Міратворчая і добрасуседская дзейнасць гімназіі №1 Астраўца: якую работу праводзіць гэтая ўстанова адукацыі

- 9:00Школа мира

Статус “Школа міру” быў прысвоены гімназіі № 1 Астраўца ўсяго месяц назад — напярэдадні Дня Перамогі. Але міратворчая і добрасуседская дзейнасць установы адукацыі, работа па стварэнні ў гімназіі бесканфліктнага асяроддзя бяруць пачатак значна раней, пра што расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” дырэктар 1-й астравецкай гімназіі Алена Севасцьян.

Разам — дружна, энергічна

Міратворчая дзейнасць гімназіі № 1 Астраўца далікатна і ў той жа час трывала ўпісана ў выхаваўча-адукацыйны працэс. Мяркуйце самі. На думку дырэктара гімназіі, немагчыма наладзіць такую дзейнасць без добрасуседскіх адносін з установамі адукацыі іншых краін.

— З 2014 года ў нас заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з сярэдняй школай № 1 у горадзе Сасновы Бор, які размешчаны каля Санкт-Пецярбурга (Расійская Федэрацыя), — расказвае Алена Чаславаўна. — Яшчэ да пандэміі ў нас быў наладжаны абмен групамі з дзецьмі і педагогамі. На перыяд кавіду абмены былі прыпынены, аднак ужо ў верасні 2022 года дэлегацыя нашай гімназіі пабывала ў Сасновым Бары з экскурсійнай праграмай. Другі адрас супрацоўніцтва — невялічкі гарадок на беразе Дуная Гер’ен (Венгрыя), тут таксама ўжо адбыўся абмен педагагічнымі калектывамі паміж школамі. У працэсе дзейнасці з венгерскімі калегамі мы склалі агульную праграму па анлайн-навучанні дзяцей англійскай мове, бо гэта мова камунікацыі паміж намі. У навучанні ўдзельнічаюць навучэнцы 2 класаў. Раз у месяц праходзяць абагульняючыя заняткі анлайн сумесна з венгерскімі школьнікамі. Такім чынам мы займаемся ўжо другі год.

Акрамя таго, у гімназіі створаны праект, у які ўключаны венгерская школа і школа з горада Балавашар (Румынія). Праект на англійскай мове мае назву “Разам — дружна, энергічна”: дзеці ствараюць відэаролікі на зададзеную тэматыку, дзе расказваюць пра сябе. Мэта праекта — азнаямленне з гісторыка-культурнай спадчынай, традыцыямі, хобі розных народаў. Падабаецца ўсім.

Па словах дырэктара ўстановы адукацыі, названыя школы выбраны для супрацоўніцтва невыпадкова. У гарадах, дзе размешчаны ўстановы — удзельнікі сумесных праектаў, ёсць атамныя электрастанцыі.

— Канечне, у ідэале нашай мэтай супрацоўніцтва з венгерскімі сябрамі з’яўляюцца абмены дзіцячымі групамі ў перыяд летняга аздараўлення, — працягвае Алена Чаславаўна. — На тэрыторыі Астравецкага раёна ёсць кругласутачны летнік “Ластаўка”, у венгерскіх калег таксама ёсць магчы­масць прымаць нашых дзяцей. Акрамя таго, на базе гімназіі дзейнічае лагер дзённага знаходжання “Сонейка”, гэта значыць, можна разглядаць варыянт пражывання дзяцей у сем’ях.

Геаграфія і медыяпадарожжы

Знаходжанне на тэрыторыі раёна Беларускай АЭС, зразумела, накладвае адбітак на работу гімназіі ў Астраўцы.

— Раз у год расійскі канцэрн “Расатам” аб’яўляе конкурс грантавых праектаў, мы ў ім удзельнічаем і пасля накіроўваем сродкі на рэалізацыю сваіх праектаў, — адзначае Алена Севасцьян. — Гэта дае нам магчымасць арганізоўваць захапляльныя мерапрыемствы і набываць прызы, умацоў­ваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы. Таксама мы маем магчымасць браць удзел у мерапрыемствах школ “Расатама”. Напрыклад, у штогадовым Усерасійскім геаграфічным дыктанце. Мы правялі такі дыктант для супрацоўнікаў канцэрна на базе гімназіі, прычым зрабілі беларускі геаграфічны дыктант пад назвай “Геаграфія атамных электрастанцый”. Першыя туры дыктанта былі па геаграфіі электрастанцый, наступныя — па геаграфіі Беларусі. Такім чынам, расійскую форму мы трансфармавалі пад свой змест. Атрымалася цікава. Гэты праект знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі, ён пакуль не завершаны. Праводзім яго ў школьную суботу, прычым актыўна ўдзельнічае дарослае насельніцтва Астраўца, нават пажылыя людзі праяўляюць цікавасць да праекта.

Таксама дзейнасць гімназіі ў статусе Школы міру, па словах Алены Чаславаўны, добра стасуецца з работай па захаванні помнікаў культурнай спадчыны. У 2019—2022 гадах гімназія ўдзельнічала ў рэспубліканскай інавацыі па тэме “Ма­дэль фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-края­знаўчых медыяпадарожжаў”. Дзеці сумесна з настаўнікамі стваралі медыяпадарожжы па родным краі, што выдатна ішло ў перыяд пандэміі каранавіруса.

— Прычым мы заўважылі дзякуючы праекту, — дзеліцца дырэктар гімназіі, — што ў нас на тэрыторыі раёна няма тэатралізаваных пастановак ні на адным з архітэктурных аб’ектаў. А медыяпадарожжа — гэта, па сутнасці, распрацаваны сцэнарый для іх. Таму я прапанавала стварыць такія пастаноўкі для дзяцей. Выбралі мы Свята-Троіцкі касцёл у Гервятах — жамчужыну Астравеччыны. Сваімі сіламі пад­рыхтавалі касцюмы і пачалі рабіць тэатралізаваныя паказы, назвалі іх тэатралізацыямі. У маі мінулага года на дзень турызму і краязнаўства запрасілі вучняў гімназіі на нашу тэатралізацыю. Дзецям спадабалася. Афішы пасля размясцілі ў сацыяльных сетках — і на гэта вельмі моцна адгукнуліся турфірмы. За мінулы сезон мы каля 2 тысяч рублёў зарабілі на тэатралізацыях у рамках пазабюджэтнай дзейнасці. Дагаворы заключаем па папярэдняй заяўцы, кошт экскурсіі даступны, ад 3 да 5 руб­лёў з чалавека. У гэтай рабоце задзейнічаны маладыя педагогі гімназіі. А нашы юныя артысты гасцям прадстаўляюцца Дамейкамі, якім Гервяты належалі ў той час, праводзяць экскурсіі і на тэрыторыі дэндрапарку. Так што запрашаем у госці!

Да статусу “Школа міру” мы ішлі мэтанакіравана, і мне заўсёды падабалася, што гэты высокі статус пабуджае да інтэлігентнай дзейнасці праз слова і праз дыпламатыю. Мы павінны навучыць нашых дзяцей уменню дамаўляцца, уменню чуць адно аднаго.

З некаторага часу гімназія займаецца добраўпарадкаваннем турыстычнага аб’екта ў аграгарадку Варняны — вежы “Альтанка”. Пра гэтую частку работы Алена Чаславаўна расказвае з асаблівым пачуццём:

— Я родам з Варнянаў. Аднойчы мы з сынам, студэнтам медыцынскага ўніверсітэта, паехалі наведаць бацькоўскую хату і завіталі на востраў, дзе стаіць вежа. Якое там было запусценне! Я пачала ўспамінаць сваё дзяцінства, калі гэтае месца было дагледжаным, і сын падаў мне ідэю вярнуць тыя часы — добраўпарадкаваць гістарычны помнік сіламі гімназіі.

Ідэя паказалася не проста слушнай — выдатнай. Першапачаткова гэтая вежа (вышынёй з 4-павярховы дом) была назіральнай, род Абрамовічаў, які жыў у Варнянах, быў заможным, з вежы вёўся агляд тэрыторыі, ці няма пажараў, як ідзе ўборка ўраджаю і г.д. Гімназія пахадайнічала перад Астравецкім райвыканкамам, каб аб’ект гістарычнай спадчыны перавялі на баланс гімназіі. (І зараз дзіўлюся смеласці дырэктара гімназіі, якая не пабаялася магчымых цяжкасцей, каб захаваць спадчыну землякоў. — Заўвага аўтара.) З дапамогай мясцовых службаў педагогі з дзецьмі добраўпарадкавалі тэрыторыю, дагледзелі газоны, парамантавалі масты (вежа размешчана на востраве, да якога вядзе развадны мост). Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў выдзеліў гімназіі 2 гранты: першы ў памеры 6300 рублёў (на гэтыя грошы адрамантавалі масты і замянілі насцілы, зрабілі лаўкі), другі грант на 50 тысяч рублёў пакуль яшчэ не асвоены.

Свет без канфліктаў

Уласна ж работа на атрыманне статусу “Школа міру” ў гімназіі № 1 Астраўца пачалася з педагогаў.

— Зараз у падлеткавым асяроддзі, у адносінах “педагог — бацькі” нарастае канфліктнасць, — расказвае Алена Севасцьян. — Людзі схільныя прад’яўляць патрабаванні адно да аднаго, але вырашэнню канфліктаў ніхто не вучыць ні ў школе, ні дома. Таму мы пачалі шукаць, як нам павы­сіць навыкі ў гэтым кірунку. Такі рэсурс знайшлі ў Гродзенскім абласным ІРА, спецыялісты якога мелі магчымасць выяз­джаць ва ўстановы адукацыі і даваць веды па вырашэнні канфліктаў. Канчатковая мэта такой работы — стварэнне клуба медыяцыі ва ўстанове адукацыі. Спецыялісты з Гродна прыязджалі да нас падчас канікул у мінулым навучальным годзе, што было вельмі зручна. Сёлета мы працягваем такое навучанне. З гэтага і пачалася міратворчая дзейнасць у гімназіі.

Школьная медыяцыя прадугледжвае абавязковы дзіцячы ўдзел. У класных калектывах, СППС веды трансліраваліся навучэнцам і іх бацькам. Утварылася кола зацікаўленых дзяцей і бацькоў. У гэты ж час у гімназіі з’явіўся медыяцэнтр з гімназічным радыё і тэлебачаннем. Там дзеці з дарослымі запісваюць тэматычныя падкасты “Дарослыя і дзеці разам” — на прадухіленне канфліктаў у дзіцяча-бацькоўскіх адносінах, на прафілактыку агрэсіўных паводзін, брыдка­слоўя, бяспеку на дарогах і дома. Гэтая форма добрая тым, што працуе хутка, добра ідзе на класных гадзінах і ў бацькоўскіх чатах. Выпускі тэлевізійных здымак гімназічнай тэлестудыі можна паглядзець на YouTube-канале. Дарэчы, госцем студыі нядаўна быў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

— Што асабіста для вас мір і міратворчая дзейнасць? — пытаюся ў Алены Чаславаўны.

— На мой погляд, дзеці павінны разумець, што Астравец — гэта толькі пункт на карце вялікага свету і ёсць мноства магчымасцей і цікавых мясцін, якія варта ўба­чыць і быццам прапусціць праз сябе, — адказвае яна. — Свет не павінен замыкацца ўпэўненасцю, што я ўсё ведаю і ўсё ўмею, бо вакол так шмат людзей, у якіх варта павучыцца. Аднак свет пачынаецца з таго месца, дзе ты жывеш. І толькі марачы пра глабальныя падарожжы і справы, можна ў гэтых марах і застацца. Значыць, трэба пачынаць з дзеянняў у тым месцы, дзе ты жывеш.

Я патрыёт, і мне хочацца тварыць на карысць Радзімы. Мы, беларусы, такія таленавітыя, цярплівыя і па сваёй сутнасці абсалютна бесканфліктныя.

Свет кожнага з нас — пяць метраў навокал. І калі ў гэтых пяці метрах мы ветлівыя, добрыя, схільныя да разумення і дапамогі, неканфліктныя, умеем даць слушную параду — наш мікрасвет выдатны. Калі ж мы гаворым пра мір ва ўсім свеце, то тут трэба разумець, што не ўсе могуць на яго ўплы­ваць, а вось на свет свайго блізкага акружэння мы ўплываць можам. Гэта яшчэ залежыць ад таго, які ў нас унутраны свет. Мы павінны вучыць дзяцей аналіза­ваць свае ўчынкі, прадбачыць іх наступствы, браць адказнасць за іх. Таму кропка на карце — Астравец — вельмі важная для кожнага з нас.

Наталля КАСТЭНКА
Фота прадастаўлена гімназіяй № 1 Астраўца