Мікола Купрэеў і Маларытчына

Пры краязнаўчым музеі “Спадчына” Маларыцкай раённай гімназіі ўжо некалькі гадоў існуе пошукавая група з ліку вучняў 9—11 класаў, якія займаюцца зборам, вывучэннем, аналізам і сістэматызацыяй краязнаўчага матэрыялу. Не так даўно юнакі і дзяўчаты зацікавіліся асобай пісьменніка Міколы Купрэева (1937—2004), лаўрэата літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова.

Здавалася б, якое дачыненне мае Мікалай Сямёнавіч, які нарадзіўся ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці, да Маларытчыны. Паміж імі сотні кіламетраў. Ды і Маларытчына ў вершах і прозе Міколы Купрэева нідзе не ўзгадваецца.
— Ва ўсіх даступных крыніцах пра пісьменніка можна прачытаць, што ў 1943 годзе фашысты арыштавалі яго бацьку і забілі маці, — расказвае дзесяцікласніца Кацярына Бітуліна. — У 1947 годзе Мікола Купрэеў з бацькам пераехаў на Брэстчыну, у вёску Пескі Бярозаўскага раёна, а ў 1953 годзе — у вёску Міхнавічы Івацэвіцкага раёна. У 1957 годзе будучы пісьменнік скончыў сярэднюю школу ў Івацэвічах, а ў 1962 годзе — філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Мікалай Сямёнавіч працаваў у школах Ганцавіцкага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, а таксама ў рэдакцыі ляхавіцкай раённай газеты “Будаўнік камунізму”. Апошнія 15 гадоў жыў на Пружаншчыне: спачатку настаўнічаў у вёсцы Папялёва, а на пенсіі жыў у Пружанах. Пра Маларытчыну ні слова.
— У даведачнай літаратуры і інтэрнэце мы прачыталі, што Мікола Купрэеў пачаў пісаць яшчэ ў школьныя гады, але друкавацца стаў падчас вучобы ў інстытуце, — гаворыць дзесяцікласніца Кацярына Дацык. — Першыя абразкі былі апублікаваны ў 1958 годзе ў “Советской Отчизне” (цяпер часопіс “Нёман”). Першая кніга паэзіі “Непазбежнасць” убачыла свет у 1967 годзе, калі творцу было ўжо 30 гадоў. У 1995 годзе выйшаў другі зборнік паэзіі “Правінцыяльныя фантазіі”.
Дык чаму ўсё ж такі пошукавую групу зацікавіла асоба Міколы Купрэева?
— Справа ў тым, што лёс Мікалая Сямёнавіча ўсё ж быў звязаны з Маларытчынай, хоць і непрацяглы час, — тлумачыць дзесяцікласнік Кірыл Крэйдзіч. — Пасля работы з рознымі архіўнымі дакументамі, пошукаў і апрацоўкі матэрыялу жыццёвы шлях пісьменніка стаў больш поўным. Так, у жніўні 1965 года Мікола Купрэеў быў залічаны ў штат маларыцкай раённай газеты “Сельскае жыццё”, дзе працаваў загадчыкам аддзела пісем і масавай работы. У кастрычніку таго ж года ён звольніўся адтуль. За невялікі прамежак часу раённая газета надрукавала шэраг вершаў паэта (“Элегія”, “Парусы”, “А мы ўсё пытаемся”, “Яблынькі”, “Па вуліцы плыў тапаліны пух”, “Трывожная, ваенная і ўсё ж — вясна”), замалёўку “Схадзіце ў асенні лес”, фельетон “Свіная гісторыя”, артыкулы “У надзеі на лепшыя ўмовы” і “Калі педагог зліваецца з класам. Нататкі з урока”. У далейшым 3 вершы, апублікаваныя ў раёнцы, увайшлі ў першы зборнік паэта “Непазбежнасць”.
Амаль праз 2 гады лёс зноў закінуў Міколу Купрэева на Маларытчыну. У жніўні 1967 года ён быў прыняты настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Арэхаўскую сярэднюю школу, а ў верасні пераведзены ў Радзежскую сярэднюю школу, дзе працаваў да лістапада 1968 года.
На старонках раёнкі ў 1967 годзе былі надрукаваны толькі 3 вершы паэта: “Спатканні ў сярэдзіне ХХ стагоддзя”, “На базары” і “Залатое руно” (пераклады ўкраінскага паэта Віктара Лазарука), а ў 1968 годзе — толькі адзін артыкул (“Помнік у Радзежы”).
Пра Міколу Купрэева памятаюць былыя настаўнікі Ніна Касьянюк і Надзея Братчук, якія разам працавалі ў Радзежскай сярэдняй школе.
— Мікалай Сямёнавіч выкладаў рускую мову і літаратуру ў 5-х класах, а ў астатніх — беларускую мову і літаратуру, — узгадвае Надзея Братчук. — Акрамя таго, загадам дырэктара ён быў замацаваны за Новым Сялом, дзе вёў улік дзяцей, якім належала вучыцца ў школе. Пра тое, што пісаў вершы, нікому не гаварыў.
— Мікола Купрэеў з жонкай Святланай Ягораўнай жыў на кватэры ў мясцовай жанчыны, — гаворыць Ніна Касьянюк. — Чалавекам ён быў не ганарлівым, добразычлівым і шчырым. Сярод настаўнікаў не вылучаўся. Быў вельмі сціплым, негаваркім.
— Мікола Купрэеў выкладаў у мяне пэўны час родную мову і літаратуру, — успамінае Валерый Піпко. — Звычайны настаўнік. Мікалай Сямёнавіч ніколі не павышаў голасу на вучняў. Яго ўрокі заўсёды праходзілі ціха і спакойна.
Вось такую цікавую пошукавую работу правялі гімназісты, удзячныя за дапамогу бібліятэкару Радзежскай бібліятэкі-філіяла Наталлі Самасюк і настаўніцы Радзежскай сярэдняй школы Лідзіі Дацык.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.