Мінск знаёміць з медальерным мастацтвам Латвіі

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь экспануецца выстава па выніках XVI Латвійскага трыенале медальернага мастацтва. Яна прадстаўляе творчасць 24 прыбалтыйскіх мастакоў, гравёраў, скульптараў і дызайнераў, якія за апошнія тры гады стварылі 76 работ з мармуру, бронзы, фарфору, гіпсу і нават дрэва.

Многія пытаюцца, што такое ме­дальернае мастацтва, адказваю — па вялікім рахунку, гэта мастацтва вырабу манет і медалёў. Але тыя экспанаты, якія зараз прадстаўлены ў Мінску, настолькі адметныя і неверагодныя, што іх хутчэй назавеш скульп­турамі, праўда, малой формы.

Варта нагадаць, што традыцыя медальерных трыенале ў Латвіі зара­дзілася ў 1973 годзе. Натхняльнікам і арганізатарам першай рэспубліканскай выставы медаля была скульптар і ме­дальер Валянціна Зэіле, якая, з’яўляючыся ўжо больш за паўстагоддзя парыжанкай, рэгулярна дасылае свае творы для трыенале, і ў беларускай сталіцы можна пабачыць яе медаль “Ян Сібеліус”.

На ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвіі ў Беларусі Эйнарс Семаніс адзначыў, што беларускім аматарам мастацтва такая выстава будзе вельмі цікавай. “Медальернае мастацтва — спецыяльны манументальны, вельмі складаны і сімвалічны кірунак, — патлумачыў ён. — На выставе прадстаўлены розныя пакаленні творцаў, якія разам даюць панараму медальернага мастацтва нашай краіны”.

Дарэчы, у Мінску такая выстава праходзіць упершыню. Сярод яе ўдзельнікаў — прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі медальернага мастацтва FIDEM: Андрыс Берзінш, Гіртс Бурвіс, Вія Дзінтарэ, Лігіта Францкевіча, Мара Міцкевіча, Інеса Натрыня, Святлана Савельева, Бруна Страўціньш, Яніс Струпуліс, Антра Уртанэ і Гунта Земітэ, студэнты аддзялення скульптуры Акадэміі мастацтваў Латвіі, якія як дэбютанты прыўносяць новыя тэндэнцыі і матэрыялы, адыходзячы ад кананічных круглых медалёў і эксперыментуючы з геаметрычнымі формамі. “Трыенале — праект, які дазваляе сфарміраваць, на мой погляд, спадчын­насць — і мастацкую, і гісторыка-культурную. Амаль 50 гадоў право­дзіцца такое знакавае мерапрыемства, фарміруецца школа і падтрымліваецца такі ўнікальны напрамак, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька. — Выдатна, што ёсць пераемнасць. Калі паглядзець на імёны аўтараў, то можна ўбачыць як выбітных майстроў, прафесараў, дактароў, членаў вядучых творчых саюзаў Латвіі і свету, так і пачынаючых, якія пакуль яшчэ вучацца і асвойваюць азы”.

Між іншым, дзякуючы такому беларуска-латвійскаму праекту, калекцыя гістарычнага музея папоўніліся новымі экспанатамі, бо прэзідэнт Клуба медальернага мастацтва Латвіі Яніс Струпуліс падарыў некалькі медалёў з выявамі нашых асветнікаў: Сымона Буднага, Францыска Скарыны і Міколы Гусоўскага. “Мы вельмі рады, што творы нашага медальернага мастацтва прыехалі ў Беларусь, і спадзяёмся, што і ў вашай краіне бу­дзе развівацца гэты вытанчаны від мастацтва, у якім спалучаюцца скульптура, паліграфная гісторыя, дызайн, архітэктура — усё ў адных элементах”, — выказаў пажаданне Яніс Струпуліс.

Выстава па выніках XVI Латвійскага трыенале медальернага мастацтва будзе працаваць па 12 снежня. Наведвальнікі экспазіцыі сцвярджа­юць, што глядзець на такія скульптуры можна гадзінамі, бо многія з іх перада­юць усе чалавечыя пачуцці. Якім чынам, запытаецеся вы. Словамі гэта не пера­даць, варта проста схадзіць і паглядзець на арыгінальныя і незвычайныя экспанаты, у якіх адваротны бок не горшы за пярэдні.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота прадастаўлена Нацыянальным гістарычным музеем.