“Мінімалку” прапануюць павялічыць

- 11:46Інфармацыйная гадзіна

Урад падрыхтаваў праект пастановы аб павышэнні мінімальнай зарплаты. Такая інфармацыя размешчана на сайце ФПБ са спасылкай на міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыну Касцевіч.

На пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, якое адбылося ў штаб-кватэры ФПБ у Мінску, Ірына Касцевіч паведаміла, што падрыхтаваны праект пастановы ўрада, які прадугледжвае ўстанавіць мінімальную зарплату ў памеры Br330, або 95% мінімальнага спажывецкага бюджэту сям’і з чатырох чалавек на 2019 год. Паводле яе слоў, дакумент узгоднены з усімі зацікаўленымі бакамі, акрамя ФПБ, якая лічыць неабходным устанавіць мінімальную зарплату на ўзроўні 100 працэнтаў.

З 1 студзеня “мінімалка” была ўстаноўлена ў памеры 93,8% ад мінімальнага спажывецкага бюджэту, дзеючага на той момант, і 87,7% ад дзеючага ў лістападзе.

Двойчы ў бягучым годзе павялічвалася і тарыфная стаўка 1-га разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы.

Сярэдняя зарплата ў бюджэтнай сферы за студзень — верасень склала Br719. Напрыклад, настаўнікі ў гэты перыяд атрымлівалі ў сярэднім Br804 (83,4% да рэспубліканскага ўзроўню), прафесарска-выкладчыцкі склад — Br1103 (104,5%), урачы — Br1225 (127%), сярэдні медперсанал — Br769 (79,8%).