Мнагадзетная сям’я атрымала падарунак ад прэзідэнта

- 10:22Інфармацыйная гадзіна

Мнагадзетная сям’я Снігір з вёскі Ясень Асіповіцкага раёна атрымала ў падарунак ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі карову Белку. Урачыстае ўручэнне адпаведнага сертыфіката і самой карміцелькі па даручэнні кіраўніка дзяржавы прайшло з удзелам першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алега Чыкіды.

З незвычайнай просьбай падарыць сям’і карову звярнулася на афіцыйны сайт кіраўніка дзяржавы гаспадыня сям’і Вольга Снігір, матывуючы гэта неабходнасцю і патрэбнасцю забеспячэння дзяцей свежым малаком. Доўга чакаць не давялося. Пра тое, што пісьмо дайшло да адрасата, паведамілі работнікі сацыяльнай службы, якія прыехалі літаральна праз тыдзень абследаваць умовы пражывання сям’і і магчымасць утрымання каровы.

“Гэта правільная і своечасовая просьба, — адзначыў, уручаючы сертыфікат на Белку, Алег Чыкіда. — Дзецям патрэбна здаровае і правільнае харчаванне. Даведаўшыся пра жаданне сям’і, кіраўнік дзяржавы даручыў аказаць падтрымку. З гэтай мэтай і была набыта мясцовай гаспадаркай “Ясень-АГРА” карова, якая дае ў суткі 25 кг малака. Гэтага хопіць, каб забяспечыць мнагадзетную сям’ю свежым малаком і гатаваць з яго розныя дамашнія прадукты: тварог, смятану, вяршкі і інш.”.

Паводле слоў Алега Чыкіды, карова прайшла пэўны кастынг: выбіралі, каб яна была прадукцыйная, здаровая, спакойная. Да таго ж карова цельная, таму ў лютым — сакавіку будзе папаўненне. Акрамя таго, каб аблегчыць працу мнагадзетнай маці, першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама ўручыў ёй даільны апарат, а таксама перадаў у падарунак двух’ярусны дзіцячы ложак, ноўтбук і прысмакі.

У адказ Вольга Снігір падзякавала ад імя ўсёй сям’і за такі каштоўны і важны падарунак прэзідэнта і перадала таксама ў дар сямейнае фота і дзіцячыя вырабы. Доўгачаканую Белку яна паабяцала даглядаць і берагчы, а ў самы бліжэйшы час навучыцца рабіць з малака ўсялякія прысмакі.