапускаць. За мяжой трапіць у тэатр не атрымліваецца, бо звычайна спаборніцтвы па нашым відзе спорту праходзяць у гарах, а ў курортных зонах тэатраў, на жаль, няма. А вось калі ў мінулым ездзіў па былым Саюзе, шмат дзе быў і шмат што давялося паглядзець у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Ташкенце… У прыватнасці, быў на спектаклях Барыса Эйфмана, калі ў яго яшчэ не было свайго тэатра, а вось яго гастролі ў Мінску прапусціў, бо быў на спаборніцтвах.
— У гісторыі вашай сям’і ёсць вельмі цікавы факт: ваша бабуля ў 1913 годзе эмігрыравала ў Амерыку.
— Сапраўды. Там нават нарадзіліся мае дзядзька і маці. Маці па нараджэнні амерыканка, і пры жаданні я мог бы без праблем атрымаць грамадзянства ЗША, але я патрэбен Радзіме — Беларусі.
— Ці былі ў вашым жыцці падзеі, якія маглі б змяніць ход вашай біяграфіі?
— Калі я толькі пачынаў займацца акрабатыкай і ўдзельнічаў у парна-групавых практыкаваннях (быў верхнім у чацвёрцы), мой тагачасны трэнер Яўген Пятровіч Руды ўсяляк адгаворваў мяне ад перакваліфікацыі на батут. Сапраўды, тады для мяне гэта была вялікая дылема.
Таксама перад выбарам я стаяў, калі запрасілі перайсці на трэнерскую работу ў фрыстайл. Тады я працаваў трэнерам па скачках у ваду, і ў мяне быў вялікі вопыт і добрыя вучні, адзін з якіх — Сяргей Ламаноўскі — потым стаў галоўным трэнерам зборнай па гэтым відзе спорту і чэмпіёнам Гульняў добрай волі. Від спорту быў распрацаваны, меў добрую базу і сур’ёзныя вынікі. Шмат хто мяне не разумеў і адгаворваў. Канечне, былі хваляванні пачынаць усё з нуля. Праглядаючы відэазапісы са спаборніцтваў, шмат хто не верыў, што пры поўнай адсутнасці ўмоў, базы і напрацовак за кароткі тэрмін можна дасягнуць такога ўзроўню. Але я рашыўся і не прагадаў.
Зараз ужо пабудаваны спецыяльны схіл у Раўбічах, сфарміравана школа, у цэнтры фрыстайла працуюць групы пачаткоўцаў, а раней гэтага не было.
— Які з медалёў вашых выхаванцаў даўся самай вялікай цаной?
— Ды ўсе яны з неба не падалі. У кожны былі ўкладзены праца, пот і кроў і трэнераў, і спартсменаў.
— Заўсёды было цікава, што адчувае трэнер, калі спартсмен выходзіць на пік практыкавання.
— Гэта такі самы адрэналін, як і ў спартсмена, — усё аднолькава. У цэлым, калі спартсмен ідзе па плане, проста чакаеш, але часцей за ўсё трэнер карэкціруе ўвесь працэс — спартсмен чуе ўсе трэнерскія каманды падчас выканання практыкавання. Калі спартсмен у паветры, застаецца толькі чакаць прызямлення. Ну і, канечне, у выніку паспяховага завяршэння праграмы гэта незвычайная радасць і эмоцыі.
На трэніроўках таксама хвалюешся, асабліва пры асваенні новых элементаў, але спаборніцтвы найвышэйшага ўзроўню — гэта, безумоўна, зусім іншая справа. І для трэнера, і для спартсмена гэта азарт, гульня, барацьба з сабой і сваімі эмоцыямі.
— Ці дапамагае вам педагагічная адукацыя ў трэнерскай рабоце?
— Трэнерская работа — гэта не толькі рэалізацыя схемы падрыхтоўкі, але і педагагічная праца. Ідэі Сухамлінскага і Макаранкі робяць трэнера трэнерам. Без педагогікі трэнер ператвараецца ў дрэсіроўшчыка.
Хочаш ці не, ты павінен знайсці падыход да кожнага навучэнца. Большасць тых, з кім я працую, прайшлі са мной увесь шлях ад пачатку да алімпійскіх перамог: гэта і Дзмітрый Дашчынскі, які прыйшоў у 11 гадоў; Аляксей Грышын, якога я трэнірую з 9 гадоў; Ала Цупер, якая трэніруецца са мной з 2002 года; Антон Кушнір, які прыехаў навічком таксама ў 2002 годзе.
Кожны з іх адметны, і трэнер павінен прыкласці шмат намаганняў, каб спартсмен мог сябе рэалізаваць і пры гэтым развіццю не перашкаджала ўнутрыкамандная канкурэнцыя.
І спецыялізацыя трэнера часта не мае значэння. Мала хто ведае, што трэнер румынскай гімнасткі пяціразовай алімпійскай чэмпіёнкі Надзі Каманэчы па адукацыі валейбаліст. Вялікі педагагічны талент і трэнерскае майстэрства могуць рабіць цуды.
— У выніку атрымліваецца, што вы ўсё ж такі пайшлі па бацькоўскіх сцежках — сталі педагогам, няхай і ў іншай галіне…
— Выходзіць, што так.
— Мікалай Іванавіч, як, на вашу думку, трэба выхоўваць дзяцей і ці можна ў сям’і выхаваць паспяховага чалавека? Ці гэта выключна воля лёсу?
— Адкажу цытатай англійскага паэта Джона Уілмата, якая, на мой погляд, будзе вельмі дарэчнай: “Да жаніцьбы ў мяне было 6 тэорый адносна выхавання дзяцей, зараз у мяне шасцёра дзяцей і ні адной тэорыі”. Выхаванне — гэта сітуацыйны працэс. Часам, канечне, дакараеш сябе за ўпушчаныя моманты. На жаль, з-за актыўнай трэнерскай работы свайму сыну я ўдзяляў менш увагі, чым чужым дзецям. Але ўжо зараз нічога не зменіш.
Я задаволены тым, што ў мяне цяпер ёсць, але вялікіх парад у выхаванні даваць не буду. Скажу адзінае: сваім дзецям трэба ўдзяляць больш увагі.
— Вялікі дзякуй за размову. Жадаем вам паспяховых выхаванцаў, а зборнай Беларусі па фрыстайле — новых перамог і высокіх узлётаў.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Мікалая КАЗЕКІ і інтэрнэту.