БДУІР пашырае напрамкі міжнароднага супрацоўніцтва
Літаральна ў красавіку завяршыўся чарговы прыём грамадзян ЗША на вочна-дыстанцыйную форму навучання, якое БДУІР ажыццяўляе разам з Computer System Institute (США). Зараз вядзецца актыўная работа над адкрыццём у ЗША прадстаўніцтва БДУІР, дзе будзе весціся магістарская падрыхтоўка.
Працягваецца сур’ёзнае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва з Кітаем. Сёння вучоныя БДУІР выконваюць заказы ад кітайскіх кампаній на суму ў некалькі мільёнаў долараў, і ўжо на падыходзе новыя кантракты. Акрамя таго, цікавасць да ўніверсітэта праявіла кампанія Huawei Technologies , і зараз ствараецца інжынерна-адукацыйны цэнтр “БДУІР — Huawei”.
Добрыя перспектывы абяцае супрацоўніцтва ўніверсітэта з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. У сакавіку было дасягнута пагадненне аб узаемадзеянні, а ўжо зараз вядзецца актыўная перапіска і абмяркоўваюцца канкрэтныя прапановы па сумеснай распрацоўцы навукова-тэхнічнай прадукцыі. Плануецца, што ў канцы мая дэлегацыя з ААЭ наведае навуковую канферэнцыю “Нанамітынг—2015” у БДУІР, дзе будуць падпісаны канкрэтныя дакументы.
Таксама працягваецца работа над стварэннем Беларускага міжнароднага ўніверсітэта ў Бангладэш. Гэта вельмі маштабны праект, дзе задзейнічаны вялікія чалавечыя і фінансавыя рэсурсы. БДУІР мае план дзеянняў па рэалізацыі гэтага праекта, у адпаведнасці з якім робіцца ўсё, каб Беларускі міжнародны ўніверсітэт ужо ў 2016 годзе пачаў работу.
Вельмі ажыўленыя адносіны ў БДУІР з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Толькі ў мінулым годзе былі падпісаны два буйныя кантракты: адзін — на 2,8 млн, другі — на 1,3 млн долараў. І зараз ужо рыхтуецца да падпісання новы кантракт на навуковыя распрацоўкі.
Акрамя таго, буйная кітайская кампанія ў галіне тэлекамунікацый Huawei Technologies праз свой беларускі офіс выйшла на ўніверсітэт з прапановай стварыць сумесны інжынерна-адукацыйны цэнтр “БДУІР — Huawei”. Для гэтых мэт універсітэт ужо выдзеліў памяшканне плошчай каля 100 квадратных метраў, дзе выконваецца рамонт і будзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне для вывучэння інфармацыйных тэхналогій, у тым ліку вялікіх даных і воблачных тэхналогій. Там разам са спецыялістамі кампаніі Huawei Technologies будуць праводзіцца лекцыі для студэнтаў, курсы, тэсты.
Дарэчы, гэта будзе першы падобны дагавор кампаніі Huawei Technologies з установай вышэйшай адукацыі Беларусі.
Нядаўна рэктар БДУІР М.П.Батура ў складзе беларускай дэлегацыі прымаў удзел у беларуска-эмірацкім сімпозіуме і выставе навукова-тэхнічнай прадукцыі ў Абу-Дабі. Вынікам той паездкі павінен стаць цэлы шэраг сумесных праектаў.
“Я не ўпершыню быў у службовай камандзіроўцы ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, але такога прыёму, як гэты раз, дагэтуль не было, — расказвае Міхаіл Паўлавіч. — Мы адчувалі непадробную зацікаўленасць і імкненне знайсці агульныя інтарэсы. У выніку з адной установай вышэйшай адукацыі, якая называецца Вышэйшыя каледжы тэхналогій (уключае ў сябе 17 мужчынскіх і жаночых каледжаў, дзе вядзецца падрыхтоўка бакалаўраў), падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Акрамя таго, ёсць дамоўленасць аб узаемадзеянні з Аб’яднаным арабскім універсітэтам. Абедзве ўстановы зацікавіліся двума нашымі навукова-тэхнічнымі напрамкамі — нанатэхналогіямі і нанаматэрыяламі і штучным інтэлектам”.
БДУІР ужо накіраваў у ААЭ свае прапановы па гэтых напрамках: 6 праектаў у галіне нанатэхналогій і 2 — у галіне штучнага інтэлекту. Яны тычацца і адукацыі, і сумеснай распрацоўкі навукова-тэхнічнай прадукцыі. У кожным праекце коратка апісана яго актуальнасць і ўказаны патэнцыяльныя магчымасці ўніверсітэта па яго выкананні: кадры, база ведаў, тэхнічнае абсталяванне і г.д. Таксама ўказаны дакладныя тэрміны выканання і вынікі, якія могуць быць атрыманы ў працэсе работы.
Акрамя таго, БДУІР ужо накіраваў арабскім партнёрам запрашэнне для ўдзелу ў вельмі прэстыжнай Міжнароднай канферэнцыі “Нанамітынг-2015”, якая пройдзе ва ўніверсітэце ў маі. Заснавальнікамі гэтай канферэнцыі, акрамя БДУІР, з’яўляюцца Наньянгскі тэхналагічны ўніверсітэт (Сінгапур), які, дарэчы, уваходзіць у ТОП-100 універсітэтаў свету, і Марсельскі ўніверсітэт (Францыя). Адметна, што арабскія партнёры адразу выказалі жаданне далучыцца да ліку арганізатараў. У дні канферэнцыі плануецца правесці рабочую нараду з іх удзелам, каб прыняць канчатковае рашэнне па сумесных праектах.
“Прыём у Абу-Дабі і тая надзвычайная зацікаўленасць, якую выказвае арабскі бок, сапраўды здзіўляюць, і я, будучы ў Пасольстве Беларусі ў ААЭ, запытаўся ў дыпламатаў, з чым гэта звязана, — гаворыць Міхаіл Паўлавіч. — І там расказалі, што пасля апошняга візіту А.Р.Лукашэнкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ў кастрычніку 2014 года стаўленне да Беларусі кардынальна змянілася ў лепшы бок. Відавочна, што міратворчая дзейнасць нашай краіны высока ацэнена ў свеце. Кажуць, што Прэм’ер-міністр ААЭ шэйх Дубаі сабраў кіраўнікоў усіх вялікіх структурных падраздзяленняў краіны, у тым ліку рэктараў універсітэтаў, і сказаў, што ўсе прапановы з беларускага боку павінны ўважліва разглядацца. Калі ёсць перадумовы для сумеснай работы, то трэба ўзаемадзейнічаць”.
Што да навучання грамадзян ЗША, то сёння па вочна-дыстанцыйнай форме ў БДУІР вучацца 22 чалавекі. Яшчэ 10 чалавек паступілі ва ўніверсітэт у красавіку.
“На базе Computer System Institute (гэта партнёр БДУІР у ЗША) шэраг дысцыплін студэнты вывучаюць вочна, — расказвае Міхаіл Паўлавіч, — але па нашых матэрыялах, згодна з нашай вучэбна-метадычнай дакументацыяй, якая ўбудавана ў амерыканскую сістэму адукацыі, па нашых стандартах, якія ўзгоднены з Дэпартаментам вышэйшай адукацыі штата Ілінойс. Студэнтаў вучаць прафесары ўніверсітэтаў з Чыкага. Што да дыстанцыйнай формы, то тут усё робяць нашы выкладчыкі, якіх мы называем інструктарамі. Яны кансультуюць студэнтаў па сваіх дысцыплінах, а потым атэстуюць іх праз відэаканферэнцсувязь. Дарэчы, нядаўна адбылася чарговая атэстацыя. У ЗША накіравана для ўручэння студэнтам каля сотні сертыфікатаў”.
Зрэшты, работу ў амерыканскім напрамку М.П.Батура расцэньвае як недастатковую: “Мы працуем ужо 2 гады, і хацелася б, каб студэнтаў было больш. Пакуль жа рэнтабельнасць нашай работы на ўзроўні 5%. Вядома, што канкурэнцыя ў сістэме адукацыі ЗША велізарная, бо адукацыйныя паслугі там — гэта вельмі прыбытковы бізнес. Каб быць паспяховым, трэба выконваць шэраг умоў. Адна з іх — высокая якасць адукацыі, а другая — прыкладанне пэўных намаганняў для прыцягнення студэнтаў менавіта ў сваю ўстанову. Я лічу, што мы са свайго боку выконваем усе абавязкі, звязаныя з забеспячэннем адукацыйнага працэсу, але неабходна адпаведная работа там, у ЗША. На жаль, наш партнёр пакуль адстае з намаганнямі. Хаця ёсць падставы лічыць, што справа зрушыцца.
Нядаўна адбыліся змены ў правілах прыёму, і зараз БДУІР можа праводзіць прыём замежнікаў на дыстанцыйную форму навучання 4 разы на год. Ужо адбыўся набор у студзені і красавіку, чакаецца прыбаўленне студэнтаў у ліпені і кастрычніку. Акрамя таго, ідзе работа над стварэннем у ЗША прадстаўніцтва БДУІР, дзе будзе весціся магістарская падрыхтоўка. А гэта ўжо прынцыпова новы адукацыйны ўзровень. “Пер шую ступень мы будзем даваць у рамках партнёрства Computer System Institute, а другую — праз уласнае прадстаўніцтва, — дзеліцца планамі Міхаіл Паўлавіч. — Зараз вядзецца падрыхтоўка ўсіх неабходных дакументаў. Мы спадзяёмся, што ўжо да восені атрымаем станоўчае рашэнне і прыступім да працэсу акрэдытацыі”.
Адметна, што менавіта ў ЗША БДУІР набывае каштоўны вопыт, які спатрэбіцца яму пры ўваходзе на адукацыйны рынак Бангладэш і іншых краін.
Стварэнне Беларускага міжнароднага ўніверсітэта ў Бангладэш з’яўляецца ўнікальным праектам для нашай краіны. Стаіць задача арганізаваць паўнацэнны вучэбны працэс на чужой тэрыторыі. І вучыць не сто і не тысячу, а 20 тысяч чалавек — менавіта такім бачаць Беларускі міжнародны ўніверсітэт партнёры БДУІР у Бангладэш праз 5 гадоў.
“Нашы партнёры ў Бангладэш павінны пабудаваць кампус, а мы ў сваю чаргу фармулюем патрабаванні да гэтага кампуса з пункту гледжання размяшчэння вучэбных аўдыторый, лабараторый і г.д., а таксама патрабаванні па тэхнічным аснашчэнні, — расказвае Міхаіл Паўлавіч. — Наша задача — падрыхтаваць кадры для якаснай арганізацыі вучэбнага працэсу, па нашых жа спецыяльнасцях, якія будуць акрэдытаваны ў Бангладэш. Дамовіліся, што будзем дзейнічаць паэтапна, распрацавалі падрабязны план. І ўсё, што патрабуецца ад нашага боку, мы выконваем дакладна ў тэрмін. Легалізавалі дагавор аб супрацоўніцтве, які накіравалі партнёрам у Бангладэш, — гэта будзе аргумент для атрымання імі ліцэнзіі і дзяржаўнага крэдыту. (Яны маглі б пачынаць будаўніцтва і без прыцягнення дадатковых сродкаў, але, калі ў праекце задзейнічаны дзяржаўныя грошы, усе бюракратычныя пытанні вырашаюцца прасцей.) У нас ужо нават сфарміравана група выкладчыкаў, якія забяспечаць выкладанне на англійскай мове па шасці спецыяльнасцях. Плануецца, што пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў Бангладэш будзе выкарыстоўвацца вочна-дыстанцыйная форма. Гэта значыць, што частку дысцыплін нашы выкладчыкі будуць выкладаць непасрэдна ў Бангладэш, а частку дысцыплін студэнты будуць вывучаць дыстанцыйна. Карацей, мы цалкам гатовы да таго, каб ужо ў чэрвені 2016 года здзейсніць першы прыём у колькасці 500 чалавек”.
Планавалася, што ў гэтым маі партнёры БДУІР у Бангладэш ужо атрымаюць у сваім урадзе ліцэнзію на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці, атрымаюць участак пад будучы кампус і пачнуць будаўніцтва. На жаль, пакуль гэтыя планы не ажыццявіліся: у краіне пэўны час іду ць забастоўкі, рабочыя патрабуюць адстаўкі ўрада, і, зразумела, вельмі складана вырашаць пытанні аб ліцэнзаванні. “Нашы партнёры з Бангладэш ні ў якім разе не адмаўляюцца ад сваіх планаў, але прапаноўваюць некалькі месяцаў пачакаць, — гаворыць Міхаіл Паўлавіч. — Пры гэтым яны спадзяюцца, што, нягледзячы на затрымку з ліцэнзаваннем і пачаткам будаўніцтва кампуса, прыём студэнтаў, як і запланавана, адбудзецца летам 2016 года”.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУІР.