Міншчына спартыўная

З пачаткам года ў Мінскай вобласці стартавалі зімовыя мерапрыемствы маштабнага праекта “Міншчына спартыўная”. Падзеі, што адбываюцца кожныя выхадныя ў рамках праекта, дазволілі дзецям і дарослым у поўнай меры атрымаць асалоду ад зімовых забаў, спорту і сяброўства.

Сёлета зіма шчодра дорыць нам снег і па-сапраўднаму зімовае надвор’е. І проста нельга не скарыстацца гэтым, каб умацаваць здароўе дзяцей і павесяліцца. Мноства магчымасцей для гэтага дорыць абласны праект “Міншчына спартыўная”.

Праект закліканы павысіць фізічную актыўнасць моладзі, зацікавіць яе спортам, стварыць умовы для таго, каб кожны мог знайсці сабе занятак па душы і бавіць вольны час здарова і здорава. Праект мае сезоннае дзяленне, зімовая яго частка стартавала ў першыя дні 2019 года. І кожную суботу і нядзелю да пачатку вясны ўстановы адукацыі запрашаюць усіх жадаючых узяць удзел у разнастайных спартыўна-масавых мерапрыемствах. У Мінскай вобласці заліта 188 каткоў, падрыхтавана 611 лыжных трас. Ужо ў першыя пасля старту праекта выхадныя адбылося больш за 1000 мерапрыемстваў, удзел у якіх узялі больш за 42 тысячы чалавек.

У кожным раёне мерапрыемствы разгортваюцца па сваім зімовым сцэнарыі. Зразумела, прайшло мноства спартыўных спаборніцтваў па розных відах спорту: турніры па хакеі і біятлоне, камандныя лыжныя эстафеты і індывідуальныя лыжныя гонкі, спаборніцтвы па фігурным катанні на каньках і лыжным арыентаванні, чэмпіянаты па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы лыжнага турызму. У Мінскім і Мядзельскім раёне нават правялі малыя зімовыя алімпійскія гульні.

Не менш і забаўляльных рухомых мерапрыемстваў — арганізоўвалася катанне на санках і цюбінгах, прагулкі па сцежках здароўя і нават зімовае катанне на конях. У Вілейскім раёне дзяцей і дарослых запрасілі на зімовы квест “Спартыўнаму руху — наша павага”, у Любанскім раёне ладзіліся народныя зімовыя забавы, на Стаўбцоўшчыне прайшлі зімовыя гульні з казачнымі персанажамі, гульнявыя праграмы “Забавы Зімушкі-зімы” і “Нашы сані едуць самі”, у Чэрвеньскім раёне ў халоднае надвор’е ўсіх сагрэў снежны батл. А на Дзяржыншчыне нават правялі першынство па зімняй рыбнай лоўлі.

У зімовых мерапрыемствах можна праявіць не толькі фізічныя, але і творчыя здольнасці. Напрыклад, у Смалявіцкім раёне правялі мастацка-забаўляльную праграму “Малюнкі на снезе”, у Мінскім раёне — конкурс на лепшую ледзяную скульптуру, а ў Старадарожскім — конкурс фігур са снегу. Асабліва ўпадабалі творчыя зімовыя конкурсы выхаванцы ўстаноў дашкольнай адукацыі. Дарэчы, актыўны ўдзел у мерапрыемствах праекта “Міншчына спартыўная” бяруць навучэнцы і выхаванцы самага рознага ўзросту — ад дашкалят да навучэнцаў ліцэяў і каледжаў. Не засталіся ўбаку і дзеці з асаблівасцямі развіцця. Напрыклад, свята “Зімовыя забавы” для выхаванцаў ЦКРНіР Старадарожскага раёна і іх бацькоў падрыхтавалі валанцёры і педагогі.

Снежныя мерапрыемствы сталі цудоўнымі пляцоўкамі для сямейнага адпачынку, у мностве з іх бацькі ўдзельнічалі разам з дзецьмі, а калі не ўдзельнічалі, то прыходзілі падтрымаць. Некаторыя мерапрыемствы мелі менавіта сямейны кірунак. Так, напрыклад, у Чэрвеньскім раёне прайшла акцыя “Мама, тата, я — сям’я, якая любіць спорт”. У Нясвіжы сямейнае спартыўнае свята прайшло на Ратушнай плошчы ў цэнтры горада.

Зразумела, не адстаюць ад дзяцей і педагогі , якія сталі не толькі арганізатарамі, але і самымі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх зімовых падзей. Падтрымліваюць праект “Міншчына спартыўная” і прадстаўнікі розных ведамстваў. Напрыклад, на лядовай пляцоўцы ў Нясвіжы адбыўся турнір па дваровым хакеі паміж школьнікамі і супрацоўнікамі Нясвіжскага РАУС.

У рамках праекта ў раёнах прайшлі шматлікія Дні здароўя, весела і цікава адсвяткавалі Сусветны дзень снегу.

У гэтыя дні прайшоў абласны этап спаборніцтваў па біятлоне сярод дзяцей і падлеткаў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Удзел у спаборніцтвах у спартыўным комплексе “Раўбічы” ўзялі каля 300 школьнікаў. Пераможцы прадставяць Мінскую вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Падчас правядзення абласнога этапу “Снежнага снайпера” быў дадзены старт абласной акцыі “Разам з камандай” — так навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці выказваюць сваю падтрымку юным спартсменам Міншчыны. Падтрымлівалі страляючых лыжнікаў і на стадыёне ў Раўбічах, і ў сваіх гарадах і мястэчках, збіраючыся на разнастайныя цікавыя спартыўныя мерапрыемствы. Акцыя заклікана выхоўваць камандны дух і прапагандаваць здаровы лад жыцця.

Наперадзе яшчэ не адны выхадныя, якія зноў напоўняцца дзіцячымі эмоцыямі і пройдуць у рэжыме зімовай актыўнасці. Аднак з наступленнем вясны Міншчына не перастане быць спартыўнай — праект знойдзе новыя ўвасабленні ў новым сезоне, і, змяняючы адна адну, дзяцей будуць радаваць “Міншчына спартыўная. Вясна”, “Лета”, “Восень”.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама.