Мінская лыжня прынесла поспех Міністэрству адукацыі

Спартыўнае свята “Мінская лыжня-2013” прайшло ў выхадныя на сталічнай лыжаролернай трасе. У традыцыйных спаборніцтвах прынялі ўдзел і прадстаўнікі сістэмы адукацыі: першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Іванавіч Жук і намеснік міністра Сяргей Валянцінавіч Руды. І, як заўсёды, нам ёсць, чым ганарыцца. У індывідуальнай гонцы з мас-стартам на 2 км Аляксандр Жук фінішаваў другім, паказаўшы час 6:45.

Нягледзячы на тое, што прыйшла вясна, надвор’е лыжнікаў не падвяло. Снегу хапіла, ды і ветрык быў не па-вясенняму халодным. Першае месца ў лыжнай эстафетнай гонцы 4х2 км заняла каманда кіраўніка дзяржавы. На другім і трэцім месцах — каманды Віцебскага і Мінскага аблвыканкамаў.

В.В. Галец, А.І. Жук, С.В. РудыНа другім этапе на старт выйшлі сілавыя ведамствы. Лідарам эстафетнай гонкі 4х2 км стала каманда Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. На другім месцы — каманда Службы бяспекі прэзідэнта, і замыкае тройку лідараў каманда Міністэрства ўнутраных спраў.
І ўсё ж самым цікавым і непрадказальным аказаўся індывідуальны заезд, у якім прымалі ўдзел міністры і кіраўнікі дзярж-органаў. Першым на гэтым этапе фінішаваў намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў з вынікам 6:30 мін. Толькі 15 секунд уступіў яму першы намеснік міністра адукацыі. Нягледзячы на не зусім удалы старт, Аляксандр Жук прадэманстраваў бліскучы фініш. Сваімі ўражаннямі ад гонкі ён падзяліўся з чытачамі “Настаўніцкай газеты”:
“Свята цудоўнае, заезд удаўся, аднак крыху падкачалі лыжы. Да якога надвор’я іх рыхтаваць, не ўгадаеш. Я атрымаў сапраўднае задавальненне. Хачу ўсім параіць: станавіцеся на лыжы, карыстайцеся любой магчымасцю ўмацаваць сваё здароўе”.
Дарэчы, Аляксандр Іванавіч — пастаянны ўдзельнік самых розных спартыўных мерапрыемстваў. Гонар свайго міністэрства яму ўдавалася адстойваць не толькі ў зімовых відах спорту. Не менш эфектныя вынікі ён паказваў і ў велагонках.
Трэцяе месца ў індывідуальнай гонцы з адставаннем ад лідара ў мінуту паказаў генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.
Спецыяльны прыз “За волю да перамогі” з рук міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко атрымала міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Яна стала адзінай жанчынай-міністрам, якая прыняла ўдзел у спаборніцтвах, і фінішавала шаснаццатай.

Наталля АЛЁХІНА.

aliohina@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.