Многагалоссе? Шматвектарнасць? Полікультурнасць!

Пытанні самарэалізацыі педагога і навучэнца ў полікультурнай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі абмеркавалі ўдзельнікі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Грамадства”, якая адбылася ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Актуальнасць выбранай тэмы пацвердзілася колькасцю, геаграфіяй і прафесійным складам удзельнікаў. Свае даследаванні прадставілі прафесары ўніверсітэтаў і школьныя настаўнікі, кіраўнікі сістэмы адукацыі з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, Малдовы, Казахстана.
Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін адзначыў, што навукова-практычная канферэнцыя, што ладзіцца ў ІРА на працягу дзесяці гадоў, стала аўтарытэтнай пляцоўкай абмену вопытам і выпрацоўкі стратэгіі развіцця адукацыі, у тым ліку і ў полікультурным асяроддзі, што актуальна сёння для ўсіх краін. Вітальную тэлеграму ўдзельнікам навуковага форуму даслаў старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сягоднік, у якой адзначыў вялікую ролю канферэнцыі ў развіцці педагагічнай думкі Гродзеншчыны.— Праблема асэнсавання самарэалізацыі асобы мае глыбокія карані, — гаворыць рэктар ГрАІ РА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Сяргейка. — І сёння праблемным застаецца пытанне аб тым, як арганізаваць жыццё дарослага чалавека, а менавіта маладога педагога, каб самарэалізацыя з патэнцыяльнай магчымасці, якая ёсць у кожнага, стала рэальнасцю для максімальна большай колькасці людзей. З гэтай мэтай інстытут рэалізуе некалькі кірункаў дзейнасці. Створана сеткавае ўзаемадзеянне, праз якое наладжана сувязь з цьютарам, які дапамагае маладому педагогу сфармуляваць задачу па прафесійнай самарэалізацыі на аснове выяўленых дыягностыкай педагагічных цяжкасцей. Працуюць школы маладога педагога, штогод праводзіцца фестываль педагагічных ідэй, арганізоўваюцца спецыяльныя курсы павышэння кваліфікацыі, дзе маладыя педагогі авалодваюць прадукцыйнымі тэхналогіямі.
— Наш універсітэт носіць імя Льва Мікалаевіча Талстога, і педагагічнае крэда вялікага пісьменніка пераклікаецца з заяўленай тэмай канферэнцыі, — гаворыць доктар педагагічных навук, прафесар, загадчык кафедры псіхалогіі і педагогікі прафесійнай адукацыі Тульскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Л.М.Талстога Іна Фядоценка. — На жаль, у сённяшняй сітуацыі настаўнікі не заўсёды гатовы працаваць у класе, дзе вучацца дзеці розных канфесій, нацыянальнасцей і культур. Мы павінны падрыхтаваць будучых педагогаў да працы ў такіх умовах, бачыць і папярэджваць канфлікты.
З цікавым вопытам полікультурнага навучання азнаёмілі ўдзельнікаў канферэнцыі прадстаўнікі сістэмы адукацыі Малдовы, дзе школьнікі з 1 па 9 клас вывучаюць прадмет “Гісторыя, культура, традыцыі народаў, якія насяляюць Малдову”.
Аб полікультурнай і міжкультурнай адукацыі, міжкультурным дыялогу ў сферы адукацыі, самарэалізацыі педагога і вучнёўскай моладзі ў працэсе ўзаемадзеяння ў полікультурным адукацыйным асяроддзі гаварылі прафесар загадчык кафедры педагогікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Віктар Таранцей, прафесар кафедры сацыяльнай і дыферэнцыраванай псіхалогіі Расійскага ўніверсітэта Дружбы народаў Вячаслаў Казарэнкаў, доктар гуманітарных навук выкладчык кафедры аксіялагічных асноў адукацыі Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта (Польшча) Аліцыя Іаанна Сегень-Матыевіч. Аб павышэнні кваліфікацыі і ацэнцы прафесійнай кампетэнтнасці педагогa ў сучаснай Літве расказала доктар сацыяльных навук, дацэнт, лектар кафедры даследавання дзяцінства Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэта Она Петраніене.
Пленарнае пасяджэнне завяршылася ў анлайн-рэжыме. Менавіта так на сувязь выйшлі прадстаўнікі Казахскага агратэхнічнага ўніверсітэта імя С.Сейфуліна, якія расказалі аб сучасным стане вышэйшай адукацыі і асаблівасцях арганізацыі полікультурнага адукацыйнага асяроддзя і спецыфіцы адукацыі ў Казахстане.Работа канферэнцыі працягнулася ў секцыях “Самарэалізацыя асобы ў полікультурнай адукацыйнай прасторы: тэарэтыка-метадалагічныя аспекты”, “Патэнцыял полікультурнай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі і яго роля ў развіцці асобы: ад тэорыі да практыкі”, “Выкарыстанне адукацыйных тэхналогій у самарэалізацыі асобы”. Яшчэ адной рысай канферэнцыі стаў актыўны ўдзел у ёй педагогаў школ, ліцэяў, гімназій, дашкольных устаноў адукацыі Гродзеншчыны. Так, педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 33 Гродна Галіна Заводнік прадставіла даследаванне “Ацэнка гатоўнасці педагагічнага калектыву да інавацыйнай дзейнасці па ўкараненні мадэлі фарміравання крос-культурных кампетэнцый вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, “Фарміраванне полікультурнай асобы школьнікаў сродкамі літаратурнай адукацыі” — тэма даклада настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы г.п.Мір Карэліцкага раёна Алены Смольскай, педагог сацыяльны сярэдняй школы № 2 Бярозаўкі Лідскага раёна Настасся Піроцкая вывучала эфектыўныя формы і метады арганізацыі ўзаемадзеяння педагагічных работнікаў з дзецьмі-мігрантамі і іх сем’ямі.
Мела канферэнцыя і практычную частку. Былі арганізаваны тры майстар-класы. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД № 97 Гродна Эла Новікава азнаёміла з выкарыстаннем асобасна арыентаваных педагагічных тэхналогій у развіцці даследчай актыўнасці дзяцей дашкольнага ўзросту, дырэктар ліцэя № 1 Гродна Ігар Маслаў расказаў аб фарміраванні цікавасці школьнікаў да педагагічнай прафесіі. Метадам пясочнай тэрапіі, з дапамогай якой можна навучыцца пераадольваць негатыўны эмацыянальны стан, развіваць даследчую актыўнасць, вучыла старшы выкладчык кафедры псіхалогіі і педагогікі дзяцінства ГрДУ імя Янкі Купалы Наталля Касцюк.
Цікавая размова не толькі па тэме канферэнцыі, але і аб шляхах супрацоўніцтва адбылася падчас круглага стала, які арганізаваў інстытут развіцця адукацыі. Як расказала Святлана Сяргейка, падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з Тульскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Л.М.Талстога. У наступным годзе пачнецца рэалізацыя двух сумесных праектаў па праблеме самарэалізацыі педагога з Літоўскім эдукалагічным універсітэтам, а з украінскімі калегамі дамовіліся аб правядзенні сумеснай міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая будзе прысвечана пытанням тэхналогій адукацыі. З кафедрай педагогі Казахскага агратэхнічнага ўніверсітэта імя С.Сейфуліна абмеркавалі тэматыку публікацый. Прадстаўнікоў Малдовы зацікавіў вопыт інстытута па метадычным суправаджэнні мерапрыемстваў шостага школьнага дня.
У найбліжэйшы час лекцыі па педагагічнай анімацыі ў ІРА прачытаюць прадстаўнікі Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта. А ў дні правядзення канферэнцыі ўжо прачытаў лекцыі на курсах павышэння кваліфікацыі прафесар кафедры сацыяльнай і дыферэнцыраванай псіхалогіі Расійскага ўніверсітэта Дружбы народаў Вячаслаў Казарэнкаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.