Мітрапаліт Павел: “Займацца асветнай і патрыятычнай работай сёння вельмі важна”

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым заявіў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў ходзе падвядзення вынікаў дабрачыннай акцыі “Аднаўленне святынь Беларусі”.

“Мы ўспамінаем герояў Айчыны. Памяць аб іх ніколі не павінна памерці. Наша задача — зрабіць усё магчымае, каб маладое пакаленне помніла тых, дзякуючы каму мы жывём у свабоднай краіне, у мірнай дзяржаве”, — сказаў мітрапаліт Павел. Паводле яго слоў, сёння, калі час ад часу ў свеце адбываюцца кровапраліцці, сутыкненні, людзі асабліва разумеюць каштоўнасць чыстага неба.
Каардынатар валанцёрскага руху БРСМ “Добрае сэрца” Вікторыя Мяннанава ў сваю чаргу адзначыла, што валанцёры задзейнічаны ў вялікай колькасці дабрачынных праектаў. “Развіваць і выхоўваць у моладзі маральнасць, духоўныя якасці — асаблівая неабходнасць, таму што мір і бяспека грунтуюцца менавіта на гэтых каштоўнасцях”, — упэўнена яна.
14 кастрычніка ў Храме-помніку ў гонар Усіх Святых сабралася каля 80 валанцёраў руху “Добрае сэрца” з усіх рэгіёнаў краіны. Яны прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі пахавання 39 капсул з зямлёй з месцаў пахавання воінаў-беларусаў, якія загінулі далёка ад Радзімы. Таксама былі прэзентаваны фатаграфіі праваслаўных аб’ектаў, добраўпарадкаваных валанцёрамі на працягу года.
“Аднаўленне святынь Беларусі” — сумесны праект БРСМ і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Мэта акцыі — выхаванне і развіццё ў падрастаючага пакалення духоўна-маральных каштоўнасцей, заснаваных на традыцыях беларускага народа, шырокае ўключэнне маладых людзей у працэс працоўнай дзейнасці, накіраванай на аднаўленне праваслаўных аб’ектаў.