Між зямлёй і сонцам

- 10:56Выхаванне

Менавіта такую назву атрымала Рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якая адкрылася днямі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Зямля тут увасобілася ў кераміцы, а сонца — у сагрэтых промнямі саламяных вырабах. Свой погляд на гэтыя два віды старажытнага народнага мастацтва прадставілі юныя майстры краіны — навучэнцы ўстаноў дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі ад 8 да 16 гадоў. Каб можна было кожны дзень пачынаць з наведвання выставы і з разглядвання толькі адной конкурснай работы, то спатрэбіўся б цэлы год: роўна 365 работ адабрана ў фінал з тысяч прэтэндэнтаў.

“Наша выстава праводзіцца з 2005 года, але кожны раз мы мяняем яе тэматыку: то пісанкі, то выцінанкі, то лялькі. Салома і кераміка праводзіцца ў нас трэці раз, — гаворыць Надзея Іванаўна Коршунава, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. — Прыемна, што дэкаратыўна-прыкладная творчасць сёння не губляе прыхільнікаў, а ручная работа застаецца на піку папулярнасці. Каб больш поўна ахапіць гэтую сферу творчасці, мы ацэньваем конкурсныя работы з двух кірункаў: традыцыйнага і крэатыўнага. І ў абодвух выпадках нас вельмі прыемна ўразілі работы. Узяць салому, тых жа “павукоў” — здавалася б, самы традыцыйны саламяны выраб — дзеці стварылі тонкім, філігранным пляценнем, а капелюшы з разраду традыцый перайшлі ў крэатыўныя вырабы з-за свайго арыгінальнага аздаблення: часам толькі кветкавыя ўпрыгажэнні ўжо самі па сабе шэдэўры. А калі дзіця перадае сваю крэатыў­насць праз нацыянальныя матэрыялы, атрымліваецца нешта энергетычна новае, кардынальна іншае”.

Сапраўды, творчы пошук у саломапляценні не спыняецца. Разнастайна прадстаўлены асаблівасці саломапляцення, яго тэхналагічныя і вобразна-тэматычныя аспекты. Выразна вылучаецца саламяная скульптура. Гэта аб’ёмныя фігуркі лялек, птушак, жывёл, нават цэлыя кампазіцыі на бытавыя тэмы. Нельга пакінуць без увагі і зварот да ўзораў народнага касцюма, яго сучасную інтэрпрэтацыю. Так, новае вобразнае і пластычнае ўяўленне пра салому, новыя канструкцыйныя і дэкаратыўныя прыёмы прадэманстравалі навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Чароўная саломка” (педагог І.М.Коваль) з Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў калекцыі адзення “Золата сонца”. Фларыстычны кірунак саламянай экспазіцыі надалі плеценыя кветкі і кампазіцыі. У аплікацыі традыцыйныя арнаменты саступілі пазіцыі выяўленню архітэктурных славутасцей з розных куточкаў Беларусі і нават мясцовым ахоўным відам птушак і жывёл.

Экспазіцыю глінянай часткі выставы склала дэкаратыўная пластыка (лялькі, цацкі, кветкі, анімалістычная пластыка, дэкаратыўныя пано і інш.), прадметы побыту (посуд, падсвечнікі, упрыгажэнні і інш.), арт-аб’екты і інш. Асаблівая група экспанатаў — музычныя інструменты, выкананыя ў розных тэхніках. Гэта і свістулькі, і бразготкі, і акарыны, і інш. Прыемна адзначыць, што многія рэчы выходзяць з дробнай пластыкі ў прастору прыроды ці гарадскога ландшафту, іх можна ўключаць у экстэр’ерныя кампазіцыі.

Людміла Багданаўна Церах, старшыня журы, дацэнт па спецыяльнасці “Мастацтва”, член Беларускага саюза дызайнераў, у захапленні ад керамікі і ад таго, як у ёй традыцыі сумяшчаюцца з арыгінальнасцю: “Мы ўсе прывыклі бачыць у сувенірных крамах керамічных старычкоў, якія іграюць на дудачках, і падобнае. У такіх рэчах мала руху. Гэта ўжо не персанажы сучасных дзяцей. Калі гаварыць пра традыцыйную кераміку, то лепш зрабіць свістульку ці нейкую шумелку, бо яны функцыянальныя. А навошта ім вусаты керамічны дзядуля ў жупане? Хіба толькі для асваення навыку, але гэтага мала. Таму я заўсёды вітаю тое, каб у кераміцы вучылі і таму, як ства­раць, і таму, што ствараць. А ствараць дзіця павінна выключна тое, што яму самому хочацца, што яго турбуе. Напрыклад, мне спадабаліся пацеркі ў тэхніцы ангоб з графіту: калі каляровы слой гліны наносіцца на аснову і прадрапваецца малюнак. Гэта адначасова і традыцыі, і тое вынаходніцтва, якім юная майстрыха можа ганарыцца. Сёння моладзь імкнецца вылучыцца сімволікай: часам вельмі яўна — калі адзенне аздабляюць арнаментам, а часам гэта бывае вельмі апасродкавана, праз колеравую гаму — пяшчотную, нягучную, спакойную. Часта гэта і выкарыстоўваецца ў кераміцы.

А ў другой намінацыі — крэатыўным выкарыстанні керамікі — мы шукалі сучасныя аб’екты, глядзелі, наколькі гэта культурна, тонка, дарэчы. Нашы продкі былі вельмі ўважлівымі да свайго прадметнага акружэння: яны не захламлялі сваю прастору нічым лішнім, а неабходныя рэчы рабілі дасканалымі: калі гэта гаршчок, то паліва на ім была заліта акуратна, роўным быў венчык, донца зачышчалася, каб роўна стаяў выраб. Такія ж дасканалыя рэчы мы ўбачылі і сёння на выставе.

Мы вучым дзяцей адчу­ваць матэрыял так, каб яны не імкнуліся яго выдаваць за іншы матэрыял. Мы імкнёмся ву­чыць дзяцей не хлусіць. Няхай гэтыя работы будуць сціплымі, але сутнаснымі. Гэта выхоўвае культуру адносін да ўсяго навокал: да людзей, музыкі, рэчаў. Гэта правільны, праўдзівы мінімалізм. Гэта заўсёды для мяне важны крытэрый дзіцячай работы. І плюс самастойнасць, індывідуальнасць, адсутнасць з боку педагога заўваг, што ў рабоце правільна, а што не”.

У гасцей выставы была магчымасць не толькі паглядзець на работы, але і павучыцца самому ствараць іх з саломы і гліны падчас майстар-класаў ад педагогаў і іх навучэнцаў. Прама ў выставачнай зале можна было адчуць мяккасць гліны і стварыць з бясформеннага камячка розны посуд, а з іржаных і пшанічных промняў сплесці старажытны абярэг ці сучасны аксесуар.

Віялета Турбіцына, навучэнка НЦМТДіМ, адна з самых тытулаваных удзельніц выставы, падчас майстар-класа паспявае не толькі па-майстэрску выгладжваць бакі ў сваёй будучай цукерніцы, але і дапамагаць навічкам, якія ўпершыню ў жыцці ўзялі ў рукі гліну. “Кераміка для мяне — гэта магчымасць адпачыць. Нават у самы складаны і напружаны дзень, калі ў мяне шмат урокаў, я іду на гурток, пачынаю мяць гліну — усю стомленасць як рукой знімае. Я стараюся ніколі нічога не паўтараць ні за сабой, ні за іншымі. Нават гаршчок ці збанок можна зрабіць такім, якім яго ніхто яшчэ не бачыў. Праўда, спачатку трэба ведаць агульныя правілы, напрыклад, колькі гліны браць, якімі павінны быць прапорцыі збанка, каб ён быў устойлівым, не падаў”, — гаворыць Віялета.

Лепшыя работы выставы бу­дуць названы пазней, аднак ужо цяпер старшыня журы адзначыла: “У творчасці няма першых, другіх і трэціх, але нехта лепш валодае рамяством, у некага больш крэатыўныя ідэі. Таму я хачу ўсіх вас заклікаць: калі вывучаеце культуру, мастацтва, традыцыі, будзьце індывідуальнымі, смелымі, рашучымі. Не толькі вы вучыцеся ў педагогаў, але і педагогі вучацца ў вас. Прапануйце новыя ідэі — гэта будзе развіваць вас, гэта спатрэбіцца ў любой прафесіі і ў любых чалавечых зносінах”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.