Мінск прыме Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль

Мінск стане сталіцай правядзення Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю ў 2019 годзе. 22 лістапада на 43-й генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у Баку такое рашэнне было прынята аднагалосна. Днямі ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная гэтай урачыстай падзеі.

У прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Ігар Анатольевіч Рачкоўскі, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў, першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір Яўгенавіч Кухараў, генеральны сакратар НАК Беларусі Георгій Васільевіч Катулін, начальнік упраўлення развіцця алімпійскага руху НАК Беларусі алімпійскі чэмпіён Дзмітрый Аляксандравіч Даўгалёнак і начальнік упраўлення спорту Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сяргеевіч Дубкоўскі.
“Юнацкі алімпійскі форум стане штуршком да развіцця дзіцяча-юнацкага спорту па ўсёй краіне, — адзначыў, адкрываючы прэс-канферэнцыю, першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі. — Па сутнасці, гэта Малыя кантынентальныя алімпійскія гульні, у якіх прымуць удзел 49 краін і амаль 3,5 тысячы юных атлетаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Па традыцыі ўдзел у цырымоніі адкрыцця прымаюць першыя асобы дзяржаў, Міжнароднага алімпійскага камітэта, еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў”.
Ігар Рачкоўскі адзначыў, што сёння Беларусь мае спартыўныя аб’екты самага высокага ўзроўню. І калі два гады назад у Нацыянальным алімпійскім камітэце з’явілася ідэя правядзення фестывалю, яе падтрымалі як на ўзроўні дзяржавы, так і на ўзроўні еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Далей была карпатлівая работа па падрыхтоўцы прэзентацыі. І ўрэшце доўгачаканая перамога! Хутка ў НАК будзе створаны аргкамітэт, які пачне падрыхтоўку да мерапрыемства.
Знакавай для краіны гэтую падзею назваў і памочнік прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў. Ён падзякаваў усім, хто падтрымаў ініцыятыву.
“Амаль усе спартыўныя аб’екты горада ўжо сёння напагатове, — паведаміў прадстаўнікам СМІ першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. — Гэта вынік нашай палітыкі ў галіне спорту. Чэмпіянат свету па хакеі паказаў, што мы можам прымаць самыя прэстыжныя сусветныя спаборніцтвы. Важна, што падчас фестывалю да нас прыедзе вялікая колькасць юных спартсменаў, аматараў спорту, дэлегацый — усё гэта дасць штуршок развіццю турыстычнай галіны, а таксама адкрые нашу краіну для прадстаўнікоў многіх відаў спорту”.
Спартыўныя аб’екты такога ўзроўню будуць задзейнічаны ў гісторыі фестывалю ўпершыню. І менавіта гэтая акалічнасць стала ключавой падчас прыняцця рашэння ў Баку.
Па словах генеральнага сактарара НАК Георгія Катуліна, большасць спаборніцтваў ЕЮАФ-2019 пройдзе на базе Мінск-Арэны. Пры гэтым немалаважна, што адлегласць ад спартыўных аб’ектаў да Алімпійскай вёскі будзе складаць не больш за 16 км.
Вядома, што ў галоўнай арэне сталіцы пройдуць спаборніцтвы па баскетболе, унутры велатрэка будзе арганізаваны турнір па дзюдо. Таксама ў раёне Мінск-Арэны стар-туюць велагонкі (гонка на час і групавая гонка па шашы), пры гэтым для правядзення групавой гонкі будзе задзейнічана шаша Мінск — Заслаўе, адметнасцю якой з’яўляецца аптымальны рэльеф і магчымасць дастаткова проста арганізаваць бяспеку яе ўдзельнікаў.
Палац спорту прыме спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы, а футбольны манеж стане сведкам гандбольных баталій. Нягледзячы на тое, што сёння вядзецца будаўніцтва гандбольнага цэнтра СКА і спарткомплексу “Сокал”, такое рашэнне ў дачыненні да гандбола прынята па канкрэтнай прычыне: неабходна прадставіць на ЕЮАФ чатыры гульнявыя пляцоўкі ў адным месцы. Пры гэтым магчымасць пераносу фіналаў у новыя аб’екты яшчэ будзе абмяркоўвацца.
Адразу два аб’екты гатовы прыняць спаборніцтвы па плаванні — Палац воднага спорту і басейн Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Тэнісісты сустрэнуцца ў Гарадскім цэнтры тэніса, а валейбалісты — у Чыжоўка-Арэне. Пакуль што не гатовы да фестывалю толькі сталічны стадыён “Дынама”, які знаходзіцца на рэканструкцыі. Па словах выступоўцы, яе плануецца скончыць напрыканцы 2017 года, што пры простых матэматычных падліках дазваляе зрабіць выснову: абноўлены стадыён спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы прыме з годнасцю.
Летні Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль, які пройдзе ў Мінску, стане 15-м па ліку. Юныя атлеты будуць спаборнічаць у 9 відах спорту.
Завяршылася прэс-канферэнцыя навіной: ЕЮАФ — першы планамерны крок да правядзення ў Беларусі Еўрапейскіх алімпійскіх гульняў.

Наталля АЛЁХІНА.