Мір патрэбны кожнаму!

Абласны злёт юных пасланнікаў міру адбыўся ў Шумілінскім раёне 18—20 верасня.

Традыцыйны вераснёўскі форум напярэдадні Сусветнага дня міру аб’яднаў больш за 250 удзельнікаў, у тым ліку амаль 140 дэлегатаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебшчыны, што рэалізуюць адукацыйны праект ААН “Сетка школ міру”, а таксама гімназіі № 1 Полацка імя Францыска Скарыны, сярэдняй школы № 2 Віцебска, Воранаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна, якія прэтэндуюць на прысваенне статусу “Школа міру”. У першы дзень юныя міратворцы азнаёміліся з раённай гімназіяй-інтэрнатам і актыўна ўключыліся ў работу па групах, конкурсы, калектыўныя гульні на інтэрактыўных пляцоўках “Мы ідзём у госці!”, а ўвечары з энтузіязмам прынялі запрашэнне на танцавальны батл. На працягу дня навучэнцы і педагогі абменьваліся вопытам праектнай, валанцёрскай, пошукавай дзейнасці, міжрэгіянальнага і міжнароднага супрацоўніцтва. У сярэдніх школах № 1 Гарадка, № 2 Наваполацка, № 28 Віцебска, Асінторфскай сярэдняй школе Дубровенскага раёна, гімназіі № 5 Віцебска міра­творчай рабоце, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню ўдзяляецца прыярытэтная ўвага. Гэтыя ўстановы адукацыі славяцца сваімі ўнікальнымі музеямі і клубамі інтэрнацыянальнай дружбы, добрымі справамі і адметнымі праектамі. З 2018 года ў “школах міру” паўночнага рэгіёна штогод рэалізуюцца новыя ініцыятывы, право­дзяцца дабрачынныя і сацыяльна значныя акцыі, творчыя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы, семінары і канферэнцыі. Кожны злёт — свое­асаблівая творчая справаздача і пункт адліку.

Сёлетні форум невыпадкова прымаў Шумілінскі раён: шостай у вобласці “школай міру” стала Обальская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай. Падзея знамянальная і зноў жа невыпадковая: з моманту адкрыцця ў 1974 го­дзе ўстанова адукацыі працуе як школа — мемарыял памяці героя­ў Обальскага падполля. Акрамя юных міратворцаў Віцебшчыны і іх настаўнікаў, павіншаваць новую “школу міру” прыехалі прадстаўнікі абласной і раённай улады, грамадскіх арганізацый, духавен­ства. Падчас урачыстасці начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома падкрэсліў: прысваенне ганаровага статусу Обальскай школе — вынік нястомнай, карпатлівай працы некалькіх пакаленняў. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб працяг атрымаўся дастойны.

— Вы — наша будучыня. Захоўвайце як найвялікшую каштоўнасць магчымасць вучыцца, жыць і працаваць у мірнай краіне, — звярнуўся да моладзі Дзмітрый Леанідавіч. — Мір трэба берагчы любой цаной.

Клятву пасланнікаў міру быць адданымі сваёй Радзіме, берагчы і абараняць яе, шанаваць памяць тых, хто ахвяраваў сваім жыццём за мірнае неба і шчасце людзей, далі 25 навучэнцаў Обальскай школы.

— Быць пасланнікамі міру — вялікія гонар і адказнасць, — агучыла наказ юнакам і дзяўчатам старшыня Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. — Мір, у якім 75 гадоў жывуць беларусы, дастаўся нашым продкам дарагой цаной. Будзьце сапраўднымі грамадзянамі сваёй Радзімы, захоўвайце памяц­ь пра абаронцаў Айчыны, якія заваявалі нам мірнае неба, вучыцеся самі і падавайце прыклад сваім аднагодкам — быць дабрэйшымі, імкнуцца вырашаць спрэчкі без канфліктаў, мірным шляхам.

Завяршылася ўрачыстасць ускладаннем кветак да памятнага знака ў гонар Обальскіх падпольшчыкаў. Удзельнікі злёту таксама пазнаёміліся з пальчыкавым “Тэатрам дружбы”, які дзейнічае пад кіраўніцтвам школьнага бібліятэкара Ніны Штокінай, навучыліся вырабляць сімвалы міру з гліны і паперы, з першых вуснаў даведаліся аб дзейнасці міратворцаў са 103-й гвардзейскай паветрана-дэсант­най брыгады Віцебска, наведалі музей Обальскага камсамольскага падполля і храм прападобнага Ануфрыя Вялікага, атрымалі зарад пазітыўных эмоцый ад выступленняў лепшых творчых калектываў раёна, выпрабавалі свае веды, кемлівасць, спрыт і волю да перамогі ў гульні-квесце “Гісторыя ONLINE” і спартыўных спаборніцтвах “Мір. Спорт. Сяброўства”. Развітальныя акорды злёту прагучалі ў вёсцы Лескавічы ля вогнішча дружбы “Дзеці свету, за рукі вазьміцеся!”.

— Наша моладзь шчыра зацікаўлена праектам і магчымасцямі, якія ён адкрывае, — падзялілася ўражаннямі старшыня Шумілін­скай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Людміла Шаўцова. — Гэта ярка выявілася на дыскусійнай пляцоўцы “Што я магу зрабіць для міру?”. Школьнікі вельмі актыўна абмяркоўвалі галоўнае пытанне, кожны стараўся прааналізавац­ь уласныя дзеянні, учынкі і планы на ўсіх узроўнях — ад асабістага (“Ці камфортна са мной навакольным людзям?”) да прасоўвання новых ідэй і праектаў сваіх класаў, установы адукацыі. Напрыклад, у навучэнцаў з Обалі ёсць намер нала­дзіць цесныя кантакты з равеснікамі са школ Масквы і сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 608 імя Героя Савецкага Саюза Зіны Партновай Кіраўскага раёна Санкт-Пецярбургa. Важна, што на кожным кроку адчуваецца моцная падтрымка педагогаў. Яны разам са сваімі вучнямі ў агульнай важнай справе, таму, думаю, усё задуманае абавязкова атрымаецца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Обальскай сярэдняй школай імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай.