“Мне падабаецца тое, што я раблю”

- 11:05Навіны рэгіёнаў

ХІХ Абласны конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект” прайшоў на базе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. На мерапрыемстве юныя аматары паказалі ўсё, на што яны здольныя (пачынаючы з адкрыцця зорак і заканчваючы механізаванай сістэмай кропельнага палівання кактуса).

Конкурс мае багатую гісторыю. Пагадзіцеся, тое, што “ТэхнаІнтэлект” праводзіцца на працягу дзевятнаццаці гадоў, толькі падкрэслівае яго актуальнасць і важнасць. Гэты год паказаў, што пашыраюцца нават геаграфічныя рамкі спаборніцтва да ўдзельнікаў далучылася каманда з Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Асноўнай мэтай мера-прыемства з’яўляецца, канечне, магчымасць для вучняў паказаць свае вынаходкі ці праекты. Таленавітая моладзь Гомельскай вобласці можа ў поўнай меры прадэманстраваць здольнасці і атрымаць кваліфікаваную ацэнку кампетэнтнага журы.

Сёлетні “ТэхнаІнтэлект” уразіў разнастайнасцю праектаў. Кожная вынаходка, сапраўды, заслугоўвала ўвагі і больш глыбокага азнаямлення з боку журы. Ацэначная камісія, якая складалася з выкладчыкаў факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій ГДУ імя Францыска Скарыны, засыпала юных даследчыкаў пытаннямі, цікавілася ўсімі дэталямі іх праектаў. Думаю, гэта добры паказчык узроўню падрыхтоўкі вучняў і іх навуковых кіраўнікоў.

“ТэхнаІнтэлект” — цудоўная магчымасць для навучэнцаў прэзентаваць не толькі работы, але і цікавыя думкі. Падчас абароны работ удзельнікам прапанавалі пайсці ў адну з секцый: “Тэхнічнае мадэляванне”, “Тэхнічнае канструяванне”, “Радыёэлектроніка, электратэхніка і энергетыка”, “Робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”, “Навуковыя даследаванні і эксперымент, астраномія”, “Інфарматыка і праграмаванне, вылічальная тэхніка”. У кожнай секцыі была асаблівая атмасфера, вучні дзяліліся вопытам і ідэямі. Міхаіл Сасноўскі, удзельнік “Мультымедыйных тэхналогій”, расказаў, што на конкурс трапіў выпадкова: “Я стварыў свой праект даўно, таму што ўжо год працую з 3D-прасторай. Хоць і вучуся я ў школе з мастацкім ухілам, маляваць у камп’ютары значна цікавей”. Таксама Міхаіл расказаў, што “ТэхнаІн-тэлект” для яго не канчатковая мэта: “Не вельмі важна, прайду я далей на рэспубліканскі этап ці не. Галоўнае — мае новыя ідэі для ўдасканалення таго, што ёсць ужо зараз. Мне падабаецца тое, што я раблю, таму спыняцца не збіраюся”. Здаецца, большасці ўдзельнікаў такая пазіцыя блізкая.

Алена Мартынава, адна з арганізатараў, а таксама трэнер каманды навучэнцаў Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, расказала, што амаль сямнаццаць гадоў рыхтуе дзяцей для гэтага конкурсу. “Колькі ўжо працую з імі, але ніколі не слухаю абарону работ. Проста не магу, нерваў не хапае!” (Смяецца.) Алена Георгіеўна падзялілася, што ў гэтым годзе напісала для навучэнцаў новую праграму “Лічбавая лабараторыя”, якая дапамагае дзецям вывучаць адразу некалькі дысцыплін: “Гэта чатыры ў адным — на аснове электронікі, механікі, праграмавання і 3D-мадэлявання. “Лічбавую лабараторыю” дзеці праходзяць за адзін год. Гэта значыць, што яны вывучаюць усе магчымыя тэхналогіі. Канечне, такое засваенне не вельмі глыбокае, аднак дзеці потым могуць выбіраць, што ім сапраўды падабаецца. Напрыклад, нехта — музыкант, і яму хочацца працаваць з аўдыяпрыладамі, хтосьці любіць мікрасхемы… Кожны знаходзіць цікавае для сябе і пачынае ствараць тое, што яму патрэбна ў жыцці”. Падчас размовы да Алены Георгіеўны падышлі хлопцы, якія некалі ўдзельнічалі ў “ТэхнаІнтэлекце”, а зараз прыйшлі падтрымаць любімага трэнера і яго каманду. Навуковы кіраўнік з гонарам расказвала пра дасягненні сваіх ужо дарослых вучняў. Таксама Алена Георгіеўна заўважыла, што не абавязкова нарадзіцца выдатным радыёфізікам або канструктарам, бо ўсяму можна навучыцца, галоўнае — жаданне і працавітасць.

“ТэхнаІнтэлект” дае вучням не толькі магчымасць паказаць свае ўменні, але і даведацца нешта новае. Толькі калі ты стараешся і працуеш, атрымліваюцца сапраўды дзівосныя рэчы. Пераможцы гэтага года атрымалі дыпломы і натхненне на новыя праекты.

Аляксандра КАМКО.
Фота аўтара.