Мікалай Лявончык: “Тэатр нарадзіўся разам з чалавекам і будзе жыць, пакуль будзе жыць чалавек…”

- 12:22Суразмоўца

1 чэрвеня пасля маштабнай рэканструкцыі, якая пачалася ў 2008 годзе, зноў расчыніць свае дзверы Тэатр юнага гледача. Сёння з гэтай нагоды наша гутарка з вядомым акцёрам ТЮГа доўгажыхаром гэтага тэатра Мікалаем ЛЯВОНЧЫКАМ.

— Мікалай Мікалаевіч, пачнём, што называецца, з самага пачатку. Які быў ваш шлях у тэатр? Яшчэ са школы, з вучобы ў акадэміі мастацтваў…
— Мой шлях у тэатр, можна сказаць, быў дастаткова выпадковым. Вы, мабыць, не паверыце, але, калі я паступаў у акадэмію, тагачасны тэатральна-мастацкі інстытут, я не бачыў ніводнага спектакля ў сваім жыцці. Толькі па тэлебачанні, і тое чорна-белым. (Смяецца.М.Ч.) І, акрамя Станіслаўскага і вядомых кінаартыстаў, не ведаў увогуле нікога. Тым не менш я туды трапіў. Мне вельмі пашанцавала ў тым сэнсе, што я трапіў да прафесара, вядомага чалавека тэатра, народнай артысткі РСФСР, вучаніцы самога Станіслаўскага Веры Паўлаўны Рэдліх. Яна ўзяла мяне, як кажуць, такога неачэсанага палешука, да сябе на курс. У выніку яе густ, яе тэатральная культура зрабілі з мяне артыста. І ўжо 37 гадоў — з 1977 года — я іграю ў Тэатры юнага гледача…

22_Суботні госць Мікалай Лявончык.(сайт)— А з якога канкрэтна палескага кутка вы родам?
— Вёска Скібічы Драгічынскага раёна.

— Яна жывая?
— Вымірае… Калі я прыязджаю цяпер туды, то ўсіх знаёмых, сваякоў бачу… на могілках.

— А родная хата стаіць яшчэ?
— Стаіць. Як помнік. Там ніхто не жыве…

— Як вы трапілі ў Тэатр юнага гледача пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута? Па размеркаванні? Па рэкамендацыі?
— Да нас на дыпломныя спектаклі прыязджалі рэжысёры розных тэатраў і рабілі нам прапановы. На мяне пакінулі чатыры заяўкі: гродзенскі тэатр, брэсцкі тэатр, бабруйскі тэатр і Тэатр юнага гледача. Чаму я выбраў ТЮГ? Таму што, як правіла, артысты ў любым драматычным тэатры пачынаюць сваю творчую кар’еру з масовак, з маленькіх эпізодаў. А ў Тэатры юнага гледача цябе адразу кідаюць на ролю — у ТЮГу заўсёды больш за ўсё былі заняты маладыя артысты, паколькі мы працуем найперш для дзяцей, для юнацтва, адпаведна, героі тут патрэбны маладыя. Таму я і вырашыў пайсці ў Тэатр юнага гледача. Адразу атрымаў там шмат самых розных роляў. Цяпер ужо ў мяне роляў менш, бо ўзрост не той. Школьнікаў іграць не будзеш. А тады, у 1977 годзе, калі я толькі прыйшоў у ТЮГ, мяне, маладога, на ўсё хапала…

— І сам Тэатр юнага гледача быў у 1977 годзе малады?
— Ды не. Якраз тэатр быў не зусім малады. Ён жа быў заснаваны яшчэ ў 1931 годзе і праіснаваў да ліпеня 1941 года. У 1956 годзе яго адкрыла, як кажуць, па новай Любоў Мазалеўская, і адлік сёння вядзецца менавіта з 1956 года.

— З назіранняў за вашай творчай біяграфіяй прыцягвае ўвагу той факт, што вы часта ігралі і працягваеце іграць шмат роляў у спектаклях, пастаўленых паводле класічных твораў. Гэта і “Новая зямля” Якуба Коласа, і “Пан міністар” Францішка Аляхновіча, і нават англа-амерыканская класіка “Маленькі лорд Фаўнтлярой”, і многія іншыя творы. Класіка — ваша наканаванне? Вы шукалі ўсе гэтыя ролі ці яны шукалі вас?
— Па-рознаму было… Скажам, роля ў “Міхалавай зямлі” паводле Якуба Коласа была невыпадковай. Мяне вельмі цікавіў гэты матэрыял, і я прапанаваў яго нашаму мастацкаму кіраўніку Уладзіміру Савіцкаму, якога, у сваю чаргу, ён таксама вельмі зацікавіў. Савіцкі таксама апантаны беларускай класікай. Такім чынам, нашы агульныя памкненні выліліся ў гэты спектакль… Таксама ўсвядомлена і мэтанакіравана мы ажыццявілі з рэжысёрам Наталляй Башавай нашу сумесную творчую задуму — спектакль “Апошняя дуэль” паводле Аляксандра Пушкіна. Ён ішоў на малой сцэне на рускай мове. З той жа Наталляй Башавай зрабілі і “Запіскі вар’ята” паводле Мікалая Гогаля… Але, вядома, былі ў мяне і ролі, на якія проста прызначалі.

— А тыя спекталі, пра якія вы толькі што казалі, сёння прысутнічаюць у рэпертуары ТЮГа?
— “Міхалава зямля” ідзе. Спектаклі па Пушкіне і Гогалі ўжо не ідуць. Па Гогалі ў нас атрымаўся такі фестывальны спектакль. Мы вазілі яго на розныя фестывалі, атрымлівалі там прызы, але для стацыянарнай сцэны ён быў вельмі ўжо нетрадыцыйным, фантасмагарычным. Што да Пушкіна, то яму падчас апошняй дуэлі было 37 гадоў. А я ж крыху старэйшы ўжо… (Усміхаецца.М.Ч.) Неяк няёмка.

— Якім спектаклем адкрыецца Тэатр юнага гледача 1 чэрвеня?
— “Сіняй птушкай” паводле бельгійца Марыса Метэрлінка.

— Вы там іграеце?
— Там наогул задзейнічаны ўсе артысты нашага тэатра. А я там іграю Галоўную дамашнюю радасць! (Смяецца.М.Ч.) Там жа тэма філасофская, адпаведна, і персанажы незвычайныя: Хлеб, Цукар, розныя там шчасці і радасці…

— А ўвогуле, якую сваю ролю вы лічыце самай-самай?
— Некалькі такіх ёсць. Быў час, калі мяне называлі ў ТЮГу Пушкіным, бо я пачынаў з монаспектакля паводле Пушкіна. Потым яго не раз закрывалі-адкрывалі… Дарэчы, я для сябе Пушкіна адкрыў, калі служыў у войску, — зусім не такога, якога я ведаў у школе. А ў ТЮГу спектакль паводле Пушкіна ў маім выкананні спісалі толькі ў мінулым годзе — у розных варыянтах ён ішоў з 1982 года. Яшчэ з вялікай настальгіяй успамінаю незвычайна лёгкі, вясёлы, цудоўны спектакль паводле Аляксандра Хмеліка “А ўсё-такі яна круціцца!”. Я там іграў школьніка Пятрова. Уся роля была пабудавана на рэпрызах. Што ні рэпліка — у зале быў рогат. Ну вельмі смешная была роля! Хаця сам спектакль быў вельмі павучальным. Даваў адказ на пытанне “Як не атрымаць “двойку” ў жыцці?”. Ну, сапраўды, як выкручвацца ў жыцці, каб не атрымаць “двойку”? Можна вывучыць назубок увесь матэрыял — і атрымаць гэтую “двойку”, а можна і нічога не ведаць — і не атрымаць яе… Пра той спектакль хадзіла шмат анекдотаў. Там у нас ігралі два сабакі жывыя — адзін маленькі і другі вялікі-вялікі. Маленькі нанюхаўся гэтых шарыкаў, якія гуманоіды параскідалі, і адразу стаў вялікім! (Смяецца.М.Ч.) Я часта ўспамінаю той спектакль, тыя мае рэплікі… Калі Лапатухіна забралі гуманоіды і ён адлятаў з імі ў другі сусвет, я яму крычаў: “Вася! Джынсы прывязі!” А ведаеце, якая рэдкасць на той час, у пачатку 80-х, былі джынсы! Толькі ў фарцоўшчыкаў іх можна было купіць…

— Гэты спектакль ужо даўно не ідзе?
— Даўно… Многія дзяўчаты, якія ў ім ігралі, — ужо сталыя пенсіянеры.

— Мікалай Мікалаевіч, неаднойчы чуў думку ад тэатральных крытыкаў аб тым, што ў нас, услед за Расіяй, паступова вымалёўваецца дурнаватая тэндэнцыя хадзіць на канкрэтных зорак-артыстаў (дарэчы, пераважна з той жа Расіі), а не на спектаклі як такія… Што вы пра гэта думаеце?
— Так, людзі ходзяць на артыстаў. І раней хадзілі таксама. Але тут справа вось у чым… Як правіла, антрэпрызныя — і расійскія, і нашы — спекталі, якія зараз запаланілі тэатральныя сцэны, — гэта вельмі нізкаякасныя спектаклі з вельмі праблемным густам. А людзі што? Звычайным грамадзянам сапраўды не важна, што там за спектакль. Затое потым ён скажа сваім калегам і сябрам, маўляў, я бачыў вось гэтага артыста! Раней такога не было. Калі прыязджаў, скажам, нейкі маскоўскі тэатр, то людзі і ішлі на ТЭАТР, у тым ліку на вядомых яркіх артыстаў. А цяпер тэатры гастралююць менш. Вызвалілася прастора для антрэпрыз. На сваім тэатральным слэнгу мы называем антрэпрызу халтурай. Вы ж паглядзіце нават толькі назвы гэтых халтур: “Сублимация любви”, “Мужчина в подарок”, “Муж под кроватью” і г.д. Безумоўна, усё гэта несур’ёзна… Нічога глыбокага там адкрыць нельга, але для артыстаў гэта грошы. А для публікі… Ну, што? Прыйсці, расслабіцца ды яшчэ зорку пабачыць.

— Атрымліваецца так, што гэтыя халтуршчыкі, як вы кажаце, адбіраюць хлеб у сапраўднага тэатра?
— Яны не адбіраюць нічога… Справа ў тым, што, калі ў тэатры адбываецца нейкае адкрыццё, ставіцца нейкі спектакль, які сапраўды варты ўвагі, ад яго нічога не забярэш. Глядач пойдзе на яго. Глядач не дурны. Тут жа ёсць такі момант: тэатр не тое што павінен весці за сабой, але ва ўсякім разе ён выконвае патрэбы сённяшняга гледача. Адзін ходзіць у оперу, а другі ходзіць на “Хрыстафор”. Гэта розныя гледачы, і ў кожнага свая ніша. Але я ўпэўнены, што той глядач, які ходзіць на “Хрыстафор”, калі даведаецца пра нейкую з’яву ў сапраўдным тэатры (у тым жа Купалаўскім, ці ў Рускім, ці ў Тэатры юнага гледача), ён прыйдзе і сюды.

— Наогул, азіраючыся назад, у 70-я, 80-я, 90-я, што б вы маглі сказаць у параўнанні з тымі гадамі пра сённяшні стан беларускага тэатра?
— Ведаеце, чалавечая натура такая — успамінаць мінулае як лепшае за сучаснае. А чаму так? Ды таму што мы самі ў мінулым былі маладымі. Але справа, насамрэч, у тым, што ў тыя гады — 70-я, 80-я — і ў самім тэатры было больш прафесіяналізму, і больш прафесійна, больш уважліва, больш адказна ставіліся да праблем тэатра тыя, каму належала клапаціцца пра яго.

— Вы маеце на ўвазе чыноўнікаў ад культуры?
— Так. І ў Міністэрстве культуры, і ва ўпраўленнях… І цяпер часам можна пачуць, маўляў, раней у тэатры была цэнзура. Так, была! Любы спектакль прымала камісія Міністэрства культуры. Камісія прыходзіла, глядзела спектакль і давала ці не давала яму зялёнае святло. А зараз такога няма. Лёс спектакля вырашае толькі мастацкі савет таго ці іншага тэатра. І я лічу, што гэта няправільна. Дзяржава ж дае грошы на пастаноўку таго ці іншага спектакля. А потым атрымліваецца, што іх цікавіць толькі адно: ці выканалі мы каштарыс, як кажуць, капейка ў капейку. А што вы там зрабілі, як вы там сыгралі — гэта нікога не цікавіць. Я, шчыра вам скажу, увёў бы цэнзуру на ўсю антрэпрызу. Гэта ж відавочна: ёсць спектаклі проста ніжэй за плінтус.

— А што вы скажаце пра сённяшнюю дзіцячую і маладзёжную аўдыторыю? Многія настаўнікі скардзяцца, маўляў, жыццё сённяшніх падлеткаў цалкам захапілі розныя гаджэты і сацыяльныя сеткі, тэатр іх цікавіць менш за ўсё…
— Ніякі інтэрнэт, ніякае кіно ніколі не заменяць жывога дыялогу артыста з гледачом. Прывяду, можа, не зусім карэктную аналогію, але… Што вам больш даспадобы: па тэлевізары пабываць у Парыжы ці пабываць у Парыжы? А глядач — ён аднолькавы заўсёды. Праблемы, якія ставіць тэатр, тыя ж самыя: пра каханне, пра нянавісць, пра жыццё, пра смерць. Гэта вечныя праблемы. І калі ты гутарыш пра іх з чалавекам непасрэдна, сродкамі тэатра, то гледачы — і дзеці, і дарослыя — успрымаюць гэта. А дзіцячы тэатр, якім пераважна і з’яўляецца Тэатр юнага гледача, выконвае яшчэ і значную выхаваўчую ролю. Мы ж не ставім спектаклі на патрэбу сённяшняга гледача. Мы ўсё-такі выбіраем тэмы, якія могуць усхваляваць чалавека, прымусіць яго задумацца аб нечым важным. Тэатр ніколі не памрэ. Ён будзе жыць вечна. Ён нарадзіўся разам з чалавекам і будзе жыць, пакуль будзе жыць чалавек.

— Вы задзейнічаны ў многіх і дарослых, і дзіцячых спектаклях. Для якіх гледачоў іграць цяжэй: для дзяцей ці сталых людзей?
— Для дзяцей, напэўна, цяжэй. Мы часта гаворым, што ў Тэатры юнага гледача трэба іграць лепш, чым у тэатры для дарослых, таму што дзеці не пераносяць фальшу. Калі ім нецікава, яны ж не дадуць нам іграць спектакль. Дарослы глядач пасядзіць, паглядзіць, у крайнім выпадку, калі ён не зусім культурны, паднімецца пасярод спектакля і пойдзе. А дзеці ж адразу пачнуць тупаць, вырашаць паміж сабой свае адносіны і г.д.

— Мікалай Мікалаевіч, напярэдадні вялікага свята адкрыцця Тэатра юнага гледача пасля маштабнай рэканструкцыі некалькі пацешных ТЮГаўскіх гісторый ад Мікалая Лявончыка…
— Пра розныя смешныя выпадкі можна гадзінамі расказваць. Ну, вось, напрыклад, стаю я каля тэатра, некага чакаю. Ідзе маці з маленькім хлопчыкам. Гэты хлопчык запыняецца і чытае па складах: “Те-атр ю-но-го зри-те-ля…” Маці яго тузае: “Пошли, пошли быстрее!” А той упіраецца: “Мама, подожди! А это что за театр? Это там, где куклы, или там, где сами прикидываются?”
Яшчэ адзін выпадак. Прывёў я сваю дачку, калі яна яшчэ маленькая была, на спектакль “Рыгорка — ясная зорка” паводле Вярцінскага. І ў гэтым спектаклі была такая вялізная-вялізная лялька-змей. Там тры чалавекі яе насілі: адзін за лапы браў, другі — за хвост, а трэці — за галаву. І вочы ў таго змея святлом бліскалі ў глядзельную залу. Жах! І вось паглядзелі мы спектакль, ідзём з дачкой дадому. Яна такая задумлівая-задумлівая… Я пытаюся: “Ну, як табе спектакль?” “Нармальна”, — адказвае. Я пытаюся: “Ну, а як табе ігра артыстаў?” “Таксама нармальна”, — адказвае. А я ж бачу, што нешта не тое з ёй. Пытаюся наўпрост: “А чаму ты такая ўражаная?” І яна не вытрымлівае: “Тата, а змей гэты сапраўдны ці лялька?” Я кажу тады: “А як ты сама думаеш?” Яна падумала-падумала і кажа: “Сапраўдны… Але чаму ж ён тады ў антракце не вылез і нас не пакусаў?”
І такія гісторыі можна расказваць бясконца. Ідзе першы мой спектакль. Я іграю ролю таты-капітана пасля крушэння карабля. Выходжу на авансцэну ўвесь такі абарваны, у шмацці… І тут хлопчык з другога рада : “Я таксама хачу быць капітанам! Вазьмі мяне з сабой!” І ўсё… І я, малады артыст, як кажуць, раскалоўся — рассмяяўся проста на сцэне!
І апошняя гісторыя. Іграю я неяк у “Міхалавай зямлі”, выступаю там ад імя брата Міхала. Наша цымбалістка вельмі часта брала з сабой на спектаклі сваю маленькую дачушку, бо не было з кім пакінуць дома. За ёй заўсёды глядзелі адміністратары, а тут недагледзелі, і гэтая малая выбегла ў залу. Села ў першым радзе. Спачатку сядзіць, глядзіць. Потым ёй, відаць, надакучыла, яна пачала нагамі боўтаць. Гэта было яшчэ нармальна, хаця, безумоўна, яна мне перашкаджала . А потым ёй і гэта надакучыла! І яна пачала азірацца ды глядзець на гледачоў. І гледачы сталі таксама з ёй кантактаваць. Яна пачала ім тварыкі крывіць — і яны ёй… А я ў гэты час чытаю “Новую зямлю” Якуба Коласа… Ну што ты тут зробіш? Канечне, малое пераіграе любога артыста!

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.