“Мне важна было знайсці сябе там, дзе я радасны і шчаслівы”

- 12:43Людзі адукацыі

Педагагічны стаж пераможца конкурсу  “Настаўнік года — 2020” невялікі — 7 гадоў. Але Вадзім Алегавіч з тых педагогаў, прафесіяналізм якіх вызначаецца не гадамі працы, а энтузіязмам і вялікім жаданнем увесь час развівацца і ўдасканальвацца. Вадзім Лосеў сапраўды вучыцца кожную хвіліну, але гэта не азначае, што ён нешта чытае ў рэжыме нон-стоп (хоць і не без гэтага). Ён заўсёды ўважліва слухае, глядзіць, аналізуе, часта дзейнічае інтуітыўна. А прафесійная інтуіцыя — ключ да поспеху. І перамога настаўніка геаграфіі сярэдняй школы № 19 Гомеля Вадзіма Лосева ў конкурсе “Настаўнік года” — яркае пацвярджэнне гэтага.

У педагогіку трапіў невыпадкова

— Мая прафарыентацыя была праведзена ў раннім узросце. Мама Вольга Фёдараўна — педагог. Яна настаўніца пачатковых класаў.  Тое, што мне падабаецца геаграфія, я зразумеў у 6 класе, дзякуючы сваёй настаўніцы Вользе Іванаўне Мітраховіч. Я, праўда, не ўсведамляў, як гэтую любоў можна будзе прымяніць у далейшым жыцці. Але мае бацькі даволі ліберальных поглядаў на жыццё, таму не будавалі адносна маёй прафесійнай будучыні ніякіх планаў. Яны лічылі, што для чалавека самае галоўнае — унутраная гармонія. Няма дрэнных і добрых прафесій, бо ў любой можна дасягнуць поспехаў. Менавіта такая ўстаноўка бацькоў спрыяла таму, што я імкнуўся знайсці свой жыццёвы і прафесійны баланс. Мне важна было знайсці сябе там, дзе мне камфортна (дзе я радасны і шчаслівы) і ёсць магчымасці для развіцця.

Увесь час пашырае прафесійныя гарызонты сваіх вучняў

— Цяпер, праводзячы прафарыентацыйныя гутаркі са сваімі вучнямі, я кажу: трэба ісці ад адваротнага і пачынаць з пытання самому сабе: што ў гэтым жыцці я больш за ўсё не люблю? Мяне, напрыклад, нервуе і раздражняе офісная работа. У якасці юрыста або эканаміста я сябе ніколі не бачыў. А вось работа ў школьным інтэлектуальным асяроддзі з пастаяннай зменай карцінкі, мультызадачнасць мяне вельмі натхняюць.

На выбар геаграфіі паўплывала шматвектарнасць гэтага прадмета. Геаграфія — гэта навука, якая звязана з матэматыкай, гісторыяй, літаратурай, біялогіяй, сацыялогіяй. На геа­графіі завязаны ўвесь комплекс метапрадметных сувязей, што дапамагае развіваць дзіця і рухаць яго па адукацыйнай лесвіцы. Палеагеаграфія (гістарычная геаграфія), сацыяльна-эканамічная геаграфія, дэмаграфія, рэльеф, рэкі і азёры Беларусі — кожны знойдзе штосьці сваё ў вывучэнні геаграфіі. А ў кліматалогіі, мэтэаралогіі закладзены вялікі патэн­цыял для развіцця.  

З маёй універсітэцкай групы далёка не ўсе сталі настаўнікамі геаграфіі, але ўсе так ці інакш працуюць з гэтым прадметам. Хтосьці эколагам ці турыстычным аператарам (агентам), некаторыя працуюць у запаведніках і заказніках. Геаграфія — настолькі шырокі прадмет, што, сапраўды, кожны зможа ў ім знайсці сваю нішу. Адна мая былая вучаніца стала сцюардэсай, але плануе атрымаць вышэйшую адукацыю на геолага-геаграфічным факультэце. Глабалізацыя, адкрытасць свету гавораць пра тое, што калі ты гарыш сваёй справай, адчуваеш да яе запал, то яе даволі лёгка манетызаваць.

Урокі геаграфіі вядзе з 6 па 11 клас, што дазваляе бачыць усю панараму

— Я добра памятаю свой першы ўрок. Гэта быў 11 клас у вясковай школе, у якім за партамі сядзелі 7 чалавек. Тады я зразумеў, што дзецям не хапае зносін — не маналогу настаўніка, а дыялогу з дапамогай пытання “Як ты думаеш?”. Запатрабаваным стаў праблемны метад навучання. Я зразумеў, што з вучнямі трэба дыскутаваць. Толькі ў гэтым выпадку развіваецца крытычнае мысленне, інтэлект і логіка.

З аднаго боку, педагогіка — гэта творчасць, а з другога — методыка. Разам з тым яна дазваляе настаўніку быць варыятыўным. А гэта менавіта тое, што мне патрэбна, бо я павінен бачыць, куды мы з вучнямі рухаемся. І калі на адным уроку мая метадычна-арганізацыйная прапанова не спрацавала, то на другім я ўсё памяняю: методыку, падыход, форму — поўнасцю перавярну ход урока. Тут метадычную значнасць набывае інтуіцыя і мэтапастаноўка. Важна, каб мэты настаўніка супадалі з вучнёўскімі. Напрыклад, калі на ўроку разглядаюцца карысныя выкапні, то педагагічнай мэтай можа быць вывучэнне карысных выкапняў, а вучнёўскай — прымяненне на практыцы ведаў пра карысныя выкапні. Тады пры арганізацыі ўрока лепш ісці за вучнёўскай мэтай.

Калі ў клас я прыходжу з урокам-загатоўкай, то няма ні­якай гарантыі, што ён пройдзе па плане. А ўжо тое, што адзін і той жа ўрок у паралелі ні разу не паўторыцца, факт неаспрэчны. Сёння, каб быць эфектыўным, трэба быць мабільным і ведаць як мага больш розных метадаў і прыёмаў. Адукацыя праз усё жыццё пастаянна напаўняецца новымі сэнсамі, бо мы ўвесь час рушым наперад.

Разам з тым трывалая тэарэтычна-метадычная база — аснова любога ўрока. Тут я заўсёды ўспамінаю мастакоў-экспрэсіяністаў або авангардыстаў, якія  атрымалі класічную мастацкую адукацыю. Калі гаварыць канкрэтна пра маю методыку, то штосьці я пераняў у сваіх калег на шматлікіх май­стар-класах, а штосьці прыдумаў сам.

Робіць практычную адаптацыю геаграфічных ведаў

— Пры фармулёўцы мэт урока найперш зыходжу з практыкаарыентаванасці, бо разуменне куды лепшае за завучванне. Напрыклад, калі тэма ўрока “Дэмаграфія”, то мы можам пагаварыць пра пенсіі і пенсіённы фонд (як ён фарміруецца, якія можна зрабіць прагнозы на будучыню). Такім чынам, наша вучэбная гаворка бу­дзе вясціся на аснове канкрэтных жыццёвых паняццяў, магчыма, далёкіх, але дастаткова вядомых, якія датычацца кожнага.

Або, напрыклад, у 9 класе вывучаецца прыроднае раяніраванне. Беларусь — невялікая краіна, але вобласці і фізіка-геаграфічныя раёны вельмі адрозніваюцца паміж сабой. Не столькі Гродзенская вобласць адрозніваецца ад Брэсцкай, колькі фізіка-геаграфічны раён усходняй Беларусі адрозніваецца ад Палесся. Мы гаворым пра тое, наколькі Беларусь розная і як важна падарожнічаць па роднай краіне, каб уба­чыць розны рэльеф, геалагічную будову і культуру.

Матывуе з дапамогай эмоцый

— Колькі не гутару са сваімі былымі вучнямі, ні­хто з іх не памятае пэўных геаграфічных тэрмінаў ці паняццяў. Яны памятаюць факты і эмоцыі, якія ўзні­калі падчас урокаў. Безумоўна, ёсць базавыя геаграфічныя веды, якія павінны быць у кожнага адукаванага чалавека. Я заўсёды жартую са сваімі школькамі і гавару, што вось гэтую тэму вы абавязкова павінны ведаць, каб адказаць на пытанні YouTube-блогераў, у якіх, дарэчы, вельмі папулярнымі з’яўляюцца пытанні школьнай праграмы накшталт “Колькі на зямлі кантынентаў або акіянаў?”. Увогуле геаграфічны кантэнт з’яўляецца самым запатрабаваным у інтэрнэце, асабліва ў асяроддзі трэвел-блогераў і б’юці-блогераў. Нельга не лічыцца з тым, што Animal Planet глядзяць 2 млрд чалавек на зямлі.

Гуляе з усімі

— Пры фарміраванні асноўнага зместу ўрокаў вялікае значэнне набывае ўзроставая псіхалогія. У дзяцей рознага ўзросту розныя вучэбныя патрэбы. Калі з дарослымі дзецьмі трэба весці дыялог і дыскутаваць, то для меншых ідэальна падыходзіць гульня. Калі вучні 9—11 класаў на жыццё гля­дзяць ужо больш рэальна і ім блізкія негатыўныя эмоцыі, то навучэнцы 6—8 класаў больш схільныя да пазітыўных эмоцый. У сувязі з гэтым у 9—11 класах мы шукаем мінусы пэўных сітуацый, разглядаючы праблемы, а ў 6—8 класах абмяр­коўваем плюсы, звяртаючыся да рашэнняў праблем.

Калі старшакласнікі гатовы да дыялогу, то малодшыя вучні гатовы атрымліваць інфармацыю. Трэба толькі прыдумаць, у якой форме яе прадставіць. І я прыдумаў, натхніўшыся найперш работай гомельскага клуба “Што? Дзе? Калі?” “Белая рысь”, “Мазгабойняй” і іншымі інтэлектуальнымі гульнямі, якія існуюць на нашым тэлебачанні. Гульнявы фармат насамрэч прымянімы ва ўсіх класах. Адзінае пытанне — дазіроўка: як і на якіх этапах урока ён мэтазгодны. Напрыклад, каб зацікавіць дзяцей такой тэмай, як “Афрыка”, можна звярнуцца да вырабу медыяазбукі, якая дапаможа ад агульных ведаў прыйсці да ўнікальных.

Інтэлектуальныя гульні дазваляюць і стымуляваць, і ацэнь­ваць. Напрыклад, з дапамогай “Сваёй гульні” можна правяраць дамашняе заданне або ступень засваення ведаў на канкрэтным уроку (правесці рэфлексію). Яшчэ гульні дапамагаюць адаптавацца да стрэсавых сітуацый. Я лічу, што лепш дзеці будуць вучыцца пераадольваць стрэс на ўроку ў кантралюемых умовах, чым пасля сутыкнуцца з ім на выпускным экзамене ці падчас здачы ЦТ. Інтэлектуальныя гульні робяць вучняў стрэсаўстойлівымі.

Абнаўляе метадычны кантэнт

— Апошнім часам я перастаў выкарыстоўваць дыферэнцыраваныя індывідуальныя заданні. Звычайна такія заданні прымяняюцца або для тых вучняў, якія ідуць на апярэджанне, або для стымуляцыі адстаючых. Але яны дэматывуюць паспяховых дзяцей. Тут, па маіх назіраннях, спрацоўвае нейкі дзіўны псіхалагічны механізм, калі вучні не хочуць вылучацца інтэлектам, чым яны ўжо і так адметныя. Каб пазбягаць такога дыскамфорту ў іх асяроддзі, я перайшоў на іншы від дыферэнцыяцыі — выкарыстанне прынцыпу “роўны навучае роўнага”. Гэта дае магчымасць падцягнуцца непаспяваючым і замацаваць веды больш паспяховым вучням.

Выкарыстоўваю на ўроках гульнявую блочна-модульную сістэму, калі пасля кожнага блока атрыманыя ачкі пераво­дзяцца ў прамежкавыя балы. Дарэчы, на конкурсе я будаваў па такой сістэме свой урок-загатоўку. Кожны блок меў пэўны кошт. Напрыклад, калі вы правільна адказалі на пытанні “Сваёй гульні”, то можаце атрымаць плюс 150 балаў або, калі наадварот, мінус 150 балаў (у блоку можа быць 5—10 пытанняў, за якія можна атрымаць ад 10 да 50 балаў). Шкалу пераводу можна прадумаць разам з дзецьмі, арганізаваўшы камандную работу (адна з актуальных кампетэнцый). І тут, дарэчы, адначасова можна паўтарыць вуснае лічэнне, успом­ніць дадатныя і адмоўныя лікі.

“Дзясяткі” ставіць за ўменне дыскутаваць

— Ацэньваць веды неабходна на кожным уроку. І тут гаворка ідзе найперш пра слоўнае ацэньванне, калі вы падба­дзёрваеце сваіх вучняў, натхняеце іх простымі словамі: “малайчына”, “так трымаць”, “ты добра пастараўся”, “выдатна”. А адзнакі можна ставіць за выкананне канкрэтных заданняў, напрыклад, такіх класічных, як работа з контурнымі картамі, кантрольная, практычная работа, тэст, а таксама за геаграфічны дыктант.

Педагог можа карыстацца як сваёй сістэмай ацэньвання (на аснове інтэлектуальных гульняў), так і класічнай. Прынамсі, я часта звяртаюся да работы з контурнымі картамі. Гэта геніяльная метадычная прыдумка, гэтакая размалёўка для дарослых дзяцей. Увогуле геаграфія дае шырокую пра­стору для розных форм работы, чым я і карыстаюся.

А дзясяткі стаўлю за ўменне дыскутаваць, адстой­ваць свой пункт гледжання. Зразумела, пры змястоўнай аргументацыі. І я гатовы прызнаваць свае памылкі падчас такіх дыскусій з дзецьмі. Калі вучань прадставіў поўную доказную базу, то ён дастойны самай высокай узнагароды. Тут важна злезці з педагагічнага п’едэстала і прызнаць правату школьніка. Гэта нармальна і ніяк не дыскрэдытуе настаўніка.

Дэманструе зразумелыя педагагічныя намеры

— Настаўніку вельмі важна зразумець сябе і свае педагагічныя патрэбы. Гэта проста неабходна, каб будаваць пэўныя межы як для сябе, так і для сваіх вучняў. У кожнага свая ступень адказнасці: вы аддаяце веды, дзеці прымаюць іх. Мне як настаўніку нельга быць крывадушным. Я ліберал і практыкую дэмакратычны падыход у выкладанні. Гэта няпроста, бо лібералаў увесь час выпрабоўваюць. У сувязі з гэтым неабходна вучыць дзяцей быць адказнымі за свае ўчынкі і дзеянні. Калі, напрыклад, вы прыйшлі на апошні ўрок у чвэрці без дамашняга задання, то будзьце гатовыя адказаць за гэта адпаведнымі адзнакамі. Разам з тым вельмі важна, каб дзеці разумелі вашы педагагічныя магчымасці і намеры, што да­зволіць ім пазбягаць псіхалагічных траўм.

Вялікім плюсам ліберальнага стылю выкладання з’яў­ляюцца сяброўскія зносіны з вучнямі (не прыяцельскія), якія дапамага­юць наладзіць дыялог. Калі вы адчуваеце ў адносінах да настаўніка пазітыўныя эмоцыі, то вам будзе хацецца ў яго вучыцца. Тут на дапамогу прыходзіць эмацыянальны інтэ­лект — навыкі і здольнасці чалавека распазнаваць эмоцыі, разумець намеры, матывацыю і жаданні іншых людзей і свае ўласныя, а таксама здольнасць кіраваць сваімі эмоцыямі і эмоцыямі іншых людзей у мэтах вырашэння практычных задач. Мне вельмі прыемна, калі пасля ўрокаў дзеці дзеляцца сваімі эмоцыямі і адзнача­юць радасць ці задавальненне, якія яны перажылі падчас урока. Або, наадварот, дэманструюць нейкую незадаваленасць. Я ўвесь час імкнуся дзяліцца сваімі эмоцыямі і ў кашальку словы падзякі і гордасці за сваіх вучняў не захоўваю. Нам усім неабходна вучыцца прымаць радасць, бо, як правіла, у дзяцінстве нас вучаць прымаць толькі няшчасце.

Хвалюецца за сістэму адукацыі

— Балючай кропкай сучаснай сістэмы адукацыі з’яўляюцца адносіны  школы і бацькоў. Сёння бацькі практычна ўсе свае абавязкі пераклалі на школу. Гэта абсалютна няправільна, бо такім чынам яны губляюць сваю выхаваўчую матывацыю. Мы гаворым пра сямейныя каштоўнасці і традыцыі, але іх, па вялікім рахунку, фарміруе школа. Асноўная задача школы — навучыць. Выхоўваць — задача сям’і. Школа — гэта пра інтэлект, а сям’я — пра шчасце.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.