Беларусь становіцца цэнтрам палітычнага і культурнага міжнароднага дыялогу. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка 13 ліпеня на цырымоніі закрыцця XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Віцебскі фестываль мастацтваў набывае асаблівае значэнне ў справе ўмацавання міру і ўзаемаразумення паміж краінамі і народамі. “Мы шмат дзесяцігоддзяў назад менавіта гэта вызначылі галоўным. І хто б мог падумаць, што мы сёння будзем настолькі актуальныя ў нашым славянскім свеце? — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму мір, мір і яшчэ раз мір!”
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў гэтым годзе ў “Славянскім базары” прыняла ўдзел рэкордная колькасць краін — 42. “Ніколі ў гісторыі такога яшчэ не было. Паверце, мы зробім усё, каб не 42, а 142 дзяржавы былі тут на гэтай міралюбівай зямлі. І ў нас для гэтага ўсё ёсць. Наша Беларусь усё больш упэўнена становіцца цэнтрам не толькі палітычнага, але і культурнага міжнароднага дыялогу”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што геаграфічны цэнтр Еўропы знаходзіцца побач з Віцебскам. “Мы свята павінны захоўваць гэтую старажытную, развітую еўрапейскую цывілізацыю. І каму як не нам, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, адказваць за гэтую цывілізацыю”, — лічыць беларускі лідар. Паводле слоў прэзідэнта, аб гэтым сведчыць і той факт, што на пасяджэнні савета дырэктараў Сусветнай асацыяцыі фестываляў яе кіраўніком выбраны наш дырэктар “Славянскага базару”. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў таксама ініцыятыву аб размяшчэнні штаб-кватэры Сусветнай асацыяцыі фестываляў у Віцебску.
“Славянскі базар у Віцебску” называюць летняй культурнай алімпіядай. “Ён ужо зарэкамендаваў сябе як месца, дзе музыканты, мастакі, артысты і знатакі мастацтва знаёмяцца з новымі тэндэнцыямі і творчымі знаходкамі з усіх канцоў зямнога шара. Тут людзі разумеюць, як многа збліжае ўсіх нас і як патрэбны нам мір”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адказаў скептыкам, ад якіх можна пачуць пытанні аб неабходнасці штогод праводзіць такі маштабны форум, як “Славянскі базар”, і падтрымліваць яго фінансава. “Мы пастаянна павінны клапаціцца пра папулярызацыю нашай славянскай культуры, яе інтэграцыю ў сусветную прастору”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што славянскім народам нельга самазаспакойвацца, таму што літаральна праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля кровапралітнай Вялікай Айчыннай вайны паўстала пытанне абароны Перамогі. “Хто мог бы падумаць, што нас паставяць на адну дошку з фашызмам, што нібы Савецкі Саюз некалі развязаў вайну? — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. — Хто мог бы падумаць, што праз некалькі дзесяцігоддзяў пры жывым пакаленні пераможцаў у нас захочуць адабраць гэтую Перамогу”.
“Мы вельмі самазаспакоіліся, думалі аб тым і радаваліся, што свет будзе такі, як мы хочам, — прадоўжыў беларускі лідар. — Не! Калі мы не змагаемся за сваё месца пад сонцам, мы абавязкова яго страцім, больш за тое, мы сутыкнёмся з тымі канфліктамі, якія ўжо адбываюцца ў нас на зямлі. Таму мы павінны цаніць сваё мастацтва, культуру ў шырокім сэнсе гэтага слова і папулярызаваць яе на ўсіх кантынентах, як гэта робіць “Славянскі базар”.