Мінскі радыётэхнічны каледж запрашае падлеткаў, якія мараць стаць часткай сферы лічбавых тэхналогій, на новую спецыяльнасць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У каледжы на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў гэтым годзе будзе адкрыта спецыяльнасць “Праграмна-тэхнічнае забеспячэнне лічбавых прылад” з прысваеннем кваліфікацыі “схематэхнік-праграміст”.
— Навучэнцы атрымаюць глыбокія веды і навыкі ў галіне схематэхнікі, электронікі і праграмавання. Наш будучы спецыяліст зможа ўдзельнічаць у распрацоўцы лічбавых прылад, праграмаваць мікракантролеры, ствараць праграмнае забеспячэнне для кіравання лічбавымі прыладамі, а таксама ажыццяўляць інтэграцыю апаратнага і праграмнага забеспячэння, — акцэнтавала ўвагу выкладчыца каледжа старшыня цыклавой камісіі “Праграмуемыя лічбавыя прылады” Наталля Чвала.
Тэрмін навучання па новай спецыяльнасці — 3 гады 10 месяцаў. За гэты час хлопцы і дзяўчаты вывучаць шэраг ключавых дысцыплін, якія дапамогуць сфарміраваць неабходны фундамент для паспяховай прафесійнай дзейнасці.
— “Асновы электронікі” і “Аналагавая і лічбавая схематэхніка” — два фундаментальныя прадметы, на якіх будзе заснавана ўся падрыхтоўка будучых спецыялістаў. Пры засваенні дысцыпліны “Асновы распрацоўкі лічбавых прылад” навучэнцы азнаёмяцца з мовамі VHDL і Verilog. Таксама важным стане прадмет па вывучэнні праграмуемых лагічных інтэгральных схем. Акрамя таго, юнакі навучацца распрацоўваць лічбавыя прылады на аснове ПЛІС пры дапамозе мовы VHDL, выкарыстоўваць сістэмы аўтаматызаванага праектавання пры канструктаванні лічбавых прылад і афармляць канструктарскую дакументацыю, — дадала Наталля Веньямінаўна.
Выпускнікі спецыяльнасці “Праграмна-тэхнічнае забеспячэнне лічбавых прылад” знойдуць сабе прымяненне ў арганізацыях розных форм уласнасці такіх галін, як абарона інфармацыі, інфармацыйныя тэхналогіі, аўтамабілебудаванне, тэлекамунікацыі, вытворчасць вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры і інш. Дарэчы, будучых спецыялістаў ужо чакаюць на прадпрыемствах “Пеленг”, “Агат — сістэмы кіравання”, МТЗ, МАЗ.
— Мы разлічваем набраць групу з 30 чалавек: 20 бюджэтнікаў і 10 платнікаў. Калі выпускнікі 9-х класаў цікавяцца электронікай, праграмаваннем і хочуць стаць часткай сферы лічбавых тэхналогій, якая так імкліва развіваецца, то спецыяльнасць “Праграмна-тэхнічнае забеспячэнне лічбавых прылад” — выдатны выбар, — пераканана Н.В.Чвала.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА