Міжнародны турнір па біятлоне вярнуўся ў адноўленыя “Раўбічы”

- 10:40Спартыўныя падзеі

У “Раўбічах” пачаліся спаборніцтвы чэмпіянату свету-2015 па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў.

У катэгорыі “юнакі” спаборнічаюць спартсмены і спартсменкі да 19 гадоў, у катэгорыі “юніёры” — спартсмены і спартсменкі да 21 года. Усяго будуць разыграны 16 камплектаў медалёў: па 4 у індывідуальных гонках, спрынце, праследаванні і эстафетах.
Заяўкі на ўдзел у чэмпіянаце падалі прадстаўнікі 49 краін, а гэта значыць, што ў Беларусі пабываюць больш за 600 удзельнікаў турніру, прыкладна 450 з якіх — спартсмены.
Дарэчы, Беларусь як краіна-арганізатар атрымала максімальную квоту на заяўку спартсменаў. У спаборніцтвах прымуць удзел 20 беларускіх спартсменаў-біятланістаў.
У якасці галоўнага трэнера нашай юніёрскай каманды працуе ўсім вядомы Аляксандр Сыман, біятланіст, віцэ-чэмпіён свету 2001 года. З мужчынскім складам каманды таксама працуюць Сяргей Сакалоўскі і Васіль Бальшакоў, з жаночым — Уладзімір Махлаеў і Сяргей Някрасаў. Фізічнай падрыхтоўкай спартсменаў займаецца вядомая канькабежка Анжаліка Кацюга.
На чэмпіянаце занятыя 257 суддзяў і тэхнічных работнікаў. Прыемна даведацца, што 250 з іх — беларускія спецыялісты. У судзейскім спісе можна сустрэць нават вядомыя імёны. Бронзавы прызёр Алімпіяды-1998 і чэмпіён свету 1999 года Аляксей Айдараў — суддзя на трасе, на штрафным крузе судзіць не менш знакаміты Рустам Валіулін, які заваёўваў медалі для Беларусі на чэмпіянатах свету і Еўропы.
Міжнародны турнір па біятлоне зноў вярнуўся ў адноўленыя “Раўбічы”!

Наталля АЛЁХІНА.
Фота БелТА.