“Млын моды” — гэта…

Ужо не першы год пішу пра Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды”, заснаваны Міністэрствам адукацыі нашай краіны, які штогод праводзіцца намаганнямі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Кожны раз захапляюся, уражваюся, выказваю свае эмоцыі ў рэпартажах… А цяпер канкрэтна пра сёлетні XXVII Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды”.

…гісторыя

Пра гэта надоечы на прэс-канферэнцыі нагадала кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларыса Емяльянчык: “Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды” праводзіцца сёлета ўжо 27-ы раз, і, пагадзіцеся, гэта ўжо гісторыя. Праект стаў, несумненна, агульнанацыянальным, выклікае вялікую цікавасць у навучэнскай моладзі, педагогаў, спецыялістаў у галіне моды, дызайну, фатаграфіі, цырульніцкага мастацтва. Гэта, мабыць, адна з самых яркіх культурных падзей у нашай краіне. Толькі ў намінацыях “Школа моды” і “Майстар моды” былі прадстаўлены эскізы больш як 450 калекцый, распрацаваныя 515 дызайнерамі. У фінал прайшло 87 калекцый каля 100 аўтараў. У намінацыі “Фота” ў фінал выйшлі 10 фатографаў і 19 мадэлей. Ёсць што паглядзець!”

…індустрыя прыгажосці

Па словах Ларысы Емяльянчык, апошнія гады “Млын моды”, сапраўды, паспяхова развіваецца. Штогод на працягу цэлага сезона праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы ў рэгіёнах: семінары, трэнінгі, майстар-класы. І ўсё гэта, безумоўна, дазваляе ўдзельнікам фестывалю павысіць сваё прафесійнае майстэрства, у чым мы і пераконваемся ў яго фінальныя дні. Удзельнікі штогод — на “Рускім сілуэце”, ездзяць на міжнародныя творчыя майстэрні, дзе знаёмяцца з работамі сваіх калег з еўрапейскіх краін.

…імідж краіны

Са слоў дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзеі Васільчанка: “Фінал “Млына моды” — гэта вынік вялікай работы, якая праводзіцца на працягу ўсяго года. Сёлета асноўны лейтматыў фестывалю — “Сардэчна запрашаем у Беларусь — краіну спорту і крэатыву!”. Гэтая тэма з’явілася падчас навучальнага семінара ў кастрычніку мінулага года, калі мы пачыналі новы сезон. Тады прысутнічала больш за 200 чалавек — дызайнераў, фатографаў, візажыстаў… І мы задаваліся пытаннямі: “Якімі нас бачаць замежныя госці?”, “Якімі мы бачым самі сябе?”, “Як мы будзем выглядаць падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў?”. І вось так нарадзіўся гэты лейтматыў. Мы сапраўды клапоцімся пра імідж нашай краіны”.

…рэальны выхад на айчынны рынак моднага адзення

Як паведаміла Надзея Васільчанка, характэрнай асаблівасцю сёлетняга “Млына моды” можна назваць больш цеснае, у параўнанні з мінулымі гадамі, супрацоўніцтва ўдзельнікаў фестывалю з айчыннымі прадпрыемствамі. Так, у мінулым годзе Аляксандра Лагвіна з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў атрымала стажыроўку на “Світанку”, у выніку ёй была распрацавана вельмі арыгінальная калекцыя для падлеткаў, якая хутка з’явіцца ў продажы.

…дэманстрацыя трэндаў

Па словах загадчыка аддзела моды і дызайну Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі члена Саюза дызайнераў Беларусі Святланы Гнядзёнак, тэма спорту і крэатыву прысутнічае ў большасці паказаных на сёлетнім “Млыне моды” калекцый. Прычым падаюць яе ўдзельнікі фестывалю вельмі арыгінальна: з аднаго боку, надаюць сваім распрацоўкам відавочны нацыянальны каларыт, а з другога — ствараюць сучасныя канструкцыі. Вельмі яркія і каларытныя атрымаліся дзіцячыя калекцыі. Менавіта гэтая яркасць — самая галоўная адметнасць фэшн-почырку маладых айчынных дызайнераў.

…суквецце крэатыўных фота і цудоўных мадэлей

“Тэма спорту і крэатыву выразна выявілася не толькі ў конкурсных калекцыях, але і фотаздымках маладых фатографаў, — гаворыць кіраўнік подыум-школы Fashion Style Ігар Іваноў. — Таксама прыемна ўразіла тое, што многія фатографы стварылі здымкі, па якіх мы можам пазнаць нашу Беларусь, як, скажам, на фота з завода “БелАЗ”, зробленых Аляксандрай Кайгародцавай з Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 прыборабудавання”.

…шматлікія шаноўныя замежныя госці

А канкрэтна, гэта Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, сузаснавальнік Вышэйшай школы моды Mod’Spe Paris Central Europe (Браціслава, Славакія), сябра савета па развіцці Школы моды Mod’Spe Paris (Парыж, Францыя), выканаўчы прэзідэнт Прафесійнага саюза моды і адзення рэгіёна Праванс—Блакітны Бераг (Францыя) Рауль Фабрыс, прадстаўнік дабрачыннага фонду “Рускі сілуэт” дызайнер Джэмал Махмудаў (Масква, Расія), дызайнер з Латвійскай акадэміі мастацтваў Сімона Вейландэ (Рыга), дызайнер з Тбілісі Ірма Шарыкадзэ, дызайнер з Дзяржаўнага мастацкага ліцэя імя Нікола да Гуардыягрэле Анна Корэ (К’еці, Італія) і інш. Усе яны цёпла дзякавалі за магчымасць апынуцца ў Беларусі і быць сябрамі журы XXVII Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”.

Запомніліся некаторыя асобныя іх словы. Напрыклад, адна кароткая, але такая мілая фраза, вымаўленая на рускай мове з моцным латышскім акцэнтам Сімонай Вейландэ: “Здесь очень интересно. Спаcибо”. Ці вось гэтыя словы Ірмы Шарыкадзэ (дарэчы, Грузія на фестывалі сёлета была ўпершыню): “У першую чаргу я хачу сказаць, што мне вельмі прыемна быць у Беларусі. Я ў вас ніколі дагэтуль не была. А ў вас такое чыстае паветра… Я прадстаўляю тут праект, які нарадзіўся недзе гады 2 назад. Гэта не проста паказ калекцый. Гэта, хутчэй, перформанс. Я запрашаю прафесійных акцёраў і танцораў, і, як правіла, мае шоу праходзяць вельмі прыгожа і захапляльна. Але пры ўсёй гэтай маляўнічасці ў маіх перформансах заўсёды прысутнічае нейкая канкрэтная гісторыя, якая апелюе да сваіх каранёў, нацыянальнай ідэнтычнасці. Для мяне гэта вельмі важна. І мне прыемна, што такі ж нацыянальны каларыт я назіраю і тут у вас на “Млыне моды”.

…імёны маладых беларускіх дызайнераў

Усіх на газетнай паласе, вядома, не пералічыш, але хоць некаторыя, ужо знаёмыя па ранейшых “Млынах” і абсалютна новыя: Марына Баранава (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы) з калекцыяй “У гармоніі з прыродай”, Настасся Батрачанка з Брэста з калекцыяй Supremus, Ксенія Быліна (філіял Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта “Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж”) з калекцыяй “Кветка”, Аляксандра Жук з Мінска з калекцыяй J.Miro, Ганна Краснер з Віцебска з калекцыяй “Арыгамі”, Ксенія Міхневіч (Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання) з калекцыяй Lunar Talе, Таццяна Рудак (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска) з калекцыяй “Сакавіцкія каты”, Дар’я Хілько (Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж швейнай вытворчасці) з калекцыяй “Мяжа”… (Поўны спіс пераможцаў і прызёраў ХХVII Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды—2018” вы можаце паглядзець на сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.)

…незабыўнае феерычнае шоу

І яно адбылося ў аўторак, 15 мая, у канцэртнай зале Prime Hall. З паказамі калекцый айчынных маладых дызайнераў і фэшн-майстроў з Італіі, Латвіі, Грузіі, Расіі, Францыі. З прыгожымі і забаўнымі вядучымі Тэа і Вольгай Рыжыкавай. З выступленнем гурта Shuma і калектыву ZALESKI DANCE DESIGN SHOW. З фішкай, без якой “Млына моды” ўжо і не ўяўляеш, — дабрачынным праектам “Стыльны пачатак” (калекцыя адзення, створаная Вольгай Максімовіч, падорана дзецям-мадэлям — навучэнцам Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху).

Магчыма, у гэтых нататках я нешта і не дагаварыў, але няхай дагавораць змешчаныя тут фотаздымкі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фотаздымкі прадастаўлены
Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *