Міжканфесійны мір і згода забяспечваюцца

- 11:09Інфармацыйная гадзіна

Права любога веравызнання ў Беларусі захоўваецца няўхільна, паведаміў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка перад пасяджэннем Кансультатыўнага міжканфесійнага савета пры ўпаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

“У нас усе рэлігійныя аб’яднанні, паводле Канстытуцыі, роўныя ў сваіх правах. Людзі могуць вызнаваць любую рэлігію або ніякую. Гэтыя канстытуцыйныя нормы выконваюцца няўхільна. Вы не знойдзеце чалавека ў Беларусі, які скажа, што ён зведвае ўціск з-за рэлігійнай прыналежнасці”, — адзначыў Леанід Гуляка.

Кансультатыўны міжканфесійны савет, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі рэспубліканскіх рэлігійных аб’яднанняў праваслаўнай, рымска-каталіцкай, іўдзейскай, мусульманскай, стараверскай і пратэстанцкіх канфесій і рэлігійных напрамкаў, органаў дзяржаўнага кіравання і арганізацый, збіраецца на пасяджэнні раз у паўгода, каб абмеркаваць пытанні, што хвалююць усе канфесіі. “Лакальныя пытанні мы абмяркоўваем па меры іх узнікнення, а такім агульным складам збіраемся, каб разгледзець у тым ліку тэмы, якія прапаноўваюць самі канфесіі”, — сказаў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

У парадак дня таксама былі ўключаны пытанні, звязаныя з назначэннем і выплатай пенсій асобам, не маючым дакументаў, што засведчваюць асобу, і з адмовай грамадзян па рэлігійных меркаваннях у атрыманні такіх дакументаў, якія змяшчаюць ідэнтыфікацыйныя нумары. Размова ідзе пра пашпарты. “У 2015 годзе прынята пастанова Савета Міністраў № 134 “Аб парадку пацвярджэння асобы грамадзян Беларусі, не маючых дакумента, што засведчвае асобу, для мэт пенсійнага забеспячэння”. Згодна з дакументам, прадугледжаны асаблівы парадак афармлення пенсій такім грамадзянам, якіх ідэнтыфікуюць па фатаграфіях”, — падкрэсліў у час пасяджэння намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.

Акрамя таго, на пасяджэнні Кансультатыўнага міжканфесійнага савета разгледжаны пытанні гарантавання бяспекі людзей пры правядзенні масавых рэлігійных мерапрыемстваў, аб парадку разгляду і правядзення экспертызы рэлігійнай літаратуры, што ўвозіцца рэлігійнымі арганізацыямі.