Міжпрадметныя і інтэграцыйныя сувязі на ўроку нямецкай мовы

- 11:45Адукацыйная прастора

Развіццё сучаснага грамадства пастаянна падштурхоўвае нас, педагогаў, да новых метадаў выкладання. Мы заўсёды павінны ісці ў нагу з часам і навучыць гэтаму сваіх вучняў. Інтэграцыйныя працэсы ў навуцы і жыцці грамадства, канечне, закранулі і сферу адукацыі. Таму сёння актуальна ўмець выкарыстоўваць міжпрадметныя і інтэграцыйныя сувязі на сваіх уроках. А замежная мова — выдатная платформа для рэалізацыі творчых ідэй. Менавіта з дапамогай міжпрадметных ведаў, якія збіраюцца ў адзін гарманічны пазл пазнання ўсяго свету ў цэлым, можна вырашыць усе задачы навучання, развіцця і выхавання на якасна новым узроўні.

Але трэба разумець, што інтэграцыйныя сувязі па сваім складзе шырэйшыя, чым міжпрадметныя. Яны нацэлены не толькі на развіццё эрудыцыі навучэнцаў, а перш за ўсё на іх арыентацыю ў складаных умовах сучаснага полікультурнага грамадства, на фарміраванне цэласнага светапогляду. У выніку ажыццяўлення інтэграцыйных сувязей адбываецца гарманічнае злучэнне ў цэлае раней самастойных частак.

Напрыклад, пры вывучэнні замежнай мовы непазбежны зварот да гісторыі, паколькі нельга вывучаць мову ў адрыве ад таго рэальнага становішча, у якім жыў народ, які гаварыў на гэтай мове. Вучэбныя матэрыялы па гісторыі на замежнай мове могуць стаць для старшакласнікаў крыніцай новай каштоўнай інфармацыі. Вельмі важна арганізаваць працэс навучання такім чынам, каб гістарычныя звесткі былі звязаны з вучэбнай дзейнасцю па гісторыі і замежнай мове. Неабходна “перакінуць мост” паміж дысцыплінамі.

Асабліва важна адзначыць гістарычныя матэрыялы для забеспячэння скаардынаванага выбару лексікі на занятках па замежнай мове. Першапачаткова неабходна вызначыць кола пытанняў гістарычнага характару, якія могуць мець месца на ўроку замежнай мовы. Для гэтага звяртаемся да школьнай праграмы па гісторыі. Так, Сусветная гісторыя навейшага часу ахоплівае наступнае кола тэм:

  1. Краіны свету ў 1918—1939 гг. Другая сусветная вайна.
  2. Вялікая Айчынная вайна.
  3. Краіны свету пасля Другой сусветнай вайны.

У рамках гэтых раздзелаў можна выдзеліць пэўную сукупнасць тэм для абмеркавання на ўроку замежнай мовы. Да іх можна аднесці:

  1. Свет пасля Першай сусветнай вайны, шляхі выхаду з пасляваеннага крызісу, Кастрычніцкая буржуазная рэвалюцыя ў Германіі, Веймарская рэспубліка.
  2. Нападзенне Германіі на СССР, яе разгром і капітуляцыя.
  3. Асноўныя тэндэнцыі эканамічнага і палітычнага развіцця пасля Другой сусветнай вайны, навукова-тэхнічная рэвалюцыя, глабальныя праблемы і еўрапейская інтэграцыя.

Вельмі важна ўлічваць патрабаванні праграмы па замежнай мове. Так, вывучаючы тэму “Мая роля ў сям’і”, мы наўрад ці зможам выкарыстаць матэрыял гістарычнага характару. Але тэма “Мастацтва” ўпішацца арганічна. Тут можна расказаць пра гісторыю кіно, тэатра, тэлебачання.

Аднак не трэба забываць і пра родную гісторыю, уключаючы яе элементы для параўнання, паколькі ў гэтым выпадку навучэнец усвядоміць асаблівасці ўспрымання свету прадстаўнікамі іншай культуры. Трэба адзначыць, што існуюць розныя віды інтэграцыйных заданняў. Напрыклад, заданні на тлумачэнне этымалогіі слоў з’яўляюцца вельмі эфектыўным сродкам павышэння матывацыі да мовы, якая вывучаецца. Многія гістарычныя факты і падзеі абумовілі з’яўленне ўстойлівых фраз і выразаў, якія ўжываюцца ў сучаснай нямецкай мове. Так, традыцыйны станоўчы адказ на пытанне “Як справы?” можа быць дапоўнены носьбітамі мовы жартаўліва-іранічнай фразай Wie der Herrgot in Frankreich (“Як Гасподзь Бог у Францыі”). Выраз увайшоў ва ўжытак пасля Французскай рэвалюцыі ў 1793 годзе і азначае высокую ступень адчування паўнаты жыцця. Перададзеныя ў тэксце фразеалагізмы часта маюць шматвяковую гісторыю існавання ў мове. Без звароту да крыніц іх узнікнення па-за ўвагай праходзіць значны культурны пласт, страчваюцца сэнсы, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць.

Большасць інтэграцыйных заданняў грунтуюцца на пэўным тэксце. Тэкст сам па сабе з’яўляецца фактарам, які інтэгруе, асабліва, калі падае краіназнаўчую і гістарычную інфармацыю. Аналіз такіх тэкстаў, стылю выкладання, лексічных пераваг аўтара спрыяе фарміраванню ў навучэнцаў інтэграцыйных уменняў. Сінтэз гэтых ведаў і ўменняў, іх інтэрферэнцыя фарміруюць новы інтэграцыйны тып мыслення. У якасці прыкладаў заданняў, якія спалучаюць гістарычныя і моўныя веды, могуць выступаць наступныя факты: Германія заўсёды складалася з нейкай колькасці больш-менш самастойных тэрыторый. Федэратыўная структура была асноўным фактарам нямецкай гісторыі. Дзякуючы поліцэнтрызму ў Германіі не існуе штосьці накшталт аддаленай глухой правінцыі.

Заданні. Падумайце, якія яшчэ станоўчыя моманты нясе ў сабе культурны поліцэнтрызм; у якіх іншых сферах грамадскага жыцця прасочваецца федэратыўная структура; “расшыфруйце” паняцці Bundesrepublik, Bundestag, Bundesland, Bundeskanzler і іншых паняццяў з коранем Bund (“саюз”, “федэрацыя”).

Значную цікавасць уяўляе і работа па супастаўленні і пошуку ў розных культурах эквівалентаў “гаворачых імёнаў”, прынятых для абазначэння пэўных сімвалаў, феноменаў і з’яў з ярка выяўленым нацыянальным каларытам. Так, калі для рускай культуры ў якасці агульнага выступае распаўсюджанае імя Іван, то ў нямецкай мове — гэта Ганс і Генрых, якія набываюць значэнне “ўсякі”, “кожны”. Памяншальныя формы ад імёнаў Генрых і Конрад — Hinz і Kunz — ужо з XV стагоддзя ўваходзяць у літаратурную мову са зняважлівым значэннем “усякі зброд”.

На ўроку нямецкай мовы інтэграцыйныя сувязі могуць быць раскрыты праз падбор адпаведнай тэматыкі; работы над этымалогіяй фразеалагізмаў, устойлівых выразаў; аналіз афарызмаў і крылатых выразаў; выкананне інтэграцыйных заданняў на аснове тэксту, ведаў і ўменняў з курсаў гісторыі і замежнай мовы.

Вельмі цесна замежная мова ўзаемадзейнічае і з геаграфіяй. Геаграфічная карта служыць эфектыўным вучэбным сродкам, які дапамагае настаўніку ў рэалізацыі практычных задач навучання. Прымяненне на ўроках карты краіны мовы, якая вывучаецца, спрыяе пашырэнню краіназнаўчых ведаў; стварэнню канкрэтных сітуацый з апорай на нагляднасць; павышэнню камунікатыўнай і пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў; ажыццяўленню міжпрадметных сувязей.

Навучэнцам можна прапанаваць наступныя заданні, якія прадугледжваюць выкарыстанне ведаў і ўменняў з прадметных галін “Нямецкая мова”, “Геаграфія”, “Гісторыя”.

  1. Seht die Landkarte Deutschlands an und berichtet, an welche Länder die Bundesrepublik grenzt.
  2. Beantwortet folgende Fragen:

— Welches Bundesland ist am größten?

— Welches Bundesland ist am kleinsten?

  1. Sucht und zeigt auf der Karte deutsche Kurorte und Heilbäder!
  2. Informiert eure Freunde über die größten Städte Deutschlands!
  3. Zeigt Sie die längsten Flüsse und Kanäle Deutschlands!
  4. Bestimmt mit Hilfe der Karte, von welchen deutschen Städten in den folgenden Texten berichtet wird:
  5. a) Eine alte Universitätsstadt

Kaum eine andere deutsche Stadt ist so oft von Dichtern besungen worden wie …. Die Stadt … liegt am Neckar. Im Norden von Baden-Württemberg. … besitzt eine Altstadt, ein Schloss, viele Kliniken. Das ist die Stadt der Romantik. Von welcher Stadt ist hier die Rede?

  1. b) Eine Dichterstadt

… liegt in Thüringen. Die Stadt ist bekannt als Goethes und Schillers Stadt. Wie heißt diese Stadt?

Гэтыя заданні дазволяць не толькі вырашыць пастаўленыя камунікатыўныя задачы, але і сістэматызаваць веды з розных прадметных галін.

Пры навучанні замежным мовам вялікая ўвага павінна ўдзяляцца міжкультурнай камунікацыі ў кантэксце дыялогу культур. У літаратуры можна вылучыць наступныя тэмы для аналізу: народны эпас; прыказкі як адлюстраванне маральных каштоўнасцей народа; народныя святы; выдатныя люд­з­і краіны.

Можна выкарыстоўваць таксама наступныя інтэграцыйныя заданні па рускай і нямецкай літаратуры:

Lehrer: Im Laufe des ganzen Lebens war Heinrich Heine auf der Suche nach einem Ideal, so sagt man über größten Dichter Deutschlands Heinrich Heine. Und natürlich, war und ist der Name von H. Heine in Russland allgemеin bekannt. Da braucht man sich nicht zu wundern: ausschließlich dank der vortrefflichen Nachdichtungen konnten russische Leser viele seine Gedichte kennenlernen und sie für immer liebgewinnen. Heinrich Heines Gedichte wurden von vielen großen russischen Poeten ins Russisch nachgedichtet- von seinen Zeitgenossen M. Lermontow, F. Tjutschew, A. K.Tolstoi, Appolon Grigorjew, K. Mey. Wir kennen alle das Gedicht von M. Lermontow “Sosna”.

Aber nicht alle kennen, dass dieses schöne Gedicht nach den Motiven des Gedichts von H. Heine geschrieben ist.

Мэтазгодна спыніцца на сімвалах і іх ролі ў нашым жыцці. Рэальныя гістарычныя падзеі (набегі качэўнікаў, міжусобіцы) трансфармаваліся ў вуснай народнай творчасці ў ізаморфных пачвар. Параўноўваючы эпас двух народаў, можна знайсці многа агульнага і самабытнага для кожнага народа.

Наталля ПРАТАСЕВІЧ,
настаўніца нямецкай мовы гімназіі Мсціслава.