Міністр адукацыі Андрэй Іванец правёў пераднавагоднюю сустрэчу з педагагічнымі работнікамі, якія маюць ганаровыя званні “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь” і “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У мерапрыемстве, якое прайшло ў БДПУ, таксама прынялі ўдзел рэктар універсітэта Аляксандр Жук і намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. Фармат сустрэчы прадугледжваў дыялог у камфортнай атмасферы за кубкам чаю.
— Мы сабраліся, каб абмяняцца думкамі аб тым, што сёння хвалюе вас, вядучых педагогаў краіны, — адзначыў Андрэй Іванец. — Вы бачылі розныя перыяды ў развіцці сістэмы адукацыі, можаце правесці параўнанні і падказаць, на што сёння неабходна звярнуць увагу. Ваш прафесійны шлях і дасягненні з’яўляюцца добрым прыкладам для маладых педагогаў. Калі яны будуць таксама шмат працаваць, то і іх заўважаць і адзначаць адпаведнымі ўзнагародамі.
На сустрэчы гаварылі пра той велізарны ўплыў, які здольны аказаць педагог як асоба на жыццё кожнага з вучняў.
— Настаўнік павінен быць прыкладам для сваіх выхаванцаў, паколькі дзеці часта капіруюць дарослых, у тым ліку ў паводзінах і манерах. Асабліва гэта заўважна ў пачатковых класах. Але і ў старшай школе вучню можа пашанцаваць сустрэць таго настаўніка, які акажа на яго вялікі ўплыў, на якога захочацца быць падобным, — заўважыў Міхаіл Волкаў, настаўнік-трэнер па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд па матэматыцы гімназіі № 8 Віцебска. — Якога маладога чалавека мы хочам выпусціць са школы? Такога, які самастойна ўмее здабываць веды і пераводзіць іх у практычную дзейнасць. Трэба выхоўваць інтэлектуальна развітую асобу. Таму важна распрацоўваць сістэмы і методыкі, якія дазваляюць фарміраваць у дзецях гэтыя якасці.
Павінны быць і крытэрыі ацэнкі асобы. Міхаіл Волкаў прапанаваў наступныя: як вучань умее зводзіць невядомыя веды да вядомага алгарытму; пры дапамозе якіх інтэлектуальных дзеянняў ён атрымлівае гэты вынік; як можа ўтвараць спалучэнне новых ідэй, якія адказваюць пэўнай мэце, і падаваць гэтыя ідэі ў выглядзе пакрокавых праграм так, каб яго разумелі астатнія школьнікі і настаўнік.
Міхаіл Волкаў працуе ў прафесіі 47-ы год, ён даў пуцёўку ў жыццё многім пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. Сярод яго выпускнікоў 9 дактароў і 37 кандыдатаў навук.
Андрэй Іванец падкрэсліў, што сістэмны падыход міністэрства ў рабоце з высокаматываванымі і адоранымі дзецьмі ўжо адчулі ліцэі нашай краіны, дзе з гэтага года выкарыстоўваюцца вучэбныя планы, якія да гэтага паспяхова прымяняліся ў Ліцэі імя Ф.Э.Дзяржынскага БДУ. З мэтай выяўлення адораных навучэнцаў і далучэння да работы з таленавітай моладдзю як мага больш педагогаў сёлета пачала дзейнічаць вочна-дыстанцыйная школа алімпіяднага руху па ўсіх прадметах прыродазнаўчанавуковага цыкла.
Дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска Наталля Бушная закранула тэму ідэалагічнай работы з працоўнымі калектывамі:
— Калі маладыя педагогі ўжо асвоілі курс “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, то большасць настаўнікаў яго ў свой час проста не вывучалі. Лічу, што праз гэты курс павінен прайсці кожны настаўнік.
Размова падчас сустрэчы ішла аб удасканаленні вучэбных дапаможнікаў, а таксама аб пытаннях інфарматызацыі і развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту. Вядома, штучны інтэлект не заменіць педагога, але яго магчымасці можна паспяхова прымяняць у адукацыі.
Андрэй Іванец прапанаваў БДПУ разам з Акадэміяй адукацыі распрацаваць курсы для настаўнікаў па выкарыстанні тэхналогій штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе.
Міністр таксама агучыў інфармацыю аб сваім даручэнні ўнесці змяненні ў нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці:
— Калі вучань зрабіў у рабоце памарку, выпраўленне, чаму мы не можам яму паставіць 10 балаў? Нават на ЦЭ (ЦТ) абітурыент мае права выправіць да 10 памылак і атрымаць 100 балаў. Мы плануем змякчыць гэтыя нормы.
Гаворачы аб адукацыйных траекторыях, якія існуюць у сённяшніх выпускнікоў школ, міністр падкрэсліў, што арыентаваць дзіця на свядомы выбар трэба не ў 11 класе, а значна раней. Неабходна разглядаць розныя варыянты навучання, у тым ліку паступленне ў каледж, пасля заканчэння якога можна не толькі ўладкавацца на работу, але і працягнуць адукацыю. Так, сёлета 7 тысяч выпускнікоў каледжаў паступілі ва ўніверсітэты.
У завяршэнні сустрэчы Андрэй Іванец запрасіў педагогаў наведаць музейныя экспазіцыі, прадстаўленыя ў міністэрстве, прысвечаныя 105-годдзю органаў дзяржаўнага кіравання сістэмай адукацыі нашай краіны і 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА