Мінскі Polo марафон сабраў больш за 16 тысяч удзельнікаў

Polo марафон, які стартаваў нядзельнай раніцай у Мінску, сабраў больш за 16 тысяч аматараў здаровага ладу жыцця. Па выніковых даных па вуліцах беларускай сталіцы прабегліся прадстаўнікі 36 краін. Больш за 3 тысячы ўдзельнікаў далучыліся да забегу без рэгістрацыі.

Міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў разам з іншымі прадстаўнікамі сістэмы адукацыі пераадолеў дыстанцыю ў 5000 м.
— Падзея выдатная, настрой выдатны, — адзначыў у пачатку забегу міністр адукацыі. — Гэта цікавая ініцыятыва, хацелася б, каб такіх ідэй было больш. Трэба прадумаць сістэму марафонаў, вела- і лыжных прабегаў. Чаму б не сустракацца на спартыўных дыстанцыях часцей? Я згодны са словамі памочніка прэзідэнта па спорце Максіма Уладзіміравіча Рыжанкова, што можна шмат гаварыць пра здаровы лад жыцця, а можна проста паказаць уласны прыклад.
— Якімі відамі спорту займаецца міністр адукацыі?
— Я люблю плаванне і лыжы, займаюся фітнесам, у прыватнасці сілавой гімнастыкай.

— Як удаецца знаходзіць час у сваім шчыльным працоўным графіку?
— Гэта сапраўды вельмі складана, але я стараюся. Кожную раніцу пэўны час прысвячаю спартыўным заняткам. Для гэтага прачынаюся не пазней як а шостай гадзіне. Гэта правіла. І тры разы на тыдзень займаюся позна ўвечары.
Разам з міністрам адукацыі выйшаў на дыстанцыю і намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў Аляксандр Мікалаевіч Флёрка.— Гэта мая асабістая ініцыятыва, — падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч. — Для таго каб прыняць удзел у гэтым марафоне, два месяцы назад я пачаў да яго рыхтавацца. Цяпер прабягаю па 6—7 кіламетраў штодзень і адчуваю сябе значна лепш.
Усё, што мы робім, — для здароўя. Акунуцца ў атмасферу такога свята, у якім прымаюць удзел 16 тысяч аматараў, проста выдатна. Толькі ад Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ўдзельнічаюць 1017 чалавек.
Улічваючы колькасць усмешак на тварах удзельнікаў, можна смела сказаць, што свята ўдалося! Чакаем новых пачынанняў!

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Аляксандра ШЭЛЕГАВА.