Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва — адзін з асноўных напрамкаў сумеснай работы

- 11:22Інфармацыйная гадзіна

Беларусь нацэлена на больш актыўнае ўключэнне рэгіёнаў Расіі ва ўзаемадзеянне дзвюх краін. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у Санкт-Пецярбургу на 10-м пасяджэнні беларуска-пецярбургскага Савета дзелавога супрацоўніцтва.

“Беларусь нацэлена на больш актыўнае ўключэнне расійскіх рэгіёнаў ва ўзаемадзеянне дзвюх краін, і Санкт-Пецярбург — наш стратэгічны гандлёвы партнёр”, — сказаў Андрэй Кабякоў. У 2017 годзе аб’ём тавараабароту паміж Беларуссю і Санкт-Пецярбургам склаў $1,67 млрд, павялічыўшыся ў параўнанні з папярэднім годам на 19,7%.

“У нас прыкметны добры рост тавараабароту, прычым гэта дыверсіфікаваны рост, шырокая гама ўзаемных паставак прадукцыі, — канстатаваў прэм’ер-міністр. — У нашай гісторыі былі больш высокія лічбы тавараабароту, і мы разлічваем, што ў самы бліжэйшы час, можа нават у гэтым годзе, пераўзыдзем максімум, які быў яшчэ чатыры гады назад”.

На думку Андрэя Кабякова, развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў сумеснай работы. “Адміністрацыям раёнаў Беларусі і Санкт-Пецярбурга неабходна з максімальнай эфектыўнасцю для бакоў рэалізаваць запланаваныя сумесныя мерапрыемствы і праекты”, — адзначыў ён.

Прэм’ер-міністр выказаў упэўненасць, што Дні Мінска ў Санкт-Пецярбургу ў 2018 годзе пройдуць на высокім арганізацыйным узроўні і стануць важнай падзеяй у дзелавым і культурным жыцці паўночнай расійскай сталіцы.

“Мы гатовы абмяркоўваць любыя ўзаемавыгадныя прапановы і ініцыятывы, — заявіў Андрэй Кабякоў. — Запэўніваю, што беларускі бок забяспечыць максімальную падтрымку ўсіх прапаноў і ідэй, накіраваных на развіццё нашага супрацоўніцтва”.