Міжнароднае прызнанне

- 10:54Актуальна, На парадку дня

Трыумфальным для беларускіх педагогаў стаў II Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства, які праводзіўся ў межах VІІ з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД.

Два першыя і адно другое месца сведчаць не проста пра метадычную падкаванасць беларускіх удзельнікаў, але і пра высокі прафесійны і міжнародны ўзровень. Нашы педагогі былі прызнаны лепшымі сярод больш як 30 удзельнікаў з Казахстана, Расіі, Арменіі, Кыргызстана, Таджыкістана.

На працягу двух дзён на базе Назарбаеўскага ўніверсітэта ў Астане праходзілі майстар-класы з дэманстрацыяй уласнага педагагічнага вопыту ў трох намінацыях: “Настаўнік”, “Выхавальнік”, “Псіхолаг/Са­цыяльны педагог”. 

Па рашэнні міжнароднага журы ў намінацыі “Настаўнік” лепшым быў прызнаны дырэктар настаўнік рускай мовы і літаратуры маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы Васіль Маліноўскі.

У намінацыі “Псіхолаг/Сацыяльны педагог” першай стала педагог-псіхолаг ясляў-сада № 10 Пінска Таццяна Кананчук, а ў намінацыі “Выхавальнік” пераможнае 2-е месца прынесла выхавальніца ясляў-сада № 2 Мастоў Ірына Дзенісевіч. Віншуем!

Ад стратэгіі прасоўвання да тэхналогіі ўключэння

Васіль Маліноўскі правёў майстар-клас “Чытанне: ад стратэгіі прасоўвання да тэхналогіі ўключэння”, падчас якога патлумачыў сэнс сваёй стратэгіі, расказаў пра яе дыдактычныя магчымасці і прапанаваў выканаць заданні з выкарыстаннем прыёму стратэгіі прасоўвання чытання “Кніга ў паперы”. Трэба адзначыць, што Васіль Уладзіміравіч змог уключыць у свой майстар-клас адразу. Каб наладзіць пазітыўную атмасферу і паспрыяць псіхалагічнай настроенасці ўдзельнікаў майстар-класа на работу, ён прапанаваў адгадаць загадку: “Гэта як iPAD, толькі таўсцей. Гэта як індывідуальныя дысплэі з тэкстам на іх. Забаўляе вас гадзінамі. Гэта як фільм, які трансліруецца прама ў галаву. (Кніга.)”

“Дзякуючы гэтай загадцы, мы разумеем, што паўстала неабходнасць змяніць стаўленне да мастацкага тэксту на вучэбных занятках па літаратуры. Як раскадзіраваць абстрактныя слоўныя знакі ў вобразныя жывыя карціны, абудзіць уяўленне?” — працягваў Васіль Уладзіміравіч.

Далей пачалася будова праблемнага поля майстар-класа з дыягностыкай суб’ектнага вопыту яго ўдзельнікаў, з фарміраваннем матывацыі на будучую дзей­насць, асобаснай пазіцыі кожнага ў вызначэнні мэт сваёй працы на майстар-класе. Педагог прапанаваў папрацаваць з рабочымі лістамі, дзе ў табліцы трэба было падзяліцца словам-асацыя­цыяй, карцінкай-асацыяцыяй, фразай-асацыяцыяй на слова “чытанне”.

Затым было прапанавана сфармуляваць тэму майстар-класа (дапоўніць першую частку назвы тэмы) ______?______: ад стратэгіі прасоўвання да тэхналогіі ўключэння. А пасля з дапамогай вы­дзеленых слоў у тэме сфармуляваць мэту майстар-класа “Чытанне: ад стратэгіі прасоўвання да тэхналогіі ўключэння” (адказ­ваюць і запісваюць у рабочы ліст: даведацца, як з дапамогай стратэгіі прасоўвання ўцягнуць вучняў у актыўнае чытанне). Настаўнік задае праблемнае пытанне: “Чытанне — гэта праца ці творчасць?” (разглядалася з пазіцыі настаўніка і вучня).

“Каб аблегчыць працу настаўніка і развіваць творчасць навучэнцаў, мной была распрацавана стратэгія прасоўвання чытання. Само паняцце “тэхналогія прасоўвання чытання” было ўпершыню ўве­дзена ў педагагічную навуку прафесарам Вяцкага дзяржаўнага ўніверсітэта доктарам педагагічных навук Аленай Алегаўнай Галіцкіх”, — паведаміў Васіль Уладзіміравіч і арганізаваў паглыбленне ў тэарэтычныя асновы стратэгіі прасоўвання чытання.

Стратэгія прасоўвання чытання ўключае: перадчытанне (успрыманне тэксту, раскрыццё яго зместу і сэнсу, своеасаблівая расшыфроўка ці дэкадзіраванне); чытанне (разуменне сэнсу, інтэрпрэтацыя тэксту); постчытанне (стварэнне ўласнага новага сэнсу: “прысваенне” здабытых новых ведаў як уласных у выніку разважання).

На жаль, фармат матэрыялу не дазваляе ў поўнай меры перадаць атмасферу творчасці і азарту, якая панавала на майстар-класе (абмежавана аб’ёмам), таму напішу коратка: удзельнікі вывучалі этапы стратэгіі і магчымасці іх дыдактычнага прымянення. Васіль Уладзіміравіч прадставіў тры этапы стратэгіі: перадчытанне (успрыманне тэксту, раскрыццё яго зместу і сэнсу, своеасаблівая расшыфроўка ці дэкадзіраванне); чытанне (разуменне сэнсу, інтэрпрэтацыя тэксту); постчытанне (стварэнне ўласнага новага сэнсу: “прысваенне” здабытых новых ведаў як уласных у выніку разважання). Было заўважана, што ўсе этапы важныя, а самым творчым у адносінах да вучня з’яўляецца постчытанне.

Падчас практыкі выконвалася заданне па казцы “Калабок”. Тут спрацаваў прыём “Кніга ў паперы”, калі патрабавалася ўя­віць, што кніга загорнута ў паперу, і напісаць анатацыю да яе, прыдумаць назву і падрыхтаваць малюнак. Было цікава, прадукцыйна і весела, што засведчылі падчас рэфлексіі.

Гукавая культура мовы

Ірына Дзенісевіч прапанавала майстар-клас па тэме “Выкарыстанне комплексу лагарытмічных гульняў і практыкаванняў у працэсе фарміравання гукавой культуры мовы ў дзяцей старэйшага да­школьнага ўзросту з цяжкімі парушэннямі маўлення”. Ірына Уладзіміраўна зрабіла яго максімальна практыка-арыентаваным, падрыхтаваўшы для ўдзельнікаў цэлыя партфелі лагарытмічных гульняў і практыкаванняў, якія, па меркаванні выхавальніцы, з’яўляюцца эфектыўнымі спосабамі дапамогі выхаванцам у пераадоленні маўленчых праблем, такіх як невыразная дыкцыя, неразвіты фанематычны слых, недастатковае валоданне граматычнымі нормамі роднай мовы.

У рабоце з выхаванцамі Ірына Ула­дзіміраўна часта выкарыстоўвае самамасаж. Практыкаванні выконваюцца як без прадметаў, так і з дапамогай масажных мячыкаў, грэцкага арэха, алоўкаў, караляў, элементаў канструктара. Яна ўпэўнілася, што такі від работы стымулюе абменныя працэсы ў арганізме дзіцяці, узмацняе кровазварот у мышцах, паляпшае жыўленне тканак, спрыяе набыццю ведаў аб будове ўласнага цела, стымулюе развіццё мовы і павялічвае слоўнікавы запас.

Каб удзельнікі майстар-класа адчулі карысць ад такой дзейнасці, выхавальніца прапанавала ім засвоіць тэхніку самамасажу з дапамогай практыкавання “Апранёмся на прагулку” (рухі выконваюцца па тэксце):

Ой, ой, ой, вельмі холадна зімой (масажуюць рукі),
але не страшны нам мароз (абхопліваюць сябе рукамі),
мы схаваем свой нос (масаж носа).
На ножкі надзенем боцікі (гладзяць ногі),
на ручкі — рукавічкі (гладзяць рукі, масажуюць пальчыкі),
шалікі завяжам (імітуюць),
шапачкі нацягнем (масажуюць галаву)
і гуляць пойдзем (крочаць).

“Рухі пальцаў рук дзяцей, якія ма­юць маўленчыя парушэнні, часта скаваныя, недакладныя. Паколькі прадстаўніцтвы маўленчай і пальчыкавай зон у кары галаўнога мозга чалавека знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці і аказваюць адно на аднаго ўплыў, развіццю дробнай маторыкі пальцаў рук дзіцяці ўдзяляю асаблівую ўвагу. Часта выкарыстоўваю пальчыкавыя гульні ў спалучэнні з вершамі, песенькамі, пацешкамі, лічылкамі, казкамі. Такія практыкаванні садзейніча­юць стымуляванню абменных працэсаў у арганізме, узмацняюць кровазварот у мышцах, вучаць каардынаваць гаворку і рухі”, — працягвала Ірына Уладзіміраўна і зноў прапанавала папрактыкавацца.

Практыкаванне для развіцця дробнай маторыкі пальцаў рук “Вераб’і”.

Вераб’і-верабейкі (сціснуць кулак, пальцы выцягнуты ў дзюбу),
шэранькія пёркі (варушаць выпрастанымі пальцамі рук).
Клюйце, клюйце крошкі ў мяне з далонькі (стукаюць указальным пальцам правай рукі па левай далоні і наадварот),
не, з далонькі не клююць і пагладзіць не даюць (пагладзіць далоні).
Як бы нам пасябраваць (плясканне ў ладкі),
каб даліся пагладзіць (пацерці далоні адна аб адну).

“У рабоце з дзецьмі часта назіраю праб­лему ўспрымання рытму, што выяўляецца ў цяжкасцях завучвання вершаваных тэкстаў (не ўспрымаецца музычны рытм верша, не ўлоўліваецца яго рыфма). Узнікаюць праблемы і пры прайграванні складовай структуры слоў, якія складаюцца з трох і больш складоў. Спрабуючы вымавіць доўгае слова, дзіця прапускае або перастаўляе месцамі яго склады, гукі. Работу па развіцці пачуцця рытму ў дзяцей пачынала з праслухоўвання простых рытмаў і выканання пад іх спачатку аднатыпных, а затым усё больш разнастайных рухаў. Асаблівую цікавасць у выхаванцаў выклікала практыкаванне “Дзіцячая словатворчасць”, накіраванае на фарміраванне ўмення падбіраць рыфмаваныя словы да складоў са стварэннем рытмічнага малюнка”, — дзялілася назапашаным вопытам педагог.

І, канечне, усё падмацоўвала практыкай, прапанаваўшы ўдзельнікам прапляскаць, адстукаць рытм у хуткім і павольным тэмпе, а да прапанаваных складоў падаб­раць рыфмаваныя словы са стварэннем рытмічнага малюнка. Сказаць, што ўдзельнікі майстар-класа пайшлі з яго задаволеныя, будзе мала. Усе яны павезлі дадому поўныя партфелі з гульнямі і практыкаваннямі.

Супрацоўніцтва

Таццяна Кананчук прадстаўляла “Ты­дзень актыўнага ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў “Супрацоўніцтва”. Трэба адзначыць, што Таццяна Ігараўна не проста педагог-псіхолаг, яна яшчэ магістр псіхалагічных навук. І яе майстар-клас быў прысвечаны абмену эфектыўным педагагічным вопытам па ўзаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Безумоўна, уся яе дзейнасць была падмацавана практыкай. 

“У нашай дашкольнай установе на працягу доўгага часу праводзіцца работа па стварэнні інклюзіўнай адукацыйнай прасторы. Паспяховасць гэтай дзейнасці заключаецца ў пазітыўным супрацоўніцтве і парт­нёрскім узаемадзеянні паміж педагогамі і сем’ямі выхаванцаў, наяўнасці адзі­най пазіцыі “мы”. Найбольш выніковай у педагагічнай практыцы з’яўляецца інтэрактыўная методыка актыўнага ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў “Тыдзень супрацоўніцтва”. Распрацоўку зместу, рэалізацыю мерапрыемстваў ажыццяўляюць педагог-псіхолаг і ўдзельнікі творчай групы: педагог сацыяльны, кіраўнік фізічнага выхавання, музычныя кіраўнікі, ініцыятыўныя выхавальнікі”, — пачала Таццяна Ігараўна.

Выкарыстанне тэхналогіі Ability Park (парк роўных магчымасцей) дазваляе дарослым і дзецям на ўласным вопыце пераканацца ў тым, з якімі цяжкасцямі штодзень даводзіцца сутыкацца дзецям з АПФР, што спрыяе разуменню важнасці і неабходнасці аказання пасільнай дапамогі і падтрымкі дзецям такой катэгорыі.

Але каб такі тыдзень сапраўды атрымаўся, трэба правесці вялікую работу з усімі педагогамі. І тут на першае месца выходзіць дзейнасць, арыентаваная на пераадоленне прадузятасцей, стэрэатыпных поглядаў і ўстановак педагогаў. Працуюць самыя розныя формы ўзаемадзеяння: круглыя сталы, дыскусіі, трэнінгі, праблемныя семінары, педагагічныя майстэрні, дзелавыя гульні, выставы.

Больш глыбокаму разуменню індывідуальных патрэб і асаблівасцей дзяцей з АПФР, спецыфікі развіцця, прычын нетыповых паводзін і набыццю навыкаў пазітыўнага рэагавання садзейнічае выкарыстанне рэсурсаў сацыяльнага інтэрактыўнага тэатра “Ма­дэляванне інклюзіўнай адукацыйнай прасторы”. Ва ўмовах творчага пошуку педагогі прайграюць розныя сітуацыі, абмяркоўваюць магчымыя варыянты вырашэння прапанаваных задач, дзеляцца арыгінальнымі метадамі і прыёмамі работы з навучэнцамі з рознымі адукацыйнымі патрэбамі. 

Як адзначыла Таццяна Ігараўна, неабходна сфарміраваць адзіную талерантную педагагічную пазіцыю ў разуменні важнасці аб’яднання намаганняў бацькоў і педагогаў для дасягнення адукацыйных мэт, выбудоўвання роўных партнёрскіх адносін ва ўзаема­дзеянні з сем’ямі выхаванцаў, таму не менш значнай з’яўляецца работа з бацькамі: уключэнне ў адукацыйны працэс, фарміраванне інклюзіўнай культуры. Для бацькоў у да­школьнай установе право­дзяцца асветніцкія сустрэчы, канферэнцыі, выставы. На карысць агульнай справы працуе сямейны клуб.

“Цэнтральным звяном тыдня “Супрацоў­ніцтва” з’яўляецца арганізацыя і правя­дзенне сумесных гульнявых і творчых мерапрыемстваў, стварэнне ўмоў для змястоўных зносін і прадукцыйнага ўзаемадзеяння дзяцей і дарослых. Пры рэалізацыі педагагічных праектаў і гульнявых праграм максімальна выкарыстоўваюцца тэрытарыяльныя рэсурсы ўстановы адукацыі. Творчая, гульнявая, даследчая дзейнасць арганізоўваецца ў музычным і фізкультурным залах, холах, тэматычных кутках, а таксама на прылеглай тэрыторыі ўстановы адукацыі. Цікавыя формы работы, крэатыўны падыход, мастацкія арт-прыёмы і вясёлыя музычныя паўзы прыцягваюць да ўдзе­лу вялікую колькасць дзяцей і дарослых.

Выкарыстанне тэхналогіі Ability Park (парк роўных магчымасцей) дазваляе дарослым і дзецям на ўласным вопыце пераканацца ў тым, з якімі цяжкасцямі што­дзень даводзіцца сутыкацца дзецям з АПФР, што спрыяе разуменню важнасці і неабходнасці аказання пасільнай дапамогі і падтрымкі дзецям такой катэгорыі.

Пазітыўнае ўзаемадзеянне ў працэсе правядзення серыі гульнявых трэнінгаў “Я + ТЫ = МЫ!”, “Карагод дружбы” дазваляе пашырыць бяспечнае кола зносін дзіцяці з АПФР і садзейнічае пераходу ад узаемадзеяння “побач” да ўзаемадзеяння “разам”, фарміруе станоўчае ўспрыманне дзіцем з АПФР навакольных людзей. У гульнявой дзейнасці выхаванцы з норматыповым развіццём выступаюць узорамі, ролевымі мадэлямі для дзяцей з АПФР (падаюць прыклад). У сваю чаргу асаблівыя дзеці даюць аднагодкам магчымасць праявіць лепшыя пачуцці і якасці: дабрыню, спачуванне, шчодрасць, любоў, што садзейнічае фарміраванню ў іх шырокага спектра станоўчых якасцей, якія спрыяюць станаўленню талерантных узаемаадносін”, — па­дзялілася Таццяна Кананчук.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.