Міжнародны кніжны дом

- 11:08Культура

Да XХVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу засталося 4 тыдні, і ўжо поўным ходам ідзе як падрыхтоўка да самай галоўнай кніжнай падзеі сталіцы, так і анансаванне мерапрыемстваў, што адбудуцца з 18 па 21 лютага ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14.

Юбілеяў многа не бывае

“Сёлетняя выстава-кірмаш бу­дзе вельмі своеасаблівай па розных прычынах. Адна з іх — святкаванне многіх юбілеяў класікаў і выдавецтваў. А за кожнай датай, гісторыяй — вялізная коль­касць дасягненняў, што дазваляюць сёння Беларусі рэалізоўваць розныя праекты, якія мы лічым нашай гордасцю”, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.

Паводле яго слоў, ММКВК зноў уразіць сваіх наведвальнікаў новымі імёнамі, кнігамі, фарматамі, праек­тамі і мерапрыемствамі. “Эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы ў правядзенне нашай традыцыйнай выставы. Таму не бу­дзе такой вялікай колькасці прадстаўнікоў замежжа. Аднак гэта дазволіла нам задумацца над новымі формамі работы, — сказаў намеснік міністра. — Таксама варта адзначыць, што плануецца змяненне графіка работы выставы. Яна будзе доўжыцца на адзін дзень менш, чым звычайна, але працягласць працоўнага дня павялічыцца на адну гадзіну. Гэта зроблена для тых, хто хоча трапіць на выставу пасля работы. Мы ў сваю чаргу стараемся зрабіць так, каб усе мелі магчымасць сустрэцца з выдаўцамі і пісьменнікамі, пазнаёміцца з новымі праектамі і набыць кнігі”.

Адна з юбілейных дат 2021 года — 30-годдзе стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў, таму натуральна, што Цэнтральным экспанентам стане СНД, а дэвіз сёлетняй выставы гучыць так: “Кніга аб’ядноўвае людзей і краіны”. “Ім мы хацелі падкрэсліць, што Беларусь — краіна народнага адзінства, а літаратурная супольнасць — неад’емная частка тых працэсаў, што адбываюцца ў нашым грамадстве”, — дадаў І.Бузоўскі.

Што ў пакоях кніжнага дома?..

Як паведамілі арганізатары ММКВК, цэнтральная экспазіцыя будзе сімвалічна аформлена ў стылі адзінага агульнага дома, які складаецца з розных пакояў. Гасцёўня будзе аддадзена цэнтральнай пляцоўцы СНД, на якой наведвальнікі выставы пазнаёмяцца з экспазіцыяй кніг, уладальнікамі гран-пры міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” СНД за ўсе 17 гадоў правя­дзення. Будзе і такі пакой, як кабінет пісьменніка, дзе прадставяць лепшыя кнігі ўсіх 11 краін СНД па гісторыі, культуры, мастацтве, пройдуць сустрэчы пісьменнікаў з наведвальнікамі выставы. У дзіцячым пакоі адпаведна прадэманструюць кніжныя навінкі для дзяцей і раскажуць пра стварэнне кнігі.

Нацыянальны стэнд нашай краіны будзе прадстаўлены імправізаванай творчай кухняй, дзе выставяць максімальную колькасць кніг Бе­ларусі, выдадзеных за адзін 2020 год, а выпушчана было звыш 8 тысяч кніг. “На нашай творчай кухні мы прэзентуем кніжныя навінкі, якія літаральна толькі што выйшлі з друкарскага станка. Наведвальнікі выставы змогуць сустрэцца з аўтарамі і героямі іх кніг, пагрузіцца ў працэс стварэння твораў нацыянальных пісьменнікаў. Менавіта такім чынам мы плануем прадставіць наш творчы кніжны дом, у якім хацелі б прэзентаваць нашу вялікую літаратурную краіну”, — патлумачыў І.Бузоўскі. Таксама ён абвясціў пра старт першага рэспубліканскага літаратурнага конкурсу LitUP, вынікі якога падвядуць на выставе 20 лютага, а стартапы-пераможцы ўвойдуць у прыярытэтны выпуск дзяржаўных выдавецтваў. Акрамя таго, на цэнтральнай сцэне па традыцыі пройдуць прэзентацыі найбольш значных кніжных праектаў, узнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і Міжнароднага конкурсу маладых літаратараў “Першацвет”.

Кожны год беларускі кніжны форум збірае шматлікіх сяброў з розных краін свету, але сёлета іх будзе менш з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Таму пакуль вядома аб удзе­ле 20 краін, а таксама каля 50 удзельнікаў з Беларусі і такой жа колькасці з расійскага боку. Да таго ж арганізатары плануюць запрасіць да ўдзелу і правесці сёлетнюю выставу значна больш шырока з дапамогай анлайн-фармату. “Наш традыцыйны сімпозіум “Пісьменнік і час” — гэта праект, які заслужыў увагу як творчых людзей, так і тых, хто думае над больш глабальнымі пытаннямі ўплыву літаратуры на працэсы, што адбываюцца ў грамадстве. У гэтым годзе плануем правесці яго з анлайн-уключэннем”, — паведаміў І.Бузоўскі.

Айчынныя выдавецтвы наведвальнікам форуму

Апошнімі днямі айчынныя кнігавыдаўцы праводзяць шматлікія сустрэчы, каб анансаваць свае мерапрыемствы. Так, найстарэйшае выдавецтва краіны — “Беларусь”, якое 18 студзеня адзначыла сваё 100-годдзе, у час выставы правядзе некалькі мерапрыемстваў на розных пляцоўках — не толькі ў адміністрацыйным комплексе, але і ў магазіне “Светач” і ў кнігарнях “Белкніга”, дзе пройдуць творчыя сустрэчы з аўтарамі. “Усе падзеі, што адбываюцца ў краіне, знаходзяць адлюстраванне ў нашых кнігах. Так, серыі “Беларуская гісторыя” і “Славутыя мастакі з Беларусі” закліканы папулярызаваць айчынную гісторыю і культуру. Намі выпушчана звыш 20 выданняў у серыі “Падарожжа па родным краі”, прысвечаных Году малой ра­дзімы. У кожнай кнізе мы паказ­ваем пэўны раённы цэнтр, складаючы калейдаскоп нашай вялікай краіны. Усе свае апошнія выданні мы абавязкова прэзентуем на форуме”, — расказала вядучы спецыяліст выдавецтва Анжэла Садоўская.

Зразумела, што стэнд выдавецтва адлюструе і юбілейную дату. “Стагадовы юбілей — гэта вельмі значная дата, каб застацца звычайным карпаратыўным святам, — перакананы дырэктар прадпрыемства Сяргей Пешын. — Калі глядзець углыб гісторыі, то была праведзена каласальная работа, закладзена аснова нашага сучаснага культурнага жыцця і беларускай дзяржаўнасці. Усё добрае, што атрымалася зрабіць за стагоддзе, было заснавана на тым, што мы заўсёды рабілі стаўку на прафесіяналаў. Сёння мы па-ранейшаму імкнёмся адпавядаць тым задачам, для якіх выдавецтва было створана, — адлюстроўваць сярод разнастайнасці прадукцыі на кніжным рынку тыя тэмы, па якіх ідэнтыфікуецца наша краіна”.

Штогод ММКВК для ўсіх выдаўцоў становіцца своеасаблівым падвядзеннем вынікаў мінулага года, падкрэсліла дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Пет­руся Броўкі” Вольга Ваніна. Летась адной з галоўных падзей стала святкаванне 75-годдзя Вялікай Перамогі: “Мы выдалі твор гісторыка і прафесійнага экскурсавода Івана Сацукевіча “Мінск: з руін да росквіту”, у цэнтры якога — станаўленне Мінска пасля вайны. Таксама ў мінулым годзе выдавецтва прэзентавала альбом “I рай, i боль на Песеннай Зямлi… Беларусь вачыма мастакоў 1920—1930-х гадоў”, у якім прадстаўлены графічныя работы з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, аб’яднаныя тэмай этнаграфіі Беларусі. Чытачам бу­дзе цікавы і фотаальбом “Акварэлія. Беларускі акварэльны жывапіс” — гэта сучасна аформленае выданне, дзе сабрана больш за 200 твораў 65 вядучых беларускіх акварэлістаў. А ў серыі “Мастакі зямлі беларускай” з’явіўся ўнікальны фотаальбом “Зямля і неба Фердынанда Рушчыца” пра жыццё і творчасць выдатнага беларускага графіка, заснавальніка пейзажнага жывапісу Беларусі, тэатральнага дэкаратара і педагога”, — нагадала дырэк­тар выдавецтва.

Па яе словах, прадпрыемства шмат увагі ўдзяляе кнігам, якія паказваюць жыццё, творчасць і дасягненні выбітных беларусаў. “Калі гаворка ідзе пра гісторыю дзяржавы, яе культуру, так ці інакш мы абапіраемся на людзей, якія ўнеслі ўклад у развіццё краіны і яе нацыянальны набытак. Зараз ствараем дзве серыі для школьнікаў: “Асветнікі Беларусі” пра творчасць і дзейнасць духоўных лідараў нацыі і “Гісторыі для школьнікаў”, дзе сабрана лаканічная інфармацыя аб падзеях розных эпох. Гэтыя серыі ў мінулым годзе папоўніліся навінкамі пра М.Агінскага, род Паскевічаў, Усяслава Чарадзея, панфілаўцаў. Веданне сваёй гісторыі і яе людзей, таго, як яны паводзілі сябе ў розных сітуа­цыях, як ставіліся да сваёй работы, — вось тое, што дапаможа падрастаючаму пакаленню сфарміраваць свой светапогляд і вызначыцца, кім ста ць у будучыні. Але ўсе гэтыя выданні, безумоўна, будуць цікавыя і дарос­лым”, — адзначыла Вольга Ваніна.

Акрамя таго, увага выдавецтва скіравана на стварэнне персанальных энцыклапедый, прысвечаных гістарычным асобам. Так, свет пабачылі дзве кнігі “Кірыл Мазураў. Пра што маўчаў час” і “Надзея Грэкава. Міхаіл Малінін. Час памятаць” вядомай беларускай пісьменніцы, кандыдата гістарычных навук, лаўрэата нацыянальнай літаратурнай прэміі Наталлі Голубевай, а таксама была завершана работа над навукова-папулярнай энцыклапедыяй пра Ула­дзіміра Караткевіча. “На выставе-кірмашы мы плануем правесці яе прэзентацыю пад назвай “Больш, чым проста пісьменнік”, на якую будуць запрошаны аўтары артыкулаў выдання. А па кнізе “Сімвалы Беларусі” збіраемся арганізаваць прэзентацыю-віктарыну з элементамі квеста, — паведаміла В.Ваніна. — Увогуле Мінскі кніжны форум — штогадовая доўгачаканая падзея, калі ёсць магчымасць пабачыцца з калегамі і аўтарамі, атрымаць зваротную сувязь ад чытачоў”.

Выдавецкі дом “Звязда” ў час работы кніжнага форуму асаблівую ўвагу зверне на дзіцячую літаратуру, сярод якой пачэснае месца займаюць творы Алены Стэльмах і Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. “Саюз пісьменнікаў Беларусі з вялікім задавальненнем падтрымлівае сустрэчы з аўтарамі, якія ла­дзіць выдавецкі дом. Для пісьменніка немалаважна весці дыялог з юнымі чытачамі і бачыць, як яго словы адгукаюцца ў іх сэрцах, — падкрэсліла першы намеснік старшыні саю­за А.Стэльмах. — Буду вельмі рада, калі на выставе да нас далучацца прыхільнікі дзіцячага чытання. Мы чацвёрты раз правядзём пазакласны ўрок з удзелам школьнікаў і будучага настаўніка — студэнта педагагічнага ўніверсітэта”.

Апавяданні Кацярыны Хадасевіч-Лісавой выдатна адлюстроўваюць сучасныя рэаліі. Так, у яе ёсць кніга-тэлепорт “Палёт на Вухуцію”, кніга-квест “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці”, а ў кнізе “Знаёмцеся-#падабай.к@!” галоўны герой — віртуальны хлопчык. “У кнігах для дзяцей павінна быць шмат дабрыні. Дзяцей варта выхоўваць на вечных каштоўнасцях: міласэрнасці, сяброўстве, павазе. Бо дзеці, нібы чысты аркуш паперы: што ў іх будзе закладзена з маленства, тое і застанецца з імі назаўсёды і нават вызначыць іх далейшы лёс. Таму дзіцячая кніга павінна вучыць самаму добраму, а пісьменнікі ствараць казачны ўтульны добры свет для юнага чытача, — адзначыла пісьменніца і анансавала, што на ММКВК прэзентуе сваю новую кнігу з шахматнымі казкамі “Загадка прынцэсы Лахнэсы”.

У сваю чаргу намеснік дырэктара Выдавецкага дома “Звязда” Юлія Дашкевіч звярнула ўвагу на мерапрыемствы, кніжныя праекты, рэалізаваныя выдавецкім домам у 2020 годзе: “На працягу многіх гадоў выдавецтва цесна супрацоўнічае з кніжна-гандлёвымі аб’ектамі і бібліятэкамі. Сёння, у эпоху кліпавага мыслення і хуткага чытання ў сетцы, папяровая кніга не здае сваіх пазіцый на кніжных і бібліятэчных паліцах. З 1 кастрычніка 2020 года мы праводзім акцыю “Звязда” сустракаецца з сябрамі”, накіраваную на падтрымку беларускай мастацкай літаратуры, адраджэнне традыцый чытання, знаёмства з дзіцячай, класічнай і сучаснай літаратурай. У межах кніжнай выставы мы правя­дзём конкурс на лепшую бібліятэку раёна, падарункам для якой стане папаўненне бібліятэчнага фонду”.

А вось выдавецтва “Народная асвета” сёлета вырашыла ствараць уласныя відэарэпартажы, у якіх кожны наведвальнік выставы зможа выказаць сваё меркаванне і пра кнігі, і пра форум. 20 лютага выдавецтва прысвяціць шостаму школьнаму дню. “У суботу мы чакаем настаўнікаў з вучнямі на экскурсіі па выставе. Дзецям мы прадставім дзіцячыя выданні, а педагогам — вучэбна-метадычныя. Плануем правесці з юнымі чытачамі бліц-інтэрв’ю “Яблык Ньютана”, каб даведацца, якую кнігу нашага выдавецтва яны для сябе адкрылі на выставе, а таксама хацелі б крыху пагуляць у машыну часу і высветліць, якую кнігу яны хацелі б прачытаць, падарожнічаючы па будучыні. Сярод гэтых займальна-пазнавальных мерапрыемстваў, вядома, будуць і традыцыйныя прэзентацыі, і міні-справаздача аб выданнях 2020 года”, — праінфар­мавала дырэктар выдавецтва Вік­торыя Калістратава.


Наколькі ж утульным атрымаецца імправізаваны беларускі кніжны дом, даведаецеся, толькі прыйшоўшы на выставу-кірмаш. А каб прасцей было дабрацца да яго, па традыцыі будзе курсіраваць паэтычны аўтобус, прычым білет на яго, як і ўваходны на сам кніжны форум, абсалютна бясплатны.

Вольга АНТОНЕНКАВА.