Выяўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — адзін з найбольш важных і складаных напрамкаў у рабоце ўстаноў адукацыі. Пра гэта заявіла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова на першым пасяджэнні Рэспубліканскага савета дырэктараў сацыяльна-педагагічных цэнтраў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Удзельнікамі пасяджэння вышэйназванага савета, што быў створаны на пачатку жніўня, сталі 130 чалавек. Яны падзяліліся вопытам работы СПЦ, абазначылі праблемныя пытанні і вызначылі шляхі іх вырашэння.
— Напярэдадні новага навучальнага года мы абмеркавалі праблемы і пытанні, якія тычацца дзейнасці сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Першае, што патрабуе большай увагі, — крызісная псіхалогія. Сёння СПЦ з пункту гледжання работы крызісных псіхолагаў павінны актыўным чынам уключыцца. Гэта адносіцца да ўсёй вертыкалі ўстаноў адукацыі — пачынаючы ад дзіцячага сада, школы і да каледжа, універсітэта, прычым незалежна ад ведамаснай прыналежнасці. СПЦ павінны займацца ўсімі ўстановамі адукацыі ўсіх узроўняў, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі, — падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Ён перакананы, што ўсе павінны працаваць у адзінай звязцы, каб зменшыць колькасць выпадкаў суіцыдальных паводзін, да якіх прыводзіць псіхалагічны недабрабыт дзяцей. У дапамогу спецыялістам былі створаны памятка па крызісным рэагаванні на суіцыдальныя паводзіны вучняў і алгарытм дзеянняў педработнікаў па своечасовым выяўленні навучэнцаў, схільных да суіцыдальных паводзін. Таксама выдадзены сумесны загад Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя, які зацвярджае Палажэнне аб міжведамаснай рабочай групе па аналізе прычын і ўмоў здзяйснення суіцыду (парасуіцыду), аказанні крызіснай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу.
— У памятцы распісана, як выявіць суіцыдальныя паводзіны па знешніх прыкметах, а таксама што рабіць, калі гэта здарылася. Бо любая крызісная сітуацыя застае знянацку і не кожны разумее, што з гэтым рабіць і як далей жыць. Але гэта толькі пачатак шляху, хоць увесь алгарытм прапісаны ў інструктыўна-метадычных пісьмах для ўстаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Мы ўжо рыхтуем адпаведныя пісьмы і для работы СПЦ, — дадаў Андрэй Іванавіч.
Другое, на чым акцэнтаваў увагу кіраўнік адукацыйнага ведамства, — прафілактыка сямейнага недабрабыту:
— Думаю, працэнтаў 70—80 дзейнасці спецыялістаў СПЦ звязана з выяўленнем сямейнага недабрабыту. На жаль, інстытут сям’і сёння не выконвае тую ролю, якую павінен выконваць, у поўным аб’ёме. Кожнаму з бацькоў неабходна ведаць, чым займаецца яго дзіця, а не толькі забяспечваць яго ежай і адзеннем. Спецыялісты СПЦ займаюцца сацыяльна-педагагічнай рэабілітацыяй і аказаннем псіхалагічнай дапамогі дзецям з нядобранадзейных сем’яў. Трэба ўзмацніць работу і з бацькамі.
Перад дырэктарамі СПЦ А.І.Іванец паставіў і трэцюю задачу — больш актыўнае і пільнае псіхолага-педагагічнае суправаджэнне прыёмных і замяшчальных сем’яў.
У сваю чаргу Алена Сімакова лічыць, што выяўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — адзін з найбольш важных і складаных напрамкаў у рабоце ўстаноў адукацыі.
— Выбудавана агульная сістэма работы, у якой СПЦ ужо даўно і трывала занялі лідзіруючыя пазіцыі, бо яны адыгрываюць значную ролю ў рабоце з сямейным недабрабытам. Так склалася, што дзейнасць каардынацыйных саветаў у раёнах забяспечваюць СПЦ. Іх спецыялістам трэба займаць прынцыповую пазіцыю: звяртаць увагу школ на неабходнасць своечасовага прызнання дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, — адзначыла Алена Фёдараўна.
Сёння існуе праблема змястоўнага напаўнення мерапрыемстваў па ліквідацыі сацыяльна небяспечнага становішча непаўналетніх. Пазіцыя Мінадукацыі ў гэтым пытанні гучыць так: лепш менш такіх мерапрыемстваў, але больш эфектыўных і накіраваных на знішчэнне прычын СНС.
— Пры карэкціроўцы заканадаўства мы будзем арыентаваць вас, спецыялістаў СПЦ, на маркеры сітуацыі ў сям’і, якія сведчаць пра неабходнасць экстраннага прыняцця больш жорсткіх мер у адносінах да сем’яў СНС або сем’яў, якія могуць доўга знаходзіцца пад кантролем без адабрання дзяцей, — сказала А.Ф.Сімакова. — Падчас маніторынгаў выяўлены факты неналежнага правядзення сацыяльных расследаванняў і неабгрунтаванага прыняцця рашэнняў аб адсутнасці крытэрыяў і паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча, заўчаснае вяртанне дзяцей на выхаванне бацькам, прыняцце рашэнняў каардынацыйнымі саветамі пры адсутнасці кворуму, неналежнае ўзаемадзеянне суб’ектаў прафілактыкі пры перадачы інфармацыі аб сем’ях. Вынік — гібель дзяцей.
Як паказвае практыка, кожны трэці факт гібелі дзіцяці з прычыны забойства, суіцыду, утаплення, пажару, кожны пяты факт сексуальнага насілля над ім, кожны сёмы факт учынення злачынства непаўналетнім абумоўлены сямейным недабрабытам. Дарэчы, сёлета адукацыйнае ведамства падрыхтавала тры інфармацыйныя лісты, як арганізаваць работу па выяўленні сямейнага недабрабыту.
— Яшчэ Міністэрства адукацыі звяртае ўвагу, што ніякія лічбы ці даныя статыстыкі не павінны спыняць, калі неабходна абараніць дзіця і яго інтарэсы. Работа па ліквідаванні неспрыяльнай для дзяцей сітуацыі ў сем’ях не павінна заставацца фармальнай. Намі дадзены даручэнні аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму арганізаваць асобны ўлік і аналіз інфармацыі аб сямейным недабрабыце, якая паступае ва ўпраўленні (аддзелы) па адукацыі ад дзяржаўных органаў і арганізацый, — паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы.
Дарэчы, у рэкамендацыях у другім паўгоддзі гэтага года неабходна вывучыць пытанні паўторнага прызнання дзяцей, якія знаходзяцца ў СНС або маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне дзяцей, вернутых за апошнія тры гады на выхаванне бацькам, механізм уключэння ўрачоў-псіхіятраў-нарколагаў у склад раённых каардынацыйных саветаў, а таксама правесці маніторынг занятасці дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, ахопу іх аздараўлення і часовай працоўнай занятасцю.
Акрамя таго, Міністэрства адукацыі прапануе арганізоўваць работу псіхолагаў ва ўстановах адукацыі па прынцыпе адчыненых дзвярэй. Ведамства рэкамендуе пастаяннае наведванне класных калектываў, правядзенне інфармацыйных гадзін, назіранне за навучэнцамі, вызначэнне тых дзяцей, якія знаходзяцца ў групе рызыкі і маюць патрэбу ў індывідуальнай рабоце.
Удзельнікі першага пасяджэння Рэспубліканскага савета дырэктараў СПЦ падзяліліся і ўдалым вопытам работы СПЦ. Так, дырэктар Магілёўскага абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святлана Нікіціна расказала пра эфектыўныя формы работы сваіх спецыялістаў:
— Формы работы, якія рэалізуюцца ў Магілёўскай вобласці, заслугоўваюць увагі. Падчас арганізацыі прафілактычнай работы інфармацыю мы даносім да кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу. Для ўспрымання інфармацыі праводзім трэнінгі і практыкумы. Часам патрабуецца сфарміраваць навыкі ўсвядомленай мадэлі паводзін. Тады выкарыстоўваем, напрыклад, так званы адукацыйны кластар. Ён заключаецца ў тым, што спецыялісты абласнога СПЦ наведваюць прадукцыйны трэнінг у Рэспубліканскім цэнтры псіхалагічнай дапамогі. Пасля іх задача — максімальна данесці набытыя веды і вопыт да калег. З гэтай мэтай на базе нашага абласнога СПЦ арганізуецца шматдзённы трэнінг з запрашэннем спецыялістаў раённых СПЦ. А яны потым прыязджаюць да сябе ў раён і праводзяць аналагічны трэнінг у кожнай школе. Эфект ад такой формы вельмі значны.
Да таго ж на Магілёўшчыне на працягу 5 гадоў рэалізуецца марафон “Праводжу лета з карысцю”. Яго мэта заключаецца ў тым, каб кожны навучэнец авалодаў нейкім простым працоўным навыкам за летнія канікулы. Атрымліваецца добрая форма зносін старэйшага і малодшага пакаленняў па асваенні працоўных навыкаў.
— На першым класным часе вучні дзеляцца навыкамі, якія яны набылі, і выказваюць удзячнасць таму, хто іх гэтаму навучыў. Выдатна, калі гэта былі бацькі, бабулі і дзядулі. На бацькоўскіх сходах класныя кіраўнікі адзначаюць тых татаў і мам, якія прынялі актыўны ўдзел у нашым марафоне. Такім чынам падтрымліваецца сямейнасць. Мяркуем, што форма прафілактыкі праз сямейнае выхаванне мае права на жыццё, — падзялілася думкай С.І.Нікіціна.
Фота аўтара
На першай сустрэчы дырэктараў сацыяльна-педагагічных цэнтраў краіны прагучала шмат добрых прапаноў. Якія з іх прыжывуцца — пакажа час. Аднак ужо сёння міністр адукацыі паставіў задачу — “выпрацаваць простыя, але эфектыўныя падыходы для першага скрынінгу сямейнага недабрабыту”.
Да таго ж у новым навучальным годзе неабходна правесці маніторынг становішча дзяцей у замяшчальных сем’ях з ацэнкай гатоўнасці прыёмных бацькоў задавальняць усе патрэбы прыёмных дзяцей; арганізаваць выязныя павышэнні кваліфікацыі прыёмных бацькоў у раёнах, дзе функцыянуе шмат такіх сем’яў; правесці дыягностыку запыту прыёмных бацькоў на метадычнае суправаджэнне з практычным акцэнтам, зыходзячы з асаблівасцей выхаванцаў.
— Упэўнены, што дзейнасць Рэспубліканскага савета дырэктараў сацыяльна-педагагічных цэнтраў будзе практыка-арыентаванай і карыснай для цэнтраў усіх узроўняў, — падагульніў А. Іванец.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота прадастаўлены БДПУ