Міністэрства адукацыі агучыла прапановы аб правядзенні ўступнай кампаніі 2015 года

- 11:21Калегіі, пасяджэнні, Рознае

На пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі падвялі вынікі ўступнай кампаніі, у прыватнасці прааналізавалі сёлетнія новаўвядзенні, а таксама агучылі прапановы па аптымізацыі прыёму на будучы год.
Калі гэтыя прапановы будуць прыняты, то для абітурыентаў 2015 года прахадныя балы павялічацца, а апошні дзень прыёму дакументаў стане “днём цішыні”.

Дэмаграфічная сітуацыя пачне паляпшацца з 2016 года

Аналізуючы вынікі ўступнай кампаніі 2014 года, міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч адзначыў вялікі ўплыў дэмаграфічнай сітуацыі: “Сёння мы назіраем істотнае змяншэнне колькасці абітурыентаў, і таму канкурэнцыя паміж установамі адукацыі вельмі ўзмацнілася. Напрыклад, раней мы стараліся дэманстраваць поспехі лепшых устаноў: паглядзіце, яны выканалі кантрольныя лічбы прыёму, пераймайце іх вопыт. А зараз мы разумеем, што калі нейкая ўстанова спрацавала лепш, то для іншай проста не хапае абітурыентаў. У такой сітуацыі адкрыццё або закрыццё набору на тую ці іншую спецыяльнасць у адной установе аказвае сур’ёзны ўплыў на ўсю прыёмную кампанію. Таму нам трэба выпрацаваць прынцыпова новыя механізмы ўстанаўлення кантрольных лічбаў прыёму”.
Як паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш, агульнаадукацыйную школу ў 2014 годзе скончылі 55,1 тысячы чалавек (на 7% менш, чым у мінулым годзе). І гэтая тэндэнцыя будзе захоўвацца. Выпуск на ўзроўні базавай школы склаў амаль 90 тысяч чалавек (на 2,5% больш, чым летась). У 2015 годзе колькасць дзевяцікласнікаў будзе прыкладна такой жа, а з 2016 года пачне павялічвацца.

Няпрофільная падрыхтоўка ў каледжах будзе скарачацца

“З улікам таго, што рынак працы ўстойліва арыентаваны на рабочыя прафесіі, нам неабходна пераразмеркаваць плыні школьнай моладзі”, — адзначыў Вадзім Богуш. У прыватнасці, прапаноўваецца скараціць ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі няпрофільную падрыхтоўку, а таксама тыя спецыяльнасці, па якіх значная колькасць выпускнікоў ідзе працаваць рабочымі з нізкім разрадам, і адначасова пачаць у гэтых установах падрыхтоўку па праграмах прафтэхадукацыі. “Такая мера дазволіць падрыхта-ваць неабходныя кадры са значна меншымі выдаткамі бюджэтных сродкаў і ў больш кароткія тэрміны”, — падкрэсліў першы намеснік міністра.
Пры гэтым аб’ём і структуру прыёму ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі прапаноўваецца захаваць на сёлетнім узроўні. Выключыць толькі рэдкія і нешматлікія прафесіі, па якіх заяўленая патрэба складае менш за 25 чалавек, арганізаваўшы адпаведнае навучанне непасрэдна на прадпрыемствах. Таксама прапаноўваецца скараціць аб’ём падрыхтоўкі (ці ўвогуле падрыхтоўку) па тых прафесіях, па якіх выпускнікам гэтага года было дадзена права самастойнага працаўладкавання з прычыны адсутнасці працоўных месцаў.

Па выніках асноўнага набору ў ВНУ 7% месцаў аказаліся незапоўненымі

Прыём ва ўстановы вышэйшай адукацыі сёлета праходзіў па істотна змененых правілах. Адменена прафесійна-псіхалагічнае субяседаванне, а таксама асобны конкурс для сельскіх і гарадскіх выпускнікоў. Права паступаць на завочную форму навучання давалася толькі працуючым абітурыентам. З’явілася магчымасць арганізацыі дадатковага набору ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Зменены ўмовы прыёму на мэтавую падрыхтоўку.
Новаўвядзенні тычыліся і педагагічных спецыяльнасцей. Станоўчую ролю адыграла норма правіл прыёму аб залічэнні без уступных выпрабаванняў медалістаў і асоб, якія скончылі ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі з чырвоным дыпломам. У параўнанні з мінулым годам сярод залічаных на педагагічныя спецыяльнасці колькасць такіх людзей вырасла на 163 чалавекі.
“Некаторыя новаўвядзенні ўжо ацэнены станоўча, некаторыя патрабуюць дадатковай праверкі”, — заўважыў Вадзім Богуш.
Сёлета па выніках асноўнага набору ва ўстановах вышэйшай адукацыі незапоўненым засталося 1561 дзённае бюджэтнае месца (каля 7% ад кантрольных лічбаў прыёму). Па рашэнні дзяржаўнай камісіі, дадатковы набор ажыццяўляўся толькі па тых спецыяльнасцях, па якіх назіраецца вострая кадравая патрэба ў эканоміцы і сацыяльнай галіне. У выніку і пасля дадатковага набору 81 бюджэтнае месца засталося незапоўненым.
Што да прыёму на ўмовах аплаты, то ў апошнія гады ён няўхільна скарачаецца (з 51 тысячы ў 2011 годзе да 25 тысяч у 2014 годзе). Сёлета выканаць свае планы па платным наборы не змагла ніводная ўстанова вышэйшай адукацыі. Таму гэтыя планы рэкамендавана перагледзець, пакінуўшы іх на ўзроўні рэальнага прыёму 2014 года.
Першы намеснік міністра адзначыў сур’ёзнае невыкананне лічбаў прыёму ў недзяржаўных установах вышэйшай адукацыі, дзе план быў выкананы ўсяго на чвэрць, а на дзённую форму навучання — увогуле толькі на 16%. Больш за 600 абітурыентаў на ўсе формы навучання прынялі толькі тры недзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі: Гомельскі ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” і БІП — Інстытут правазнаўства.

Тэндэнцыя скарачэння эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцей захаваецца

Вадзім Богуш паведаміў, што ў 2015 годзе Міністэрства адукацыі плануе зменшыць кантрольныя лічбы прыёму ў ВНУ на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту на 400 месцаў. Такім чынам, плануецца прыняць 22,3 тысячы чалавек. Кантрольныя лічбы прыёму на завочнай бюджэтнай форме навучання плануецца скараціць на 600 месцаў і прыняць на вучобу 4,1 тысячы чалавек.
Захаваецца тэндэнцыя скарачэння эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцей, асабліва ў няпрофільных установах вышэйшай адукацыі. “Гэтая работа будзе праводзіцца з улікам размеркавання выпускнікоў, — заўважыў Вадзім Анатольевіч. — Будуць аналізавацца факты, калі выпускнікі працуюць або не па профілі, або не ў адпаведнасці з кваліфікацыяй. Напрыклад, калі выпускнікі спецыяльнасці “Сусветная эканоміка” працуюць прапаршчыкамі ў міліцыі ці спецыялістамі па пластыкавых картках у банках”.
Скарачэнне няпрофільных эканамічных спецыяльнасцей плануецца шляхам поўнага адмаўлення ад іх на бюджэтнай форме і захавання на платнай форме на ўзроўні фактычнага прыёму 2014 года.

Парогавыя значэнні вынікаў ЦТ плануецца павысіць

Важным рэгулятарам прыёмнай кампаніі 2014 года сталі парогавыя значэнні вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, якія не толькі аказалі ўплыў на якасны склад абітурыентаў вышэйшай школы, але і пераарыентавалі шмат моладзі на сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную адукацыю.
“Прынятыя ў 2014 годзе значэнні парогавых балаў для асноўнага набору сустрэлі адабрэнне ва ўніверсітэцкім асяроддзі, бо адпавядалі разуменню ў грамадстве пэўнай элітарнасці вышэйшай адукацыі, — заўважыў Вадзім Богуш. — Аднак, каб пазбегнуць рызыкі невыканання кантрольных лічбаў прыёму на спецыяльнасці, запатрабаваныя эканомікай, але непапулярныя ў абітурыентаў, пры рэалізацыі дадатковага набору ад гэтага прынцыпу давялося адысці. І вось зніжэнне парогавых значэнняў ЦТ да трох балаў, якое было пралабіравана адпаведнымі органамі дзяржаўнага кіравання, выклікала ў грамадстве негатыўную ацэнку. Міністэрства адукацыі таксама лічыць, што зніжэнне парогавых значэнняў ва ўмовах нізкага конкурсу не дазваляе залічыць лепшых абітурыентаў і ў доўгатэрміновай перспектыве прывядзе да зніжэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. Мы лічым, што выкананне кантрольных лічбаў прыёму павінна выконвацца не зніжэннем парогавых значэнняў, а істотным узмацненнем прафарыентацыйнай работы”.
У сувязі з гэтым Міністэрства адукацыі прапаноўвае ў будучым годзе павысіць парогавыя значэнні балаў па першым профільным прадмеце ўступных выпрабаванняў да 20-ці. Пры гэтым парогавае значэнне балаў па другім профільным прадмеце захаваць на ўзроўні гэтага года. Акрамя таго, прапаноўваецца не карэкціраваць парогавыя значэнні пры дадатковым наборы. Асаблівы падыход магчымы толькі да некаторых сацыяльна значных спецыяльнасцей (напрыклад, ваеннага профілю).
Таксама плануецца правесці эксперымент па выкарыстанні аўтаматызаванай сістэмы прыёму дакументаў і залічэння ва ўстановы вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях юрыдычнага і педагагічнага профілю.

Мэтавая падрыхтоўка прыцягальная не для ўсіх

На ўмовах мэтавага прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі сёлета было залічана 2311 чалавек (83% ад плана). Адной з прычын недабору на мэтавыя месцы называецца непераадоленне мэтавікамі парогавых значэнняў цэнтралізаванага тэсціравання. Аднак, што тычыцца сельскагаспадарчых спецыяльнасцей, прысутны на пасяджэнні калегіі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання У.А.Самсановіч назваў яшчэ адну сур’ёзную прычыну.
“Умовы мэтавага прыёму не прывабліваюць абітурыентаў сельскагаспадарчых устаноў адукацыі, — заўважыў Уладзімір Аляксеевіч. — Усё ж такі праца ў нашай галіне нялёгкая, а таму маладыя людзі і іх бацькі не хочуць пасля заканчэння навучання размяркоўвацца на 5 гадоў. У выніку мэтавы набор праходзіць без конкурсу і выконваецца ўсяго на 70—80%. І гэта нягледзячы на тое, што ўстановамі Мінсельгасхарча праводзіцца велізарная прафарыентацыйная работа”.
У сувязі з гэтым Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання прапаноўвае зрабіць выключэнне для сваёй галіны і зрабіць для мэтавікаў аграрных устаноў адукацыі двухгадовае размеркаванне, як для звычайных бюджэтнікаў.
“Інакш кадравую праблему ў сельскай гаспадарцы не вырашыць, — перакананы Уладзімір Аляксеевіч. — Нашым міністэрствам прынята 11 нарматыўных дакументаў, якія накіраваны на замацаванне спецыялістаў на сяле. У кіраўнікоў ёсць шмат магчымасцей, каб забяспечыць ім камфортныя ўмовы жыцця і працы, — гэта і добраўпарадкаванае жыллё, і гарантаваныя выхадныя, і даплаты. Таму галоўнае — прыцягнуць моладзь на вучобу ў аграрныя ВНУ, а там ужо наш клопат — стварыць для іх спрыяльнае асяроддзе, каб яны засталіся не толькі на пяць гадоў, а нават на больш”.
Такая пазіцыя чыноўніка знайшла разуменне і ў міністра адукацыі С.А.Маскевіча і ў віцэ-прэм’ера А.А.Тозіка, якія паабяцалі сур’ёзна абмеркаваць сітуацыю. Наўрад ці для абітурыентаў аграрных універсітэтаў будуць зніжацца прахадныя балы, а вось верагоднасць таго, што тэрмін адпрацоўкі для мэтавікаў будзе зменшаны, з’явілася.

У сістэме прыёму будуць і арганізацыйныя змены

Што да арганізацыі ўступнай кампаніі, то Міністэрства адукацыі прапаноўвае павялічыць тэрміны прыёму дакументаў у асноўны набор на два дні, пакінуўшы агульную працягласць прыёму дакументаў без змяненняў. Таксама прапаноўваецца змяніць падыход да інфармавання абітурыентаў падчас уступнай кампаніі.
“Наяўная сістэма інфармавання прыводзіць да праблем, звязаных з залішняй загрузкай прыёмных камісій у апошні дзень, калі вялікая колькасць абітурыентаў пачынае пераносіць дакументы з адной спецыяльнасці на другую, — гаворыць Вадзім Богуш. — Прычым гэтая мітусня не дае абітурыентам ніякіх гарантый, што яны будуць залічаны. Міністэрства адукацыі прапаноўвае апошні дзень прыёму дакументаў зрабіць “днём цішыні”, гэта значыць, не інфармаваць абітурыентаў аб колькасці пададзеных заяў. Акрамя таго, у зводках аб ходзе прыёму дакументаў не варта даваць залішнюю дэталізацыю. Мы прапануем указваць толькі колькасць пададзеных заяў, а таксама найбольшыя і найменшыя балы, заяўленыя абітурыентамі. Зрэшты, усё гэта патрабуе дадатковага абмеркавання”.

Галіна СІДАРОВІЧ.