Місія станаўлення маладых педагогаў

- 12:06Адукацыйная прастора

Прадстаўнікі педагагічнай сферы нашай краіны прынялі ўдзел у міжнародным адукацыйным тэлемосце “Новыя вектары бесперапыннага прафесійнага развіцця педагогаў: пытанні станаўлення маладога спецыяліста”. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэалізацыі плана дзейнасці Міжнароднага метадычнага цэнтра “Акадэмія педагагічнага майстэрства: навыкі XXI стагоддзя”.

Педагогі сярэдняй школы № 6 Мінска В.М.Сысоева і В.Л.Юрчык.

Мэтай правядзення тэлемоста стала пашырэнне кола прафесійных зносін у пытаннях адукацыі па суправаджэнні прафесійнага развіцця маладых педагогаў. Удзельнікі абмяркоўвалі і прадставілі практыкі па актуальных пытаннях: уклад аб’яднанняў маладых педагогаў у павышэнне якасці адукацыі ў рэгіёне; вопыт фарміравання сістэмы каштоўнасцей; лепшыя практыкі рэалізацыі конкурсаў; рэгіянальны вопыт падтрымкі, а таксама стварэння арганізацый маладых педагогаў. 

У тэлемосце прынялі ўдзел прадстаўнікі рэгіёнаў-партнёраў Міжнароднага метадычнага цэнтра. Жадаючых падзяліцца вопытам і абмеркаваць важныя тэмы аказалася многа. Таму паралельна працавалі дзве пляцоўкі. На іх выступалі прадстаўнікі рэгіёнаў-партнёраў Міжнароднага метадычнага цэнтра “Акадэмія педагагічнага майстэрства: навыкі XXI стагоддзя”. У цэлым была магчымасць паслухаць 27 спікераў з Маскоўскай, Яраслаўскай, Цюменскай, Калінінградскай, Чэлябінскай, Омскай, Курганскай, Арэнбургскай абласцей Расіі, Башкартастана, Алтая, а таксама Паўночна-Казахстанскай, Карагандзінскай абласцей і горада Алматы Казахстана. Беларусь прадстаўлялі супрацоўнікі педагагічнай сферы Мінска, Гродзенскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей.

Варта адзначыць, што такое сумеснае анлайн-мерапрыемства для нашых педагогаў было не адзінкавым. Яно стала лагічным працягам цікавага супрацоўніцтва з Міжнародным метадычным цэнтрам “Акадэмія педагагічнага майстэрства: навыкі XXI стагоддзя”, які знаходзіцца ў Омску. Так, літаральна за некалькі дзён да тэлемоста адбылася сустрэча прадстаўнікоў прафесійных аб’яднанняў маладых педагогаў рэгіёнаў-партнёраў з Беларусі, Расіі і Казахстана.

У ліку ўдзельнікаў былі прадстаўнікі каля дзесяці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска, кіраўнікі школьных, гарадскіх і раённых школ пачынаючага настаўніка. Яны прэзентавалі свае аб’яднанні, кірункі дзейнасці і найбольш яркія рэалізаваныя праекты. 

Адметна, што на гэтай сустрэчы была агучана ідэя супольнасці маладых педагогаў рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Казахстана ў рамках Міжнароднай праектнай лабараторыі, дзейнасць якой дазволіць аб’яднаць навыкі педагогаў па авалоданні імі эфектыўнымі практыкамі, накіраванымі на фарміраванне ў навучэнцаў soft skills. Прадстаўнікі Праектнай лабараторыі маладых педагогаў Омскай вобласці прапанавалі сумесна распрацаваць і правесці ва ўсіх рэгіёнах-партнёрах не асобныя мерапрыемствы, а агульны тыдзень. Удзельнікі з Мінска, Алматы, Арэнбурга запрасілі калег да ўдзелу ў чэленджах і фестывалях урокаў, эстафеце пакаленняў, конкурсе “Маладыя — маладым”, распрацоўцы анлайн-урокаў і віртуальных экскурсій, у праектах па выкарыстанні LEGO ў вучэбным працэсе, а таксама адукацыйных праектах, накіраваных на маральнае і патрыятычнае выхаванне школьнікаў, у тым ліку ў інклюзіўным кірунку адукацыі. У выніку сустрэчы было вырашана стварыць агульны план, куды ўвойдуць самыя цікавыя і запатрабаваныя адукацыйныя праекты, якія будуць не толькі спрыяць развіццю ў школьнікаў soft skills, але і дазволяць маладым педагогам розных краін пазнаёміцца і аб’яднацца ў дасягненні агульных мэт. 

Міжнародны адукацыйны тэлемост пачаўся менавіта з аповеду пра папярэдняе мерапрыемства і прынятыя на ім дамоўленасці. Работу адной з пляцовак адкрыла прарэктар Інстытута адукацыі Омскай вобласці Марыя Аляксандраўна Казакова. Яна адразу ж падкрэсліла, што ўжо склалася ўзаемадзеянне, ёсць пэўныя дамоўленасці. Цяпер жа ў цэнтры ўвагі — місія метадычнага суправаджэння і падтрымкі маладых педагогаў. На фарміраванне ў маладога педагога неабходных каштоўнасцей, замацаванне новых кадраў накіраваны вялікія сілы. Аднак, каб быў максімальны вынік, важна правільна іх размеркаваць.

— У нас і нашых партнёраў, прадстаўнікоў розных краін, ёсць агульнае і адрозненні, — адзначыла М.А.Казакова. — Напрыклад, абапіраючыся на разнастайныя даследаванні, мы дамовіліся, што лічым маладымі педагогамі спецыялістаў да 35 гадоў. Аднак выдзяляем яшчэ і стадыі прафесійнага станаўлення. Так, першая — выжыванне (сюды адносяцца тыя, чый працоўны вопыт меншы за год). На гэтым этапе асабліва шмат цяжкасцей як прафесійнага, так і асабістага плана. Другая стадыя, адаптацыя, займае больш доўгі перыяд — ад 2 да 5 гадоў. Гэта перыяд, калі педагог максімальна гатовы да развіцця, актыўнай, насычанай прафесійнай дзейнасці. Калі захоўваецца матывацыя, чалавек застаецца ў прафесіі. У такім выпадку надыходзіць час трэцяй стадыі — станаўлення. 

Марыя Аляксандраўна падкрэсліла, што сёння адна з актуальных праблем у сферы адукацыі на сусветным узроўні — недахоп маладых педагогаў. Аб гэтым заяўляюць многія дзяржавы. Таму так востра і стаяць пытанні: як жа аптымальна падтрымаць маладых і стварыць умовы, у якіх ім будзе камфортна працаваць і павышаць свой прафесіяналізм?

Удзел у мерапрыемстве прыняла начальнік каардынацыі конкурснага руху адукацыйных ініцыятыў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ала Ігараўна Міхеева. У сваім выступленні яна акцэнтавала ўвагу на тым, што конкурсы прафесійнага майстэрства — эфектыўны механізм станаўлення маладых педагогаў у сістэме дадатковай адукацыі дарослых. 

— Безумоўна, конкурсы — гэта і драйверы развіцця, і магчымасць прааналізаваць сваю работу, і рэфлексія, — падкрэсліла Ала Ігараўна. — Філасофія нашага мінскага конкурснага руху — гэта ў першую чаргу падтрымка маладых спецыялістаў, каб яны адчулі сябе паспяховымі, упэўніліся ў правільнасці свайго прафесійнага выбару і сваіх сілах.

Спікер звярнула ўвагу на тое, што маладому спецыялісту важна асэнсаваць, што любога педагога прасоўвае прафесійная мабільнасць. Таксама адным з пастулатаў апошніх гадоў стала ўзаеманавучанне. Неабходна, каб маладыя педагогі былі не толькі ў ролі гледачоў, а самі дзяліліся вопытам адно з адным. Яны гавораць на адной мове і таму так лягчэй вучацца. Трэба сфарміраваць у моладзі звычку быць актыўнымі і далей трансліраваць свой вопыт. Абавязкова варта ўдзяляць увагу і постконкурснаму перыяду. У гэты час важна не пакідаць, а таксама падтрымаць маладога педагога, далучаць яго да разнастайных актыўнасцей, мерапрыемстваў. Напрыклад, такую магчымасць дае клуб “Вялікі перапынак”. Ён аб’ядноўвае настаўнікаў, якія прымалі ўд зел у конкурсах. 

Сталічныя педагогі таксама з цікавасцю далучыліся да размовы. Так, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 13 Мінска Таццяна Паўлаўна Папко расказала аб уласным вопыце рэалізацыі метапрадметнага падыходу ў рабоце з маладымі педагогамі. Кіраўніцкая дзейнасць накіравана на канцэнтрацыю рэсурсаў, інтэграцыю навуковых і адукацыйных працэсаў комплекснай інфарматызацыі і метадычнае суправаджэнне апераджальнай прафесійнай адукацыі педагогаў. Метапрадметны падыход у рабоце з маладымі кадрамі з’яўляецца галоўным арыенцірам метадычнай работы ў школе пачынаючага настаўніка. 

— У гімназіі створана метапрадметная прастора для настаўніка, якая дазваляе максімальна поўна выкарыстаць метапрадметны падыход у навучанні, — паведаміла Таццяна Паўлаўна. — Прыярытэтным кірункам метадычнай работы з маладымі спецыялістамі стала павышэнне інфармацыйнай, даследчай і рэфлексіўнай кампетэнцыі як вядучых метакампетэнцый педагогаў. 

Пастаянна дзейнічае семінар “Метапрадметны ўрок як спосаб рэалізацыі сістэмна-дзейнаснага падыходу”. Яго работа накіравана на павышэнне інфармацыйнай культуры маладых педагогаў па прымяненні сучасных электронных адукацыйных рэсурсаў у працэсе навучання. Дабаўленне элементаў метапрадметнасці адбываецца на прадметных, інтэграваных і міжпрадметных уроках. Пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў маладыя педагогі ствараюць і інавацыйныя адукацыйныя прадукты. Так з’явілася адукацыйнае відэа на аснове тэхналогіі VR “Рух цел пад уплывам сіл цяжару” з выкарыстаннем віртуальных наглядна-дэманстрацыйных мадэлей. 

Сярэднюю школу № 6 Мінска прадстаўлялі педагогі Вольга Леанідаўна Юрчык і Вольга Мікалаеўна Сысоева, якія з’яўляюцца кіраўнікамі раённага метадычнага аб’яднання “Школа пачынаючага настаўніка і школа станаўлення спецыяліста”. Спікеры акцэнтавалі ўвагу на першыя крокі станаўлення прафесійнай кампетэнтнасці маладога педагога. Раённае метадычнае аб’яднанне ўжо больш за дзесяць гадоў функцыянуе на базе школы № 6. Павышаная ўвага ўдзяляецца дыферэнцыраванай і змястоўнай рабоце. На пачатак навучальнага года праводзіцца аналіз колькаснага і якаснага складу маладых спецыялістаў, складаецца банк даных. Вынікі такога падыходу ёсць: на ўзроўні раёна пытанне адтоку маладых кадраў паступова страчвае значнасць. Як паказаў маніторынг, на сённяшні дзень замацаванасць маладых спецыялістаў склала 85%. У гэтым асноўная заслуга кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія ўмеюць правільна спрагназаваць работу з навічкамі, а таксама работы школ пачынаючага настаўніка і станаўлення спецыяліста. 

— Адна з прыярытэтных задач метадычнай работы — арганізацыя прафесійнай адаптацыі маладога педагога і яго прафесійнае станаўленне, — сказала В.Л.Юрчык. — Вынікі анкетавання паказваюць: найбольшыя цяжкасці ў навічкоў выклікаюць пытанні дысцыпліны і парадку, метадычныя аспекты ўрока, афармленне школьнай дакументацыі, развіццё матывацыі, ажыццяўленне класнага кіраўніцтва. Адпаведна ўсе заняткі арыентаваны на выяўленне прафесійных цяжкасцей нашай моладзі, дапамогу ў адаптацыі і носяць практыка-арыентаваны характар. 

Формы метадычнага суправаджэння маладых разнастайныя. Заняткі праходзяць у форме круглых сталоў, тэарэтыка-практычных семінараў, семінараў-трэнінгаў, на якіх выкарыстоўваюць разнастайныя варыянты арганізацыі індывідуальнай, парнай і групавой работы. На занятках педагогі дзеляцца праблемамі і сумесна шукаюць шляхі іх вырашэння. Асаблівым поспехам карыстаюцца дыскусіі, у рамках якіх абмяркоўваюцца спрэчныя моманты педагагічнай тэорыі і практыкі. Многія пытанні навучання і выхавання абмяркоўваюцца ў фармаце круглых сталоў. Пры правядзенні заняткаў прымяняюцца разнастайныя прыёмы: вырашэнне педагагічных сітуацый, мазгавы штурм і інш. 

Пашырэнню прафесійна-педагагічнай эрудыцыі і поля магчымасцей творчага патэнцыялу спрыяе штогадовая метадычная алімпіяда “Яго Вялікасць Урок”. На першым, закрытым, этапе ўдзельнікам прапануюцца заданні ў выглядзе тэстаў закрытага тыпу. Яны рассылаюцца на электронныя адрасы ўстаноў адукацый раёна. На другім, вочным, этапе выконваюцца заданні адкрытага тыпу: дапоўніць якую-небудзь фармулёўку, выкласці свой пункт погляду на прапанаваную педагагічную задачу (праблему). Па традыцыі сярод пераможцаў метадычнай алімпіяды праводзіцца конкурс-марафон “Залатыя крупінкі педагагічнага вопыту”. Маладыя спецыялісты дзеляцца сваім няхай пакуль і невялікім вопытам у форме адкрытых урокаў і пазакласных мерапрыемстваў. А ў рамках фестывалю педагагічных ідэй “Настаўнік — гэта вечны рух” вопытныя педагогі раёна прадстаўляюць для маладых спецыялістаў свае майстар-класы, урокі і мерапрыемствы. 

— Усё гэта, безумоўна, спр яе стымуляванню маладых педагагічных кадраў да прыняцця творча-дзейснай пазіцыі, актуалізацыі і прэзентацыі педагагічных вынаходак і дасягненняў, а таксама развіцця педагагічнай рэфлексіі, — падводзіць вынік В.М.Сысоева. — Штогод каманда найбольш актыўных маладых педагогаў Фрунзенскага раёна прымае ўдзел у Мінскім маладзёжным фестывалі педагагічных ідэй і рашэнняў. Правільнае кіраванне працэсам адаптацыі і станаўлення не толькі дапамагае прафесійнаму росту маладых спецыялістаў, але і спрыяе развіццю ўстановы адукацыі. Высокая актыўнасць маладых настаўнікаў раёна і іх жаданне застацца ў прафесіі гавораць аб значнасці і запатрабаванасці такой формы працы.

Пра важнасць аксіялагічнага падыходу ў забеспячэнні педагагічнай падтрымкі маладога настаўніка гаварыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 19 Мінска імя Янкі Купалы Святлана Васільеўна Дзюбенка. Яна працуе з маладымі спецыялістамі ў сваёй установе адукацыі. Акрамя таго, з’яўляецца яшчэ і кіраўніком гарадской школы маладых настаўнікаў фізікі і астраноміі. 

— Хачу звярнуць увагу менавіта на аксіялагічны падыход, які арыентуе на работу з каштоўнаснай сферай маладога настаўніка, — адзначыла Святлана Васільеўна. — Калі ў чалавека фарміруюцца каштоўнасці педагагічнай прафесіі і адпаведныя адносіны да вучня як асобы, ён застаецца ў прафесіі. Важна даць уяўленне аб сучасных патрабаваннях і тэндэнцыях у адукацыі. У такім выпадку мы выводзім маладога педагога на тое, што ён гэта асэнсоўвае, прымае і пасля ўключаецца ў такую дзейнасць. Так паступова мы ствараем трывалую аснову для замацавання маладых кадраў. 

Святлана Васільеўна звярнула ўвагу на тое, што самастойнасць маладога педагога павінна з кожным крокам павялічвацца. Спачатку ён авалодвае новай інфармацыяй. Пасля разбіраецца, дакладна разумее, на якіх этапах урокаў больш ці менш эфектыўна прымяняць пэўныя метады ці тэхналогіі. Потым бачыць гэта ў іншых, напрыклад, на майстар-класах, але яшчэ не прымярае на сябе. І затым у сваёй установе пры суправаджэнні вопытнага педагога робіць сам. Так малады спецыяліст праходзіць важныя чатыры крокі, адбываецца яго станаўленне і адначасова прыняцце ўсіх важных каштоўнасцей.

Кожны прадстаўлены на тэлемосце вопыт па-свойму ўнікальны. Так, у Яраслаўскай вобласці Расіі адна з самых паспяховых практык па дапамозе маладым спецыялістам — школа-студыя. У якасці гасцей на кожную сустрэчу, якая прысвечана пэўнай актуальнай тэме сучаснай адукацыі, запрашаюцца малады спецыяліст і яго вопытны настаўнік. Удзельнікі не проста чуюць пра навінкі ў адукацыі, а адразу ж атрымліваюць практычны вопыт. Пасля сустрэчы супрацоўніцтва з парай працягваецца. 

Тэлемост атрымаўся цікавым і насычаным карыснай інфармацыяй, дапамог яшчэ больш з’яднаць спецыялістаў некалькіх краін. Прагучаў шэраг правераных часам ідэй, якія пры жаданні можна ўзяць на ўзбраенне і адаптаваць да сваіх умоў. Было выказана шмат прапаноў далучацца да конкурсаў, форумаў і іншых актыўнасцей. 

Таццяна ШЫМКО.