Мнагамерная дыдактычная тэхналогія ў дапамогу настаўніку-дэфектолагу

Як матываваць навучэнца на пазнавальную дзейнасць, як гэтую дзейнасць актывізаваць, які яе алгарытм прапанаваць, як дабіцца трываласці засваення ведаў? Такія пытанні я часта задавала сабе ў працэсе падрыхтоўкі да заняткаў. Адказы на іх дае мнагамерная дыдактычная тэхналогія (МДТ). Гэта тэхналогія нагляднага, сістэмнага, паслядоўнага, лагічнага прадстаўлення, успрымання, перапрацоўкі, засваення, запамінання, аднаўлення і прымянення вучэбнай інфармацыі. Яна развівае інтэлект, звязнае маўленне, мысленне, усе віды памяці. Ужо некалькі гадоў я выкарыстоўваю гэтую тэхналогію і ўпэўнена, што яна зніжае працаёмкасць і павышае эфектыўнасць дзейнасці настаўніка-дэфектолага і навучэнцаў.

Асновай тэхналогіі з’яўляюцца дыдактычныя мнагамерныя інструменты (ДМІ) — логіка-сэнсавыя мадэлі і разумовыя карты. Гэта ўніверсальныя, наглядныя, матэрыялізаваныя паняційна-вобразныя мадэлі мнагамернага прадстаўлення ведаў, якія праграмуюцца. Іх можа ствараць як настаўнік, так і навучэнцы.

На думку распрацоўшчыка В.Э.Штэйнберга, дыдактычныя мнагамерныя інструменты служаць “знешняй памяццю” мозга, звязваюць паміж сабой унутраны і знешні план дзеянняў, дазваляюць кіраваць працэсам перапрацоўкі інфармацыі, структуруюць інфармацыю ў форме, зручнай для ўспрымання і аналізу, дазваляюць выяўляць адносіны і сувязі паміж аб’ектамі і з’явамі знешняга свету.

У сваёй рабоце я часцей за ўсё выкарыстоўваю навучальныя, абагульняючыя і кантрольныя разумовыя карты і ЛСМ. Навучальныя ДМІ запаўняюцца дзецьмі падчас засваення вучэбнага матэрыялу. Прычым гэтае засваенне можа адбывацца ў працэсе гутаркі, работы з тэкстамі і г.д. Абагульняючыя ўяўляюць сабой цэласны прадукт. Іх можна прапаноўваць навучэнцам для самастойнай работы, выкарыстоўваць на этапе замацавання ведаў. Кантрольныя — гэта ДМІ для параўнання навучэнцамі сваіх распрацовак з распрацоўкамі настаўніка.

Знаёміць дзяцей з МДТ, на маю думку, лепш у некалькі этапаў. На першым я прапаную навучэнцам ЛСМ і разумовыя карты як наглядны дапаможнік для замацавання, паўтарэння, асэнсавання новага матэрыялу. Яны максімальна шырока ахопліваюць і фармулююць з’яву, паняцце, тэму і г.д. Характарыстыка гуку [д], у выглядзе ЛСМ, выглядае так:
На другім этапе засваення тэхналогіі разам з навучэнцамі складаем паняційна-вобразныя мадэлі. Пры гэтым, безумоўна, прытрымліваюся паэтапнасці, пакрокавасці падачы інфармацыі. Мадэлі ў гэтым выпадку маюць незавершаныя дарожкі, што дазваляе дзецям самастойна выбіраць. Напрыклад, разумовая карта “Рэжым дня”.

На трэцім этапе вялікім дасягненнем для навучэнцаў будуць спробы складання ўласных ЛСМ і разумовых карт на зададзеную тэму. Разумовая карта, складзеная самастойна, дае большы эфект, лепш запамінаецца, чым “чужая”, таму што кожная “дарожка” і існуючая на ёй інфармацыя — плён самастойнай работы дзіцяці. Навучэнцы, маючы вопыт складання карт, актыўна бяруцца за парную (групавую) работу, абмяркоўваюць і адбіраюць неабходны матэрыял. Калі запаўняем, напрыклад, ЛСМ для апісання гуку мовы, дзе недапушчальна свабоднае трактаванне яго характарыстыкі (ротавы, губна-губны, цвёрды…), то інструкцыя гучыць так: “Запоўні мадэль гуку [б], выбраўшы з прапанаваных картак тыя, што падыходзяць”. Пры самастойным стварэнні паняційна-вобразных мадэлей навучэнцы не толькі працуюць па алгарытме, што аблягчае дзейнасць, але і вучацца аргументаваць, знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі і адносіны.
Пры наяўнасці такіх інструментаў значна спрашчаецца падрыхтоўка да заняткаў, сістэматызацыя і абагульненне вывучанага матэрыялу, тэматычнае паўтарэнне, больш дакладна фармулюецца дыдактычная мэта заняткаў, з’яўляецца магчымасць прадставіць вялікі аб’ём вучэбнага матэрыялу ў выглядзе нагляднай і кампактнай разумовай карты або ЛСМ. МДІ змяшчаюць прыклады прымянення ведаў з уласнага жыцця дзяцей, такім чынам яны выконваюць не толькі адукацыйныя, але і выхаваўчыя функцыі ў навучанні. Дзякуючы выкарыстанню МДІ, на занятках адбываецца абмен вынікамі дзейнасці навучэнцаў, самасцвярджэнне дзіцяці ў вачах іншых, набываецца ўпэўненасць у сабе.

Але ёсць, на жаль, і пэўныя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца дзеці пры рабоце з МДІ. Гэта падбор апорных вузлоў, ключавых слоў, разгортванне і згортванне інфармацыі. Вырашэнню гэтых праблем дапаможа настаўнік-дэфектолаг, які з’яўляецца “правадніком і паказальнікам у свеце вобразаў і асацыяцый”.

Думаю, настаўнікі-дэфектолагі звернуць увагу на гэтую тэхналогію, якая дае магчымасць падаваць матэрыял наглядна і ў сістэме, развіваючы самастойнасць і аўтарскую пазіцыю навучэнцаў.

Наталля КАМІНСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 1 Смаргоні.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *