Міжурадавы дыялог для нарошчвання гандлю і інвестыцый

Беларусь і Вялікабрытанія па выніках афіцыйнага візіту 27—28 сакавіка міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі дасягнулі дамоўленасці развіваць міжурадавы дыялог для садзейнічання нарошчванню ўзаемнага гандлю і інвестыцый, паведамілі ў прэс-службе МЗС.

Гэта першы візіт кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі ў Вялікабрытанію з 1993 года. У час візіту прайшла сустрэча Уладзіміра Макея з міністрам замежных спраў і па справах Садружнасці Борысам Джонсанам, на якой абмеркаваны перспектывы развіцця двухбаковых адносін у кантэксце актуальнай сітуацыі ў еўрапейскім рэгіёне, у тым ліку выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза. Адзначана зацікаўленасць бакоў у далейшым развіцці двухбаковых адносін ва ўсіх галінах, а таксама ў пашырэнні ініцыятыў, якія былі б накіраваны на аслабленне напружанасці міжнароднага становішча ў рэгіёне.

Праведзены таксама перагаворы па шырокім спектры палітычных і эканамічных пытанняў з дзяржаўным міністрам па справах Еўропы і Амерыкі Міністэрства замежных спраў Аланам Дунканам і дзяржаўным міністрам па гандлёвай палітыцы Міністэрства знешняга гандлю Вялікабрытаніі Грэгам Хэндсам.

Па выніках афіцыйных сустрэч падпісаны дакументы аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве (прадугледжвае стварэнне міжурадавага гандлёвага дыялогу для садзейнічання далейшаму развіццю ўзаемнага гандлю і інвестыцый паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй), а таксама аб узаемадзеянні паміж мытнымі органамі дзвюх краін.

У Вестмінстэрскім палацы прайшла сустрэча Уладзіміра Макея з вядомымі брытанскімі парламентарыямі, якія ўваходзяць у міжпартыйную групу па Беларусі. Адзначана важнасць замацавання дадатнай дынамікі ў дыялогу паміж народнымі прадстаўнікамі абедзвюх краін. У Кенсінгтанскім палацы міністр сустрэўся з членам каралеўскай сям’і прынцам Майклам Кенцкім, які раней наведваў Беларусь. Адбыўся зацікаўлены абмен меркаваннямі па пытаннях двухбаковага ўзаемадзеяння ў эканамічнай і гуманітарнай галінах.

Міністр замежных спраў Беларусі правёў перагаворы ў лонданскім Сіці з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця П’ерам Хейлбранам. Абмеркаваны ўвесь комплекс пытанняў, звязаных з работай гэтай міжнароднай фінансавай арганізацыі ў Беларусі. Разгледжаны ход рэалізацыі бягучых праектаў у рамках Стратэгіі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця для Беларусі на 2016—2019 гады. На сустрэчы з прэзідэнтам банка Сумой Чакрабарці адзначаны пазітыўная дынаміка ў аб’ёмах аперацый у Беларусі і пашырэнне сфер узаемадзеяння, у тым ліку за кошт падрыхтоўкі да рэалізацыі новых праектаў у транспартным, энергетычным, банкаўска-фінансавым і іншых сектарах.

У штаб-кватэры ЕБРР падпісана крэдытнае пагадненне па праекце рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі Р80 (участак другой кальцавой дарогі вакол Мінска). Рэалізацыя праекта дасць магчымасць завяршыць будаўніцтва другой кальцавой дарогі вакол Мінска да адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. З улікам сродкаў, выдзеленых банкам для праекта (42,45 млн еўра), агульны аб’ём фінансавых рэсурсаў, прадастаўленых ЕБРР Беларусі за перыяд з 1992 года, перавысіў 2 млрд еўра.

У Цэнтры еўрапейскіх рэформ міністр прыняў удзел у круглым стале па тэме “Сучасная Беларусь і яе месца ў Еўропе” з удзелам вядучых брытанскіх аналітычных цэнтраў (Каралеўскага інстытута міжнародных адносін, Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў, Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах). Выкладзена пазіцыя Рэспублікі Беларусь па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.

Праведзены візіт кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі ў Вялікабрытанію будзе садзейнічаць нарошчванню двухбаковага супрацоўніцтва і ўнясе пазітыўны ўклад ва ўмацаванне агульнарэгіянальнай стабільнасці. Злучанае Каралеўства з’яўляецца адным з асноўных гандлёвых партнёраў Рэспублікі Беларусь. Апошнія некалькі гадоў Вялікабрытанія ўстойліва займае трэцяе месца па экспарце беларускіх тавараў.