Мінадукацыі: на канікулах можна арганізаваць экскурсіі на прадпрыемствы і наведаць дні адкрытых дзвярэй УВА і каледжаў

- 10:04Компетентно

Аб арганізацыі выхаваўчай работы ў час адпачынку і аздараўлення навучэнцаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў Аляксандр Мацюшонак, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі.

— Аляксандр Мікалаевіч, на наступным тыдні ў нашых дзяцей пачынаюцца вясеннія канікулы. Якое правіла вы назвалі б галоўным у правядзенні адпачынку і аздараўлення? Якія аспекты трэба вылучыць у рабоце педагогаў падчас канікул?

— Найважнейшы складнік арганізацыі адпачынку і аздараўлення нашых навучэнцаў у канікулярны перыяд — гэта захаванне іх бяспекі жыццядзейнасці. Таму ў гэты перыяд педагагічныя работнікі павінны з усёй адказнасцю паставіцца да сваёй работы і перш за ўсё кіравацца пастановай Міністэрства адукацыі ад 3 жніўня 2022 года № 227 “Аб зацвярджэнні правіл бяспекі, правіл расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў, якія адбыліся з навучэнцамі”. Напярэдадні канікул педагогі павінны праводзіць прафілактычныя гутаркі па правілах бяспечных і грамадскіх паводзін. Неабходна акцэнтаваць увагу дзяцей на абавязковым выкарыстанні святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак. На інфармацыйных стэндах, сайтах устаноў адукацыі трэба абавязкова размяшчаць інфармацыю аб мерапрыемствах, якія запланаваны на час вясновых канікул, аб дзейнасці педагагічных работнікаў, якія арганізуюць аздараўленне навучэнцаў. У ліку іх педагогі-арганізатары, кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, педагогі сацыяльныя, педагогі-псіхолагі, педагогі дадатковай адукацыі, настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, бібліятэкары і інш. З графікамі іх дзейнасці неабходна своечасова азнаёміць вучняў і іх бацькоў.

— Як будзе арганізавана работа лагераў з дзённым знаходжаннем вучняў?

— У дні вясенніх канікул традыцыйна арганізуецца работа лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей. Стан гатоўнасці вызначаецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі да мер бяспекі пры арганізацыі выхаваўчага працэсу, па захаванні пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічнымі і іншымі патрабаваннямі, устаноўленымі заканадаўствам аб адукацыі. Улічваючы тое, што гэты год знамянальны і праходзіць пад знакам 80-годдзя перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, гэтая тэма будзе гучаць у выхаваўчай рабоце падчас канікул школьнікаў. У лагерах з дзённым знаходжаннем будзе арганізаваны прагляд мастацкіх і хроніка-дакументальных кіна- і відэафільмаў пра Вялікую Айчынную вайну з наступным абмеркаваннем. Так, у прыватнас­ці, рэкамендаваны прагляд фільма “Час вярнуцца”, заснаванага на рэальных падзеях (вытворчасць кінастудыі “Беларусьфільм”, 2024 год). Пры выкарыстанні тэматыкі гэтых мерапрыемстваў неабходна карыстацца метадычнымі матэрыяламі рэспубліканскага культурна-патрыятычнага кінамарафону “Глядзі і памятай”. Акрамя таго, на канікулах будзе арганізавана экскурсійная дзейнасць, накіраваная на фарміраванне ў падрастаючага пакалення грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці, на выхаванне ў вучняў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, павагі да культурна-гістарычнай спадчыны свайго народа, падзей у гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Асаблівая ўвага павінна быць удзелена прафесійнай арыентацыі навучэнцаў, фарміраванню цікавасці да прафесій і ўсвядомленага выбару працоўнага шляху. З улікам гэтага рэкамендуем арганізаваць наведванне дзён адкрытых дзвярэй ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а таксама арганізаваць адукацыйныя экскурсіі на заводы і прадпрыемствы.

На што трэба звярнуць увагу ў арганізацыі турыстычна-экскурсійнай дзей­нас­ці?

— Пры арганізацыі турыстычна-экскурсійнай дзейнасці неабходна ўлічваць каляндар дзяржаўных свят, памятных і святочных дат. 22 сакавіка адзначаецца гадавіна трагічнай гібелі жыхароў Хатыні, таму мэтазгодна правесці экскурсіі школьнікаў у мемарыяльны комплекс “Хатынь” і яго філіялы (мема­рыяльныя комплексы “Курган Славы” і “Дальва”). Мэтазгодна наведаць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і яго фі­ліялы — ваенна-гістарычны комплекс “Старая мяжа”, філіял помніка воінам-інтэрнацыяналістам “Востраў Мужнасці і Смутку”. Мемарыяльны комплекс “Брэсц­кая крэпасць-герой” запрашае навучэнцаў наве­даць Музей абароны Брэсцкай крэпасці, яго філіял “Музей 5-ы форт”, розныя музейныя экспазіцыі.

На вясенніх канікулах неабходна выкарыстоўваць выхаваўчы патэнцыял музейнай педагогікі. Прыкладаў яе дастаткова. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры наведвальнікам прадстаўлены выставачны праект “Дарога да міру”, а таксама адкрываецца літаратурна-мастацкая фотавыстава “Вечная сувязь пакаленняў”. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава “Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў”.

27 сакавіка адзначаецца Су­светны дзень тэатра. У дні канікул сталічныя і абласныя тэатры Беларусі запрашаюць на свае спектаклі дзяцей і іх бацькоў.

— Які план дзейнасці падчас канікул у рэспубліканскіх і рэгіянальных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і
моладзі? Што рыхтуе для школьнікаў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства?

— Падчас канікул усе рэспуб­ліканскія, рэгіянальныя ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі будуць працаваць у штатным рэжыме. У кожнай з іх для дзяцей падрыхтаваны розныя забаўляльныя і выхаваўчыя мерапрыемствы, праекты, акцыі, выставы, бу­дуць працаваць гурткі і секцыі.

Штогод 30 сакавіка з мэтай прыцягнення ўвагі лю­дзей да глабальных экалагічных праблем адзначаецца міжнароднае свята — Дзень абароны Зямлі. Гэтаму бу­дзе прысвечана дзейнасць гарадскіх (раённых) цэнтраў экалогіі, турызму і краязнаўства. У канікулярны час у Рэспуб­ліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства запланавана правядзенне адукацыйнай праграмы “Падарожжа ў Экасвет”, дзе школьнікі даведаюцца шмат цікавага пра флору і фаўну, пазнаёмяцца з жыхарамі кутка жывой прыроды і акварыумнага класа, а таксама наведаюць аранжарэю з экзатычнымі раслінамі. У рамках тэматычных майстар-класаў і практыкумаў па садоўніцтве навучэнцы змогуць набыць навыкі па пасадцы раслін і іх доглядзе, вывучыць разнастайнасць экзатычных раслін аранжарэі. Акрамя таго, у дзяцей будзе магчымасць азнаёміцца з лабараторным комплексам і папраца­ваць у ім, наведаўшы тэматычныя майстар-класы і адукацыйныя заняткі аддзела навукова-даследчай і праектнай дзейнасці. Тут школьнікі самастойна праводзяць доследы і эксперыменты пад кіраўніцтвам педагогаў. 26 сакавіка ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства адбудуцца бясплатныя адукацыйныя заняткі “Юны сіноптык”, прысвечаныя Сусветнаму метэаралагічнаму дню. Да таго ж падчас канікул у цэнтры бу­дуць працаваць кансультацыйныя пляцоўкі для педагогаў па эколага-біялагічным, турыстычна-края­знаўчым і ваенна-патрыя­тычным напрамках. Усе жадаючыя мо­гуць наведаць выставу музеяў устаноў адукацыі “Час. Спадчына. Па­мяць” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе прадстаўлена пляцоўка цэнтра з унікальнымі музейнымі экспанатамі і матэрыяламі.

— Пазавучэбная дзейнасць на вясенніх канікулах арыентуецца на далучэнне бацькоў да розных выхаваўчых мерапрыемстваў, што ўплывае на выхаваўчы працэс.

— Узаемадзеянне з баць­камі, у тым ліку ў канікулярны перыяд, садзейнічае ўдасканаленню выхаваўчай работы сярод школьнікаў, шырокаму выкарыстанню новых, сучасных форм гэтай работы. Свое­часовае папярэджанне сямейнай нядоб­ранадзейнасці — паказчык эфектыўнасці дзейнасці ўстановы адукацыі па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, забеспячэнні правоў і законных інтарэсаў дзяцей, прафілактыцы гвалту ў дачыненні да непаўналетніх. Педагогам сацыяльным, педагогам-псіхолагам неабходна прадоўжыць работу па прававой і псіхалагічнай асвеце ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, распаўсюджванні ведаў аб відах гвалту, яго праяўленнях, па наладжванні добразычлівай атмасферы ў дзіцячых калектывах, выяўленні прыкмет сямейнай нядобранадзейнасці, адказнасці за злачынствы су­праць асабістай свабоды, гонару і годнасці, жыцця і здароўя, палавой недатыкальнасці непаўналетніх і г.д.

У канікулярны перыяд рэ­камендуецца арганізаваць узаемадзеянне ўстановы адукацыі з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі (сустрэчы з прадстаўнікамі вайсковых падраздзяленняў, МНС і іншымі ведамствамі).

Указам Прэзідэнта Рэспуб­лікі Беларусь № 1 ад 3 студзеня гэтага года 2025-ы аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Гэты год прадугледжвае рэалізацыю комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне і падтрыманне зручнага, бяспечнага, сучаснага і эстэтычна арганізаванага асяроддзя. Таму падчас мерапрыемстваў у канікулярны перыяд неабходна актыўна выкарыстоўваць сацыякультурную прастору свайго рэгіёна.

Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА