Мінск і Пекін: насустрач выклікам глабалізацыі

- 11:15Якасць адукацыі

12 сакавіка на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта адкрылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Моўная і гуманітарная адукацыя ў эпоху глабалізацыйных выклікаў”.

Мерапрыемства арганізавана пры падтрымцы Міні­стэрства адукацыі Беларусі і Другога пекінскага ўніверсітэта замежных моў (КНР). Падзея прымеркавана да года беларускай адукацыі ў Кітаі.

Па словах арганізатараў, на канферэнцыі будуць разгледжаны пытанні развіцця міжнародных камунікацыйных здольнасцей у глабальным кантэксце, стан і перспектывы школьнай шматмоўнай адукацыі і вышэйшай адукацыі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, асаблівасці рэалізацыі праекта стварэння школьнага падручніка кітайскай мовы ў Беларусі. Акрамя таго, удзельнікі азнаёмяцца з культуралагічным аспектам вывучэння беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, абмяркуюць стратэгічныя падыходы па развіцці педагагічнай адукацыі ў Беларусі і Кітаі, аспекты развіцця міжнароднай акадэмічнай мабільнасці і інтэрнацыяналізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі.

— Мне асабліва прыемна знаходзіцца сярод вас, таму што бачу зацікаўленасць у вашых вачах. Тут сабраліся людзі, неабыякавыя да праблем, што ўзнімаюцца грамадскасцю сёння, — звярнулася да прысутных першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава. — Гэтыя пытанні важныя не толькі для нашай краіны, але і для ўсяго свету. У наш час адукацыя з нацыянальнага прыярытэту становіцца сусветнай перавагай і павінна быць бесперапынным працэсам. Забеспячэнне якаснай адукацыі — адказ на выклікі глабалізацыі, бо сённяшняя адукацыя — гэта развіццё агульнай і прафесійнай культуры, сацыяльная адказнасць сям’і і імкненне да развіцця і самаразвіцця. Прапановы, агучаныя на канферэнцыі, будуць прыменены на практыцы.

Дэкан МДЛУ Наталля Баранава адзначыла, што прымаючы бок перакананы: пакаленне студэнтаў XXI стагоддзя садзейнічае міру і ўзаемадзеянню паміж краінамі свету.

— Цяжкі шлях становіцца лёгкім, калі ведаеш, куды ісці, і калі сустракаеш на ім сяброў, — адзначыла Наталля Пятроўна.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.