Місія ПА АБСЕ задаволена ходам кампаніі

- 11:57Выбары 2015

Прадстаўнікі кароткатэрміновай місіі ПА АБСЕ задаволены ходам выбарчай кампаніі, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, каменціруючы сустрэчу з намеснікам старшыні ПА АБСЕ Кентам Харстэдам.

Кіраўнік ЦВК растлумачыла, што на сустрэчы былі Кент Харстэд і два іншыя прадстаўнікі місіі. “Яны пакуль выказалі задавальненне тым, як ідзе выбарчая кампанія. Таксама яны выказалі надзею на тое, што ў іх не будзе падстаў для расчаравання менавіта ў дзень выбараў”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Яна дадала, што Кент Харстэд хацеў даведацца, у якім тэмпе развіваецца перадвыбарная кампанія. Лідзія Ярмошына расказала парламентарыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі ў рамках электаральнай кампаніі. Кент Харстэд і два іншыя прадстаўнікі ад АБСЕ задавалі ў сваю чаргу пытанні, якія датычацца фарміравання выбаркамаў, прадастаўлення эфірнага часу для кандыдатаў, парадку складання спісаў выбаршчыкаў.
Лідзія Ярмошына ўдакладніла, што менавіта Кент Харстэд будзе кіраваць місіяй кароткатэрміновых наглядальнікаў ПА АБСЕ.
Як паведамляецца на сайце БДІПЧ АБСЕ, наглядальнікі кароткатэрміновай місіі ПА АБСЕ будуць прыбываць у Беларусь 7 кастрычніка, каб пачаць непасрэднае назіранне. Плануецца, што іх будзе амаль 400 чалавек.