Мнагадзетнае шчасце

Здавалася б, ну чым, акрамя колькасці, мнагадзетныя сем’і адрозніваюцца ад усіх астатніх? Напэўна, тым, што ў нашым грамадстве пра іх дагэтуль складаюць міфы.

Адзін з такіх міфаў — шмат дзяцей заводзяць у асноўным нядобранадзейныя сем’і. Вось гэты міф хочацца аспрэчыць на прыкладзе адной сям’і.

Дзеці — гэта шчасце. У хаце Рынкевічаў з аграгарадка Тракелі шчасця ў некалькі разоў больш, чым у шматлікіх іншых сем’ях. Ганна здзейсніла ў трохразовы подзвіг мацярынства.

Мнагадзетная сям’я — гэта ідэальныя ўмовы выхавання асобы. Дзеці ў гэтай сям’і шчаслівыя ад таго, што яны проста ёсць адно ў аднаго. Заўсёды ёсць. Ад таго, што бацькі ўжо навучыліся выхоўваць і любіць сваіх дзяцей, навучыліся гаварыць з імі на мове любові. З першым яны яшчэ шмат чаго не разумелі. Недахопы выхавання ўбачылі, калі нарадзілася трэцяе дзіця, хаця недахопамі гэта не назавеш.

Знаёмімся з Рынкевічамі-малодшымі. Уладзіславу дзевяць гадоў, ён вучыцца ў чацвёртым класе. У школе ён выдатнік, захапляецца спортам. Сярэдняя — Вераніка, ёй 17. Пасля 9 класа паступіла ў Лідскі каледж на настаўніка пачатковых класаў. Яна маміна памочніца ў дамашніх справах. Старэйшы сын — Іван: скончыў школу і паступіў у каледж, пасля заканчэння працаваў у ААТ “Кандытарская фабрыка “Слодыч”. Сёлета паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Увогуле, дзеці як дзеці, у кожнага свой характар. Яны розныя, і кожнаму хочацца бацькоўскага цяпла і ласкі.

Мнагдзетная сям’я стварае спрыяльныя ўмовы для раскрыцця дзіцячых талентаў. Нямала геніяў нарадзілася менавіта ў такіх сем’ях. Д.І.Мендзялееў, напрыклад, быў сямнаццатым дзіцем. У мнагадзетных сем’ях, як у дзяцей, так і ў дарослых, адкрываецца шмат добрых якасцей. Я б сказала, што гэта школа фарміравання здаровай асобы. Сэрца дзіцяці напаўняецца любоўю толькі тады, калі ў сям’і з’яўляюцца малыя, і гэтая любоў гарыць усё жыццё. Паміж першымі двума дзецьмі — канкурэнцыя, спрэчка за лідарства. Трэці і наступныя нараджаюць ва ўсёй сям’і любоў і гармонію.

Самы вялікі клопат мнагадзетных бацькоў — чым больш дзяцей, тым больш перажыванняў. І ад гэтых перажыванняў нікуды не падзецца, бо нельга ж нейкі час бацькамі не быць. Сумаваць Ганне і Мікалаю няма калі. Штодня трэба перарабіць шмат спраў. Клопатаў у іх безліч: прыбрацца, памыць, спячы што-небудзь смачненькае. Але для іх гэта шчасце — клапаціцца пра іншых. У той жа час Ганна і Мікалай працуюць. Ганна — эканаміст у э/б “Кастрычнік”, а Мікалай — начальнік Воранаўскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.

Сям’я куе шчасце сваімі рукамі. У штодзённым жыцці Ганна і Мікалай прывыклі разлічваць на ўласныя сілы: ёсць у іх дапаможная гаспадарка — трусы, парасяты і куры. Устаюць у 6 гадзін (калі ідзе снег, то крыху раней, каб паспець расчысціць двор). Яны не чакаюць дапамогі ад дзяржавы ці ад каго-небудзь іншага. Прывыклі зарабляць самі, каб дзеці ні ў чым не мелі патрэбы. Побач з домам — вялікі агарод: свой ураджай — добрая дапамога. Але самае галоўнае — гэта сям’я, здароўе і блізкія.

Мнагадзетныя сем’і — гэта будучыня дзяржавы.

Ганна ВАЛЧЭЦКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры.