Мінску — 950: давайце паразмаўляем з горадам…

- 12:31Культура

Сёння і заўтра Мінск будзе святкаваць свой 950-гадовы юбілей. Слаўны юбілей. Светлы юбілей. Агульны для ўсіх: і мінчан, і нават немінчан, якія, прынамсі, проста шануюць Мінск як сталіцу сваёй краіны, якія мараць перабрацца сюды на пастаяннае жыхарства, якія лічаць за свята кожную паездку ў сталіцу, у якіх тут ёсць шмат сяброў ці блізкіх.

Але кожны з нас гэты юбілей успрымае па-свойму.

Для некага ён проста свята, дакладней кажучы, адно з чарговых свят, гэтакая законная нагода забыць на два дні аб усіх праблемах і далучыцца да нястрымнага і стракатага карнавалу, які разгорнецца на сталічных вуліцах і плошчах. Балазе гарадскія ўлады з усёй адказнасцю парупіліся пра тое, каб мінчане і госці сталіцы не маглі засумаваць у гэтыя выхадныя. Ва ўсіх сталічных раёнах пройдуць сотні святочных мерапрыемстваў, разлічаных на самыя розныя кантынгенты наведвальнікаў.Падрабязную праграму святочных мерапрыемстваў з нагоды юбілею горада можна лёгка знайсці ў інтэрнэце, назавём тут хіба толькі некаторыя юбілейныя дзеі, якія абяцаюць стаць самымі прыцягальнымі і масавымі: Міжнародны фестываль паветранага плавання, Міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі “Мінск старажытны” на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава, вялікая канцэртная праграма і музычна-піратэхнічнае феерверк-шоу на пляцоўцы каля Палаца спорту, фестываль мастацтва беларусаў свету ў Верхнім горадзе, Мінскі паўмарафон…

Для некага 950-гадовы юбілей Мінска — нагода ўдумацца ў саму гэтую лічбу — 950, асвяжыць у памяці атрыманыя яшчэ ў школе веды па гісторыі сталіцы, успомніць пра тое, што ўпершыню згадка пра Мінск датуецца ў “Аповесці мінулых гадоў” 1067 годам, калі на тэрыторыі сённяшняга цэнтра горада адбылася славутая бітва на Нямізе, выправіцца ў адмысловае падарожжа па гісторыі сталіцы з абавязковым наведваннем Музея гісторыі горада Мінска, Нацыянальнага мастацкага музея і Нацыянальнага гістарычнага музея, сталічных літаратурных музеяў… У гэтых культурна-асветніцкіх установах наведвальнікаў чакаюць цёплыя сустрэчы з Мінскам скульптурным, жывапісным, музычным, літаратурным у гістарычным ракурсе. Таксама, па добрай традыцыі правядзення свят горада ў апошнія гады, на гэтых выхадных будуць арганізаваны бясплатныя пешыя экскурсіі па гістарычным цэнтры Мінска. Альтэрнатыва для тых, хто захоча гэтымі днямі больш даведацца пра гісторыю і сучаснасць сталіцы, але пры гэтым затраціць мінімум фізічных сіл, — аўтобусныя экскурсіі па зніжаных коштах.

Нарэшце, ёсць сярод нас і тыя, для каго сёлетні юбілей сталіцы напоўніцца найперш метафізічным зместам і прымусіць адказаць на нялёгкія філасофскія пытанні: хто мы, мінчане, у ментальным і псіхалагічным сэнсе? Ці дае нам падставы ўжо сам факт пражывання ў сталіцы называць сябе гарадскімі? Ці канчаткова вывезлі мы вёску са сваёй душы, нарадзіўшыся тут нават праз пакаленні пасля нашых гарадскіх першапродкаў, пра якіх крыху сумна любілі жартаваць, маўляў, можна вывезці чалавека з вёскі ў горад, але немагчыма вывезці вёску з чалавека? Ці мяняемся мы разам з нашым горадам і ці ў лепшы бок?

А ён, наш Мінск, сапраўды, мяняецца. З кожным дзесяцігоддзем, з кожным годам, штомесяц, штодня…

Мяняецца, бо няўхільна расце ўшыр, увысь і ўглыб — паглынаючы суседнія вёскі, па назвах якіх пачынаюць называцца новыя мікрараёны на гарадскіх ускраінах, узносячыся ў неба ўсё новымі і новымі жылымі шматпавярхоўкамі і бетонна-шклянымі культурна-дзелавымі цэнтрамі, пускаючы ўсё новыя і новыя парасткі ліній метро пад зямлёй.

Мяняецца ў плане ладу свайго жыцця — паступова ператвараючыся з жаўранка, якім быў яшчэ якіх дваццаць гадоў назад, у саву са сваімі начнымі клубамі, магазінамі з кругласутачным рэжымам работы, фестывалямі і канцэртамі, апагей якіх, як правіла, наступае далёка за поўнач.

Мяняецца па сваёй натуры — робячыся ўсё больш і больш шчодрым на магчымасці задаволіць як матэрыяльныя, так і духоўныя патрэбы людзей — адчыняючы для іх дзверы ўсё новых і новых буцікоў, рэстаранаў хуткага харчавання і сеткавых гіпермаркетаў, дорачы сустрэчы з нашумелымі ва ўсім свеце тэатральнымі пастаноўкамі і кінапрэм’ерамі, яркімі музычнымі зоркамі. Прычым часта робіць гэта абсалютна бясплатна, як на тых жа музычных вечарах ля ратушы. Куміры юнацтва аўтара гэтых радкоў шведы Secret Service, ансамбль адораных музыкантаў з Польшчы і краін Усходняга партнёрства I, CULTURE Orchestra, хэдлайнеры фестывалю “Тбілісоба” дыджэі з Грузіі — гэта далёка няпоўны пералік тых бліскучых выканаўцаў, якіх давялося мне ўжывую пачуць і пабачыць гэтым летам і ў пачатку восені ў Верхнім горадзе, не заплаціўшы за атрыманае задавальненне ні капейкі. І, што тут ужо хаваць, да дармовага і прыемнага прывыкаеш надзвычай хутка. Паходы па вечарах да ратушы на чарговы канцэрт заезджай зоркі ўвайшлі ў мяне ў завядзёнку. Як, мяркую, увайшло ў завядзёнку сённяшняй “залатой” мінскай моладзі бавіць вечары і ночы ў летніх кафэшках, што знаходзяцца крыху ніжэй за Ратушу, — на вуліцы Зыбіцкай. Дарэчы, вуліцы, якую можна лічыць адмысловым сімвалам новага рэспектабельнага Мінска, еўрапеізаванага настолькі, што нашу Зыбіцкую наўрад ці адрозніш ад берлінскай Унтэр-дэн-Ліндэн, будапешцкай вуліцы Вацы ці з апошняга часу сумнавядомай барселонскай Ля Рамбла… Праўда, за атрыманае на Зыбіцкай задавальненне трэба ўжо, як і на Ля Рамбла, плаціць. І не малыя грошы.

І тут, калі вярнуцца да нашага першапачатковага пытання пра ўспрыманне нашай сталіцы і яе юбілею, міжволі даводзіцца канстатаваць, што мы, гэтакія сябелюбы ад прыроды, тым больш распешчаныя выгодамі, якія дорыць нам сённяшні Мінск, міжволі засяроджваемся на саміх сабе, на нашых патрэбах і жаданнях, але… не на адчуваннях самога Мінска.

А што патрэбна яму самому, нашаму роднаму гораду?

А можа, яму зусім і непатрэбны ўсе гэтыя бетонна-шкляныя гмахі, асабліва на месцы старой электрастанцыі ці, у сумнай перспектыве, на месцы ўтульнага і ціхага гарадскога закутка пад назвай Асмалоўка? А можа, яму зусім і не патрэбны ўсе гэтыя шумныя гулянні, канцэрты і фестывалі, але ён дазваляе сабе ладзіць іх на сваім асфальтавым целе з-за адной толькі бескарыслівай і бязмежнай любові да людзей? А можа, яму наогул не патрэбна прытуляць пад сваім дахам так шмат людзей, але ў яго ніхто не пытаецца пра гэта? А можа… А можа, яму проста хочацца пагаварыць?

Калі б горад умеў гаварыць на мове чалавека, дык ясна сказаў бы нам, чаго яму хочацца. Магчыма, ён і спрабуе загаварыць з намі, але мы, засяроджаныя на саміх сабе, не чуем.

Дык жа давайце паразмаўляем з горадам. Давайце зробім хоць маленечкае намаганне, каб пачуць яго.

…Сёння з нагоды 950-гадовага юбілею сталіцы мы гутарым з маладымі і апантанымі сваёй справай людзьмі, чыя прафесійная дзейнасць наўпрост звязана з Мінскам, яго гісторыяй і сучаснасцю, нашым разуменнем і адчуваннем Мінска. Гэта вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі горада Мінска Юлія Кавалёва і індывідуальны прадпрымальнік, прыватны экскурсавод, ініцыятар праекта бясплатных пешаходных экскурсій па Мінску “Вандроўкі ў мінулае” Павел Дзюсекаў. Змяшчаючы побач гэтыя два інтэрв’ю, мы ні ў якім разе не хочам якім-небудзь чынам іх супрацьпастаўляць, так бы мовіць, разводзіць у супрацьлеглыя бакі муніцыпальны музей і прыватную ініцыятыву, нават пры тым, што погляды нашых суразмоўцаў на некаторыя рэчы і насамрэч не зусім супадаюць. У кожнага з іх свая праўда, пад якой падпісаліся б тысячы мінчан. А займаюцца яны, па сутнасці, адной пачэснай справай — кожны вучыць нас размаўляць з родным горадам, вучыць любіць і разумець яго.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.