Міні-трактар для дзіцячага дома сямейнага тыпу

- 11:59Адукацыйная прастора

У ходзе рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў аграгарадку Клясціцы Расонскага раёна дзіцячаму дому сямейнага тыпу сям’і Котавых урачыста ўручылі новы міні­трактар “Беларус”.

Павіншаваць з надыходзячымі Новым годам і Калядамі шасцярых выхаванцаў Ганны Леанідаўны і Анатоля Анатольевіча разам з кіраўніцтвам раёна і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый завіталі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Ула­дзімір Цярэнцьеў і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома.

Котавы — добрыя гаспадары і выдатны прыклад для сваіх выхаванцаў. Муж — хлебароб, механізатар па прафесіі; жонка — заўзятая агародніца і ўмелы кулінар. Выгадавалі дваіх уласных дзяцей, цяпер новае пакаленне падрастае — чацвёра ўнукаў. Ганна Леанідаўна з’яўляецца лаўрэатам прэміі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанка, пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года — 2013” у намінацыі “За дасягненні ў выхаванні дзяцей”. Малодшыя цягнуцца за дарослымі, у тым ліку з задавальненнем займаюцца вырошчваннем і нарыхтоўкай смачных ягад, садавіны, агародніны. Шаснаццацігадовая Даша, чатырнаццацігадовыя Ігар і Руслан, дванаццацігадовая Юля, адзінаццацігадовы Андрэй і трохгадовы Данііл з цікавасцю пераймаюць гаспадарчыя сакрэты і лайфхакі. На цяперашні час прывабная, дагледжаная тэрыторыя сямейнага прысядзібнага ўчастка складае ч­­вэрць гектара. Калі ў мінулым го­дзе кіраўнік абласнога дэпутацкага корпуса прыяз­джаў да Котавых з навагоднімі віншаваннямі, то запомніў словы Анатоля Анатольевіча: “Яно добра для дзетак было б падсобную гаспадарку і зямельны надзел павялічыць, мы б і гектар пацягнулі. Адна праблема: голымі рукамі шмат не зробіш…” Таму сёлета падарунак да свят выбраны неардынарны, затое надзвычай патрэбны.

— Карысны сюрпрыз з сэнсам, — патлумачыў Уладзімір Цярэнцьеў. — Няхай дзеці, хто ў клопаце і ўвазе тут расце, з маленства вучацца моцна стаяць на нагах, любіць сваю малую радзіму, быць самастойнымі ва ўсіх справах. Атрыманыя ў замяшчальнай сям’і першыя працоўныя навыкі стануць надзейным падмуркам, на якім яны потым пабудуюць уласныя моцныя і дружныя сем’і.

Міні-трактар — сапраўды значная дапамога. А ў дадатак госці прывезлі трохкорпусны плуг! Вядома, не забыліся пра салодкія падарункі для дзяцей. І, канечне ж, былі навагодняя прыгажуня ёлка, нетаропкая размова за святочным сталом і смачныя пачастункі.

У той жа дзень Уладзімір Цярэнцьеў і Дзмітрый Хома наведалі Расонскую сярэднюю школу імя П.М.Машэрава.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена аддзелам па адукацыі Расонскага райвыканкама.