21 верасня ў сярэдняй школе № 8 Гродна прайшла акцыя пад назвай “Жывы мікрафон”, прымеркаваная да Дня міру.
У фае школы была арганізавана пляцоўка, на якой пад час перапынкаў школьнікі, незалежна ад класа і ўзросту, маглі выказаць уласнае стаўленне да тых праблем, што стаяць перад чалавецтвам. Многія дзеці загадзя падрыхтавалі не толькі кароткія выступленні, але і вершы, як вучаніца 2 “А” класа Валерыя Кірэня, плакаты, як чацверакласнікі.
Але большасць дзяцей казала не столькі пра цяжкасці, якія стаяць перад чалавецтвам, колькі пра тое, што такое мір уласна для іх: “мір – гэта шчасце маёй сям’і”, “мір – гэта калі няма вайны”, “калі людзі могуць спакойна хадзіць па вуліцах і займацца тым, чым жадаюць”, “мір – гэта калі людзі смяюцца”… У выніку дзеці прыходзілі да высновы, што ў нашай краіне пануе мір, і гэта самае важнае ў жыці чалавека, паколькі з’яўляецца галоўнай падставай для яго развіцця.
Васіль ГЕРАСІМЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 8 Гродна.