Мінадукацыі — пра новыя крытэрыі ў фарміраванні школьных сцяганосных груп

- 10:03Актуально, Образование

Сцяганосныя групы былі створаны ў сістэме адукацыі ў мінулым навучальным годзе. Каб сістэматызаваць гэты напрамак, да пачатку новага навучальнага года Міністэрства адукацыі распрацавала інструктыўна-метадычныя рэкамендацыі па іх арганізацыі. Падрабязна аб гэтым карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі ведамства Віктар Доўнар.

Так, у кожнай установе адукацыі павінна быць створана свая сцяганосная група для ганаровага ўшанавання Дзяржаўнага сцяга і правядзення рытуалу. Гэта азначае, што на мерапрыемствах выхаваўчага характару ў абавязковым парадку будзе арганізаваны вынас Дзяржаўнага сцяга. Прадугледжваецца шэраг патрабаванняў, крытэрыяў, механізмаў дзеяння, якія неабходна пры гэтым прымяняць. Установа адукацыі прадастаўляе членам групы ваенную парадную форму адзення, белыя пальчаткі, стужкі. Усе гэтыя атрыбуты можна выкарыстоўваць пры наяўнасці права іх нашэння. Для ганаровай місіі Дзяржаўны сцяг павінен быць вылучаны асобна і прызначаны толькі для яго вынасу сцяганоснай групай. Ва ўстанове адукацыі яму трэба вызначыць спецыяльнае месца для захоўвання.

Сцяганосная група можа складацца ад 1 да 4 чалавек, у ліку якіх будуць яе кіраўнік і непасрэдна сцяганосцы. Могуць быць утвораны некалькі такіх каманд на выпадак, калі спатрэбіцца замена. Члены групы выбіраюцца сярод навучэнцаў другой альбо трэцяй ступені навучання. У асноўным гэта вучні 8—9-х класаў, якія з’яўляюцца актыўнымі членамі вучнёўскага самакіравання, пярвічных арганізацый БРСМ, піянерскай арганізацыі, пераможцы і ўдзельнікі розных конкурсаў, фестываляў патрыятычнай накіраванасці, добра вучацца, маюць прыкладныя паводзіны. Набор арганізоўваецца на конкурснай аснове. Улічваюцца таксама асаблівасці фізічнага стану здароўя навучэнца, яго фігура, рост.

Мерапрыемствы з вынасам Дзяржаўнага сцяга могуць быць прымеркаваны як да асноўных дзяржаўных свят, так і лакальных, якія тычацца, напрыклад, пачатку новага навучальнага года, заканчэння чвэрцяў, перамог школьнікаў у спаборніцтвах, прыёму іх у піянеры. Сцяганосная група можа ўдзельнічаць таксама ў патрыятычных акцыях, ва ўскладанні кветак да памятных месцаў, помнікаў героям.

Фарміраванне такіх груп неабходна ўдакладніць з бацькамі навучэнцаў, для гэтага трэба правесці сход, каб бацькі даведаліся, што сабой уяўляюць сцяганосныя групы і для чаго прызначаны, і далі згоду на іх стварэнне.

Аб іншых напрамках выхаваўчай работы ў новым навучальным годзе чытайце ў бліжэйшы час у «Настаўніцкай газеце».

Ала КЛЮЙКО
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі