Многія выбаршчыкі прывыклі ўжо галасаваць датэрмінова

У першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў Беларусі прагаласавалі 4,44 працэнта грамадзян, унесеных у спісы выбаршчыкаў. Аб гэтым паведамілі ў ЦВК.

У Брэсцкай вобласці 13 лютага прагаласавалі 3,4 працэнта выбаршчыкаў, у Віцебскай — 4,73 працэнта, у Гомельскай — 4,18 працэнта, у Гродзенскай — 3,86 працэнта, у Мінскай — 4,09 працэнта, у Магілёўскай — 4,68 працэнта і ў Мінску — 5,76 працэнта.

Датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання пачалося 13 лютага. Адкрыліся 5620 участкаў, у асноўны дзень выбараў іх будзе на 250 больш. Прагаласаваць датэрмінова можна будзе па 17 лютага ўключна з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Як растлумачылі ў Цэнтрвыбаркаме, такое права прадастаўлена выбаршчыкам, якія ў дзень выбараў не будуць знаходзіцца па месцы свайго жыхарства. Пры гэтым афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці прыйсці на ўчастак для галасавання ў дзень выбараў не патрабуецца. Тым, хто 18 лютага будзе за мяжой, у ЦВК рэкамендуюць пры наяўнасці магчымасці прагаласаваць датэрмінова, паколькі ў адрозненне ад выбараў прэзідэнта і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на выбарах у мясцовыя Саветы стварэнне ўчасткаў для галасавання за межамі краіны не прадугледжана.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў эксклюзіўным інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” заявіла, што прагназуе высокую яўку выбаршчыкаў у час датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. “Звычайна ў нас каля 30 працэнтаў выбаршчыкаў прыходзяць галасаваць датэрмінова. Думаю, што нічога не зменіцца і на гэты момант. Мы дзесьці на такую лічбу і выйдзем. Можа, гэта будзе 25 працэнтаў, можа, 32 працэнты. Цяжка сказаць”, — выказала меркаванне Лідзія Ярмошына.

Яна адзначыла, што многія выбаршчыкі прывыклі ўжо галасаваць датэрмінова. Кіраўнік Цэнтрвыбаркама сама таксама будзе па традыцыі галасаваць датэрмінова.

Мясцовыя выбары ў Беларусі назначаны на 18 лютага. Кандыдатамі ў дэпутаты, паводле апошніх даных, зарэгістраваны больш за 22,2 тысячы чалавек. Увогуле паміж удзельнікамі кампаніі будзе размеркавана крыху больш за 18 тысяч мандатаў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *